Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР 

 

 Пасля пажару, які пацягнуў за сабой рамонтныя работы, з 15 чэрвеня адкрыў дзверы магазін “Мінскі край” у Валожыне.

Адноўлены столевыя перакрыцці, заменены жалюзі, новым стаў інтэр’ер магазіна. Для рэалізацыі прадукцыі, якая хутка псуецца, закуплена нізкатэмпературная банета. У гандлёвай зале ўстаноўлены тры новыя кандыцыянеры.

Дарэчы, у гэтым месяцы раённае спажывецкае таварыства праводзіла тэндар на закупку і ўстаноўку кандыцыянераў у сельскіх магазінах. Плануецца да канца чэрвеня ўстанавіць кандыцыянер у магазіне аграгарадка Бабровічы. Наступнай будзе гандлёвая кропка ў вёсцы Манькаўшчына.

 Сёлета спаўняецца 550 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінання Ракава. Да гэтай падзеі РУП “Белпошта” падрыхтавала мастацкі маркіраваны канверт, дызайн якога распрацавала мастак Марына Віткоўская. Тыраж канверта – 30 тысяч экзэмпляраў. На ім адлюстраваны галоўныя святыні пасёлка – праваслаўная царква і не так даўно адноўлены касцёл. Паміж імі размешчаны герб Ракава.

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі рэспублікі выпусціла ў абарот памятны спецштэмпель чорнага колеру, які быў выкарыстаны 12 чэрвеня для правядзення спецыяльнага памятнага гашэння ў аддзяленні паштовай сувязі Ракава.

 

 Каля 50 мільёнаў рублёў выдаткавала Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Мінскай вобласці на замену васьмі вокнаў у раённым аддзеле статыстыкі, які размяшчаецца ў будынку па адрасе пл. Свабоды, 4.

Паколькі будынак, некалі належыўшы графу Тышкевічу, з’яўляецца помнікам архітэктуры ХIХ стагоддзя, дазвол на рамонтныя работы быў атрыманы ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Сучасныя вокны падобны на ранейшыя, выраблены па спецыяльных эскізах. На іх устаноўку спатрэбілася дзесяць дзён. Асноўны рамонт кабінетаў аддзела быў зроблены ў 2010-2011 гадах.

 

 27 чэрвеня ў Ашмянах пройдзе ХVII Рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля”.

Гонар нашага раёна на конкурсе будуць абараняць 6 спевакоў рознага ўзросту. 9-гадовая Мілана Соніч пражывае ў Маладзечне, але карані яе сям’і з Валожыншчыны. 12-гадовы Андрэй Нядзвецкі і 16-гадовы Ілля Нойкін – вучні Івянецкай сярэдняй школы, 16-гадовая Дар’я Бразоўская вучыцца ў гімназіі № 1 Валожына. Юлія Скурко (21 год) – выкладчыца Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў, а Павел Кузіч (28 гадоў) пражывае ў экапасёлку “Росы” ў нашым раёне. Большасць выканаўцаў – пастаянныя ўдзельнікі раённых канцэртаў, прысвечаных розным падзеям і датам. Пажадаем ім новых перамог і пакарэння творчых вяршынь!

 

 19 членаў калектыву раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і члены іх сем’яў па прапанове галоўнага ўрача Аляксандра Дубовіка сваё прафесіянальнае свята вырашылі адзначыць экскурсіяй па роднай Беларусі.

За суботні дзень яны накалясілі 680 кіламетраў па Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Першым прыпынкам стаў Навагрудак, затым былі Любча, Ружаны, Пружаны, Бяроза, Косава, дзе азнаёміліся з гістарычнымі помнікамі, наведалі храмы, палацы і замкі. Апошнім у маршруце быў Жыровіцкі манастыр.

 

 Для навучэнцаў Валожынскага прафесіянальнага сельскагаспадарчага ліцэя пачаўся працоўны семестр.

Работу рамонтна-будаўнічай брыгады фінансуе ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

15 чалавек прыступілі да паклейкі шпалераў у інтэрнаце ліцэя.



Добавить комментарий