Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

З 29 чэрвеня па 17 ліпеня па праекту “Аздараўленне. “Маці і дзіця” пяць маці з дзецьмі сярэдняга і старэйшага садаўскага ўзросту будуць адпачываць у нямецкім горадзе Дэлменхорст. Дзякуючы супрацоўніцтву раённага аддзялення грамадскай арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ў чацвёрты раз на аздараўленне ў Германію паедуць дашкольнікі.

Як правіла, выязджаюць ад 4 да 6 дзяцей. Традыцыйна большасць групы складаюць выхаванцы дзіцячага ясляў-сада № 6 “Вясёлы вулей” – 4 сям’і і адна – з дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка”. Нямецкі бок распрацаваў для адпачываючых насычаную культурную праграму. Але галоўнае – знаёмства з тамтэйшымі дашкольнымі ўстановамі.

 

****

 Апошнія шэсць гадоў філіял № 1 г. Валожына ААТ “Завод “Белпласт” паралельна з традыцыйным выпускам вырабаў з пластмасы займаецца выпускам металічных вырабаў і металаканструкцый. Адкрываюцца новыя рынкі збыту.

У маі за ўласныя сродкі прадпрыемства набыло і запусціла ў работу кампрэсар коштам 120 мільёнаў рублёў, а таксама камеру для афарбоўкі вырабаў коштам 126 мільёнаў. А нядаўна прыдбалі магутную электрагільяціну для рубкі метала і пілу для рэзкі метала. Новае абсталяванне абышлося больш чым у 300 мільёнаў рублёў.

Металічныя вырабы пастаўляюць будаўнічым прадпрыемствам сталіцы. Для будаўніцтва жылых дамоў выкарыстоўваюцца балконныя агароджы, агароджы для лесвічных пляцовак, іншыя металічныя канструкцыі з валожынскай маркай. Пад заказ вырабляюць дзверы для трансфарматарных падстанцый, гаражныя вароты і іншыя вырабы.

 

****

ХIV Абласны пленэр майстроў драўлянай скульптуры сабраў 12 рэзчыкаў па дрэве з Гомеля, Мінска, Капыля, Беразіно, Слуцка, Нясвіжскага і Мядзельскага раёнаў. Наш раён на свяце-конкурсе “Сонечнае цяпло дрэва” прадстаўляў майстар з Івянца Мікалай Задрэйка. На працягу дзесяці дзён шчыравалі разьбяры на набярэжнай возера Нарач, ствараючы арыгінальныя вобразы і кампазіцыі, якія ўпрыгожаць вуліцы курортнага пасёлка Нарач і Мядзеля.

Вынікі свята-конкурсу падводзіліся ва ўрачыстай абстаноўцы. Лепшага журы, якое ўзначальваў доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута, вырашыла не вызначаць. Як адзначыў старшыня, усе яны высокакласныя майстры, са сваім творчым почыркам і манерай, усе заслужылі самай высокай адзнакі і добрых слоў. Наш зямляк Мікалай Задрэйка прадставіў кампазіцыю паводле казкі Пушкіна, дзе можна ўбачыць старую ля разбітых начовак і “залатую рыбку”. У асноўным майстры стваралі казачных персанажаў, але не абышлося і без сімвала нашай роднай Беларусі – зубра.

****

12 навучэнцаў першага курса групы 15-95 Валожынскага прафесіянальнага сельскагаспадарчага ліцэя пабывалі на экскурсіі ў цэнтры экалагічнага турызму “Станькава”, што ў Дзяржынскім раёне, на радзіме Героя Савецкага Саюза Марата Казея.

Маладых людзей вельмі ўразіў “партызанскі лагер”, дзе яны ўбачылі, чым і як жылі народныя мсціўцы. Адноўлены зямлянкі, паказаны санчастка, лясная школа, сталовая. Васкавыя фігуры дапаўняюць партызанскія рэаліі.

Пасля ваенна-патрыятычнай часткі ліцэісты накіраваліся ў забаўляльную зону. Найбольш ім запомніўся заапарк, дзе сабраны жывёліны беларускіх лясоў.

****

 Пенсіянерка Данута Іосіфаўна Калантай, якая зараз пражывае ў Івянцы, перадала ў дар мясцоваму музею традыцыйнай культуры ручнік, вытканы на кроснах яе маці Станіславай Канстанцінаўнай Пратасевіч з вёскі Седлішча нашага раёна.

Ручнік шэрага колеру ўнікальны тым, што быў вытканы ў 40-я гады мінулага стагоддзя, у гады вайны. Майстрыха аздобіла яго вышыўкай крыжыкам – чырвонымі зайчыкамі. А менавіта гэты вушасты звярок здаўна з’яўляецца на Беларусі сімвалам адраджэння, дабрабыту, што лепш за высокія словы сведчыць пра нязломны дух нашага народа.



Добавить комментарий