«Я люблю сваю работу!»

Общество

“Я люблю сваю работу!”  – такімі словамі пачала нашу гаворку намеснік дырэктара па эканоміцы ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” Алена Іванаўна САДОЎСКАЯ. 

Шлях да пасады не быў прамым і гладкім – Алене Іванаўне давялося не адно месца працы змяніць, пакуль знайшла справу па душы. Тое доўгае шуканне яна дарэмным не лічыць: назапашваліся веды, жыццёвы вопыт. Маючы за плячыма важкі багаж, Алена Іванаўна мае поўнае права сказаць: “Калектыў у райаграпрамтэхніцы дружалюбны, псіхалагічная абстаноўка камфортная.”

Сапраўды, часам спецыялісты прадпрыемства звальняюцца і ўладкоўваюцца, спакушаныя больш высокімі заробкамі, на іншае месца. Але хутка пераконваюцца, што грошы вырашаюць далёка не ўсё, і вяртаюцца.

На прадпрыемстве знайшла сябе Алена Іванаўна яшчэ ў адной іпастасі – яна старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, у склад якой уваходзяць усе 375 членаў працоўнага калектыву. Прафсаюзнае жыццё на ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” насычанае: экскурсійныя паездкі, наведванне культурных і спартыўных мерапрыемстваў, адпачынак для дзяцей, работа па прафілактыцы вытворчага траўматызму і адстойванне інтарэсаў кожнага працуючага. Вялікую дапамогу ў дзейнасці пярвічкі аказвае старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу В. С. Гідлеўскі. Дарэчы, Віктар Станіслававіч і сам фарміраваўся як прафсаюзны лідар менавіта на гэтым прадпрыемстве.

Ды і па прафесійных пытаннях Алене Іванаўне ёсць з кім параіцца: яе папярэдніца, Зінаіда Міхайлаўна Зянько, эканаміст са шматгадовым стажам, заўсёды гатова даць добрую параду.

Цяпер не самы лёгкі перыяд для райаграпрамтэхнікі ў эканамічным плане. Эканоміка “замкнулася” на гаспадарчым судзе. У прымусовым парадку даводзіцца весці ўзаемаразлікі: даўгі спаганяюцца і тут жа аддаюцца крэдыторам ці партнёрам.

Колькі сябе памятае Алена Іванаўна, то свет лічбаў для яе ніколі не быў сумным, наадварот, падаваўся цікавым і прыгожым. А вось васямнаццацігадовая дачка Крысціна інтарэсы маці не падзяляе. Яна – ярка выражаны гуманітарый, вучыцца на другім курсе лінгвістычнага ўніверсітэта.

Алена Іванаўна так характарызуе свой цяперашні ўклад: “Чакаю выхадных з нецярпеннем, каб пабачыцца, пагаварыць з дачкой. А ў панядзелак з радасцю іду на работу. І веру, што ўсё наладзіцца да лепшага…”

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий