Дабрабыт ствараюць сваiмi рукамi

Культура

Ёсць такія людзі, у час размовы з каторымі становіцца святлей на душы, у іх хапае цяпла і любові для кожнага чалавека. Менавіта да такіх адносяцца Пётр Пракопавіч і Браніслава Іванаўна МАКАР з вёскі Дубіна Баярская.

Жывуць яны ціха, спакойна, у згодзе. Ні на што не скардзяцца, стараюцца нікога не пакрыўдзіць, а па магчымасці і дапамагчы.

Пётр Пракопавіч карэнны жыхар Дубіны. У Дубіне Вяршыцкай ён нарадзіўся і вырас. Адсюль пайшоў і ў армію. Да гэтага часу помніць, як усёй вёскай спраўлялі провады. Служыць папаў у ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння ў групу ракетна-тэхнічнай базы. Паўгода давялося правесці на Байкануры. Успамінае ён, як прыстыкоўвалі галоўкі ракеты вагой паўтары тоны да трыццаціметровых носьбітаў. Здаралася, што прыходзілася падымацца на гэту вышыню, каб зняць спецыяльны чахол. Для запуску такой ракеты патрабавалася 740 тон гаручага. Астатні час службы прабыў у Падмаскоўі на ахове. Адразу пасля арміі адправілі ў Ліпецк для падтрымання парадку, якраз у краіне адбылася амністыя. Тут вельмі спатрэбіліся ўменні, набытыя падчас службы.

Пётр Пракопавіч закончыў Мінскі палітэхнікум. Некалькі гадоў працаваў трактарыстам у Беразінскім. Затым уладкаваўся на завод металаканструкцый у Маладзечне. Адтуль яго накіравалі ў Ташкент вучыцца на разметчыка і зваршчыка. Наш герой – творчы па натуры чалавек. Жывучы ў вёсцы, ён прывык да працы, рукі шукалі занятку. Тут, у Ташкенце, мужчына пачаў маляваць карціны, у асноўным копіі да вядомых. Атрымлівалася гэта ў яго выдатна, а Пётр Пракопавіч дарыў і раздаваў іх не шкадуючы.

Калі вярнуўся з вучобы ў Маладзечна, завод яшчэ не адкрыўся. Маладога чалавека накіравалі ў Маскву, дзе той паўгода працаваў лепшчыкам на рэстаўрацыі Політэхнічнага музея, што знаходзіўся непадалёк ад Інжынерна-будаўнічага інстытута. Тут, працуючы з гіпсам, ён атрымліваў сапраўднае задавальненне, маючы магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці.

Пасля адкрыцця завода металаканструкцый, Пётр Пракопавіч вярнуўся ў Маладзечна і прапрацаваў там пяць гадоў разметчыкам. Работа была не з лёгкіх, патрабавала вялікай дакладнасці. Трэба было працаваць у пары, адзін не асіліш. Як добраму работніку яму прапанавалі кватэру. Але малая радзіма цягнула да сябе. А тут яшчэ маці захварэла. І выбар быў зроблены.

Вярнуўшыся ў родныя сцены, мужчына пайшоў працаваць у калгас інжынерам па тэхніцы бяспекі, а пасля інжынерам па працаёмкім працэсам. Не без усмешкі ўспамінае, як павезлі ў той час на Украіну насенне люцэрны, каб абмяняць на канюшыну. Да Вінніцы даехалі, дакументы аддалі, а калі там сталі правяраць, знайшлі ў ім насенне пустазелля. Абмен не адбыўся. Так ні з чым і дадому вярнуліся.

На радзіме малады чалавек сустрэў сваё каханне. Яго сястра выйшла

замуж у Подберазь. Дзякуючы ёй, Пётр Пракопавіч пазнаёміўся з Браніславай Іванаўнай, ураджэнкай вёскі Поці Падбярэзскага сельсавета.

Маладыя разам з маці нашага героя сталі жыць у Дубіне Вяршыцкай. У іх нарадзіліся двое дзетак: Алена і Мікалай. Бацькі душы ў іх не чулі, жылі дзеля сваіх крывінак. Пётр Пракопавіч усе гэтыя гады працягваў займацца жывапісам, але пагоршыўся зрок, на правым воку выявілі глаўкому. З гэтым відам творчасці прыйшлося развітацца. Але таленавіты чалавек заўсёды знойдзе, дзе рэалізаваць сябе. Мужчына пачаў выразаць фігуркі з дрэва. Падворак сям’і Макар сустракае гасцей выявамі розных жывёл, птушак і казачных герояў. Здалёк можна ўбачыць прыгожых буслоў. Ведаючы пра гэта хобі, жыхары Дубіны звяртаюцца да Пятра Пракопавіча са сваімі просьбамі, і ён нікому не адмаўляе.

Браніслава Іванаўна свой працоўны шлях пачала ў бухгалтэрыі калгаса, а затым стала загадчыцай фермы ў Дубіне Юрздыцкай. Гэта была самая вялікая ферма ў калгасе, пад тры тысячы галоў. Пасля працы, стомленая, ляцела спраўляць сваю вялікую гаспадарку.

Між тым, Дубіна Вяршыцкая ўсё больш пусцела. На сямейным савеце вырашылі перабрацца ў Дубіну Баярскую. Калгас прапанаваў ім недабудаваную каробку на цэнтральнай вуліцы, але падумаўшы, сям’я вырашыла купіць сабе хату ў людзей, маўляў, там зямлі больш. А зямля патрэбна была для вядзення гаспадаркі. Трымалі многа жывёлы: карову, каня, авечак, свіней, курэй. З усяе сілы стараліся дапамагчы дзецям стаць на ногі. Цяпер і дачка, і сын жывуць у Маладзечне, кожныя выхадныя стараюцца наведаць бацькоў, дапамагчы родным. Асабліва радуе бабулю з дзядулем прыезд унукаў. Іх у Пятра Пракопавіча і Браніславы Іванаўны пяцёра, старэйшаму ўжо васямнаццаць гадоў, а малодшай пястушцы-ўнучцы толькі два з палавінай. Цешацца, гледзячы на іх, родныя людзі.

Здалёк прываблівае да сябе двор сям’і Макар мноствам кветнікаў. Прыгожая альтанка ўвіта кветкамі, цэлае лета радуюць вока любімыя рамонкі, ружы, гваздзікі. На забаву ўнукам гаспадары ўладкавалі ў садзе арэлі, басейн. Ёсць чым тут, у садзе, унукам паласавацца: разнастайныя кусты і дрэвы па чарзе пладаносяць на працягу ўсяго лета. Асабліва цешацца з грушы, якая дае да паўтоны духмяных пладоў. Тады частуюць імі ўсіх блізкіх і знаёмых.

Маючы за плячамі трыццацігадовы стаж работы ў калгасе, пайшоў на пенсію Пётр Пракопавіч, а затым і яго жонка. Але на гэтым іх працоўныя будні не закончыліся. У гаспадарцы прапанавалі ім работу па сілах. Цяпер Браніслава Іванаўна прыбірае ў канторы, а муж у халодную пару года топіць у гэтым памяшканні.

Пётр Пракопавіч, размяняўшы восьмы дзясятак, не сядзіць склаўшы рукі. Хоць на вялікую гаспадарку сіл ужо не стае, яны трымаюць свіней, індыкоў, качак, курэй, апрацоўваюць 10 сотак зямлі каля хаты і яшчэ 20 бяруць на полі. І ўсё наўкола дагледжана і радуе вока. Бацькі ўдзячны дзецям за дапамогу, а дзеці – бацькам. Так і жывуць у згодзе і радуюцца кожнаму дню.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий