Невядомыя старонкi гiсторыi

Культура

(Працяг)

(Чытаць пачатак тут і тут)

Падзеі 17 верасня 1939 года – гэта не толькі вайсковая аперацыя Чырвонай Арміі, але і баі на савецка-польскай мяжы. Паколькі некаторыя прадстаўнікі мірнага насельніцтва Заходняй Беларусі падтрымлівалі польскія войскі ў іх змаганні, а іншыя – нападалі на гэтыя войскі і на службоўцаў мясцовых польскіх органаў самакіравання, то баі часам набывалі характар грамадзянскай вайны.

Напады на польскіх асаднікаў, уцекачоў і землеўладальнікаў не былі рэдкасцю, прычым матывы маглі мець як сацыяльны, так і крымінальны характар.

У атмасферы, калі польскія органы ўлады былі паралізаваныя, органы мясцовага самакіравання нярэдка спрабавалі запоўніць уладны вакуум прыняццем адказнасці на сябе. У Валожыне з асаднікаў, афіцэраў-рэзервістаў і былых чыноўнікаў фарміраваліся атрады міліцыі, якія бачылі сваёй задачай ахову жыхароў горада ад вясковага насельніцтва, якое ўспрымалася імі як варожае. У адказ у вёсках узнікалі ўзброеныя групы, што выступалі супраць польскай улады. У большасці выпадкаў канфлікт завяршаўся толькі пасля захопу тэрыторыі савецкімі войскамі і абязбройвання абодвух бакоў. На гэтай тэрыторыі мусіла мэтанакіравана зацвердзіцца новая савецкая мадэль грамадства, а старыя эліты падлягалі знішчэнню.

Падпісаная СССР і Германіяй 28 верасня 1939 года «Дамова аб сяброўстве і мяжы» замацавала падзел Польшчы.

10 кастрычніка 1939 года паміж Масквой і Коўна была падпісана “Дамова аб перадачы Літоўскай Рэспубліцы горада Вільня і Віленскай вобласці і ўзаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Літвой”. Згодна з гэтай дамовай частка Віленскага краю з горадам Вільня была перададзена Літве. Тэрыторыя Літвы павялічылася на 7,1 тыс. кв. км, насельніцтва – на 490 тысяч жыхароў.

Такі падарунак Літве не быў бясплатным. Узамен Літва дазваляла СССР сумесна ажыццяўляць ахову сваёй дзяржаўнай мяжы. Дзеля гэтага на тэрыторыю Літвы ўвялі савецкія войскі. Колькасць гэтых войск, якія былі размешчаны пастаянна ў гарнізонах на тэрыторыі Літвы, павінна была быць аднолькавай з колькасцю арміі самой Літвы.

Уладзімір ПУЧКОЎ,

навуковы супрацоўнік

раённага краязнаўчага музея

(Працяг будзе)



Добавить комментарий