Чацвёртае пакаленне

Культура

Нашы бацькі і дзяды, быццам у прадчуванні будучага складанага лёсу, мужнелі не па гадах. Многае не дадзена было ім знаць. Напрыклад, што жыццё большасці з іх абарвецца вельмі рана, а некаторым з выжыўшых давядзецца стаць заснавальнікамі слаўных сямейных дынастый.

…Самым рамантычным заняткам у пару юнацтва Валянціна Васільевіча Мядзведзева лічылася прафесія ваеннага лётчыка. “Сталінскія сокалы” – узнёсла называлі тых, хто падымаў у неба магутныя самалёты. Валянцін больш за ўсё жадаў быць сярод тых, хто абараняў паветраныя рубяжы Радзімы, хацелася праяўляць самаахвярнасць, гераізм, вынослівасць. Хутка давялося на справе даказаць сваю гатоўнасць да подзвігаў…

В. В. Мядзведзева прызвалі на фронт у 1942 годзе, ён толькі-толькі паспеў скончыць Кіравабадскае лётнае ваеннае вучылішча і налятаць з інструктарам неабходную колькасць гадзін. А ўжо ў 1943 годзе фатаграфіі Валянціна Васільевіча спачатку ў званні малодшага лейтэнанта, потым – маёра з’яўляюцца на старонках ваенных газет “Доблесть”, “Сталинский сокол”. За баявыя заслугі на яго грудзях з’яўляюцца шматлікія ўзнагароды, у тым ліку тры ордэны Чырвонай Зоркі і тры ордэны Вялікай Айчыннай вайны.

Больш за паўтысячы разоў лятаў у глыбокі тыл ворага лётчык-разведчык В. В. Мядзведзеў. Не раз даводзілася яму падымацца на такую вышыню, дзе з-за недахопу кіслароду сэрца балюча калоціцца і рвецца з грудзей, садзіць палаючы самалёт, весці паветраныя баі. Пасля аднаго быў моцна паранены і да канца жыцця насіў у сваім целе металічныя асколкі варожых снарадаў.

Кожны палёт мог аказацца апошнім. Але ўсё адно лятаць хацелася. І біць ворага. Ён умела ўпраўляўся з самалётам, вызначаўся выдатнай фізпадрыхтоўкай, імгненнай рэакцыяй. Гэта, а магчыма яшчэ і ўдачлівы лёс, дапамаглі яму сустрэць Перамогу. Такіх шчасліўчыкаў у іх палку было няшмат. Пасля вайны, калі Валянцін Васільевіч чуў назвы еўрапейскіх гарадоў, заўсёды ўспамінаў баявых таварышаў, якія аддалі жыццё за іх вызваленне ад фашысцкай нечысці.

Вопытны воін з юначым, акрыленым позіркам трапіўся на вочы тым, хто ўжо займаўся падрыхтоўкай да Парада Перамогі на Чырвонай плошчы. Удзел у ім павінны былі прымаць воіны, якія праявілі сябе ў баях і мелі баявыя ўзнагароды. З Германіі В. В. Мядзведзева камандзіравалі ў Маскоўскі гарнізон, дзе зводны полк 2-га Беларускага фронта ў складзе тысячы чалавек разам з палкамі іншых франтоў рыхтаваўся да ганаровай місіі: кінуць сцягі і харугвы разбітага ворага да маўзалея Леніна. Парад прайшоў 24 чэрвеня 1945 года. Кадры кінахронікі захавалі той хвалюючы дзень. На стужцы, недзе ў стройных радах салдат-пераможцаў, крочыць і ваенны разведчык, маёр авіяцыі В. В. Мядзведзеў.

А ў 70-ую гадавіну святкавання Вялікай Перамогі праўнук Валянціна Васільевіча, трэцякурснік Мінскага Сувораўскага вучылішча Даніла Дунаеўскі прымаў удзел у ваенным парадзе на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Ён зрабіў свой жыццёвы выбар на карысць прафесіі абаронцы Радзімы, бо лічыць гэта самай ганаровай справай сапраўднага мужчыны.

Афіцэрскія пагоны ў сям’і В. В. Мядзведзева насілі і носяць сын, зяць, унук. І хоць Валянцін Васільевіч спадзяваўся, што на яго долю выпала апошняя вайна на Зямлі, некаторым яго нашчадкам усё ж давялося панюхаць баявога пораху.

Так, у Афганістане ваяваў яго зяць, палкоўнік, кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі і “За службу Радзіме” 3-й ступені Валерый Міхайлавіч Дунаеўскі, які прайшоў службу ў Валожынскай воінскай часці ад радавога да камандзіра.

У дзень, калі ўся Беларусь святкуе Дзень Незалежнасці, па-ваеннаму апранецца яшчэ адзін прадстаўнік чацвёртага пакалення з роду Мядзведзевых – праўнучка Мілена Кароль. Калісьці яе дзядуля, В. М. Дунаеўскі, распарадзіўся пашыць форму маленькаму Данілу. Валерый Міхайлавіч, пэўна ж, быў бы рады, што гэты яго падарунак застаецца запатрабаваным і носіцца з гонарам…

Алена ЗБІРЭНКА

Фота з сямейнага архіву сям’і Дунаеўскіх



Добавить комментарий