Беларусь: падзеи и факты

Официально

ТЭНДЭНЦЫЯ НА ЎМАЦАВАННЕ

Беларусь мае бездакорную крэдытную гісторыю. Аб гэтым заявіў першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Тарас Надольны.

Ён адзначыў, што краіна мае пэўныя абавязацельствы па выплаце знешніх даўгоў, якія прыпадаюць на ліпень, накоплены пэўны аб’ём рэзерваў, каб выканаць свае абавязацельствы. «Што датычыцца Беларусі – у нас бездакорная крэдытная гісторыя. Не было яшчэ ні аднаго выпадку, каб краіна не абслугоўвала свой знешні доўг і не плаціла па даўгах», – сказаў Тарас Надольны. Першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка пракаменціраваў, што вынікам работы бесперапыннага двайнога аўкцыёну, які быў запушчаны Нацыянальным банкам у пачатку бягучага месяца, стаў пераход Беларусі і грашовых улад да механізма, блізкага да існуючага ў асноўных сусветных дзяржавах.

Першы намеснік старшыні Нацбанка адзначыў, што з пачатку дзеяння бесперапыннага двайнога аўкцыёну існаваў пэўны скепсіс і чаканні, што вось-вось курс пачне рухацца ў бок аслаблення. У першыя 10 дзён карзіна ўмацоўвалася адносна рубля і рубель слабеў. А ў апошнія дні ўжо намеці- лася тэндэнцыя на ўмацаванне. Гэта сведчыць аб тым, што курс, які ўтварыўся на валютным рынку ў рамках бесперапыннага двайнога аўкцыёну, можна назваць абсалютна збалансаваным і адэкватным.

 

ВЫСТУПIЛI БЕЗ ПАМЫЛАК

Зборная Беларусі па мастацкай гімнастыцы перамагла ў групавым практыкаванні з шасцю булавамі і двума абручамі на Еўрапейскіх гульнях у Баку.

Беларускі першынствавалі з ацэнкай 17,600 бала, не дапусціўшы ў сваім фінальным выступленні сур’ёзных памылак. На выступленні іх галоўных канкурэнтак расіянак і італьянак паўплывала хваляванне, і гэтыя каманды не толькі дапусцілі прыкметныя памылкі, але зусім засталіся без узнагарод.

Другую пазіцыю заняла зборная Ізраіля (17,500), трэцюю – каманда Украіны (17,150). Раней на Еўрапейскіх гульнях зборная Беларусі ў групавых практыкаваннях (Ксенія Чалдышкіна, Ганна Дудзянкова, Марыя Кадобіна, Аляксандра Наркевіч, Валерыя Пішчэліна, Арына Цыцыліна) стала бронзавым прызёрам па выніках мнагабор’я.

 

ЭКЗАМЕН НА ЧЫСЦIНЮ

Нарачанскія азёры па выніках праведзенага спецыялістамі Гідрамета маніторынгу паверхневых вод увайшлі ў тройку самых чыстых вадаёмаў і вадацёкаў Беларусі.

На першым і другім месцах у гэтым спісе адпаведна частка вадацёкаў басейнаў Заходняй Дзвіны і ракі Нёман. Возера Мядзел Мінскай вобласці – на чацвёртым месцы. У топ-10 таксама ўвайшлі Браслаўскія азёры, азёры Рычы, Абстэрна і Сянно (Віцебская вобласць), Свіцязь (Гродзенская вобласць), а таксама Свір (Мядзельскі раён Мінскай вобласці).

У той жа час спіс самых брудных вадаёмаў краіны па-ранейшаму ўзначальвае Свіслач (у прыватнасці, каля вёскі Каралішчавічы, Мінскі раён). «Менш чыстыя воды заўсёды там, дзе вялікая колькасць насельніцтва і працуюць прамысловыя вытворчасці. Нягледзячы на тое што ў кожнай вобласці ўстаноўлены ачышчальныя збудаванні, поўнасцю ачысціць рэкі і азёры складана і дорага», – адзначыў намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Аляксандр Станкевіч.

На трэцім месцы ў спісе самых брудных адразу пасля ракі Уза (Гомельская вобласць) – Пліса, якая працякае ў раёне Жодзіна. У топ-10 гэтага спіса таксама ўвайшлі рэкі Брэсцкай вобласці (Заходні Буг, Мухавец), рака Уша (знаходзіцца ніжэй за Маладзечна).



Добавить комментарий