«МЫ ДАЎНО ВАЛОЖЫНСКIЯ!»

Культура

“МЫ ДАЎНО ВАЛОЖЫНСКIЯ!” – так з упэўненасцю кажуць вядомыя ў раёне людзі, для якіх шмат гадоў таму наша зямля стала другой радзімай

 

Таццяна Васільеўна ПАСЕКА,

былы дырэктар Беларусбанка: 

– Нарадзілася я ў Разані. Бацька быў ваенным лётчыкам, яго перавялі служыць у Беларусь. Спачатку жылі ў Бабруйску, дзе прайшло ўсё дзяцінства і юнацтва. У Валожын, на радзіму мужа, упершыню прыехала ў чэрвені 1970 года. Вельмі здзівіла брукаваная дарога, якой я раней ніколі не бачыла, і аўтавакзал: невялікі, збіты з дошак домік. Я ведала, што жыць мы тут сям’ёй не збіраемся – працавала на той час у Бабруйскім аддзяленні Дзяржбанка, мужу таксама кіраўнік банка прапанаваў работу. Абставіны ж склаліся так, што ўжо 15 жніўня таго ж года вярнулася сюды назусім, і ўжо больш за чатыры дзесяцігоддзі я – валожынская. Няпроста было прызвычаіцца гарадской дзяўчыне да напаўвясковага жыцця. Амаль тры дзясяткі гадоў жылі разам са свёкрам і свекрывёй, таму давялося і ў печы паліць, і карову даіць, трымалі авечак, цялят. Працаваць прыйшлося шмат, радавала ж тое, што гаспадарка прыносіла дадатковы прыбытак да нашых невялікіх заробкаў. Ды і дзеці змалку дапамагалі, былі ў іх свае абавязкі, хаця цяпер сталі гарадскімі, жывуць з усімі выгодамі.

Безумоўна, сталелі мы, раслі дзеці і харашэў горад: пабудаваліся новы вакзал, кінатэатр, універмаг, з’явіліся шматпавярхоўкі па вуліцы Партызанскай. І ўжо сёння я не ўяўляю свайго жыцця без гэтага маленькага, сціплага і ўтульнага горада, які не прамяняю ні на той Бабруйск, дзе пражывае звыш за 300 тысяч чалавек, ні на які іншы горад. Я была ў Зарайску – усё-ткі Расія, маленькая радзіма, але мой Валожын і людзі, якія тут жывуць, – непаўторныя. А пажаданні ўсім выкажу вершаванымі радкамі:

Лучшим подарком пусть будет счастье,

Жизнь будет радостной, яркой, прекрасной,

Полной удач, вдохновенья, любви,

Добрых надежд, воплощенной мечты.

 

Уладзімір Мікалаевіч ГРУК,

мастацкі кіраўнік узорнага духавога

аркестра Валожынскай школы мастацтваў:

– У Валожыне апынуўся ў 1968 годзе выпадкова: хацеў пасяліцца ў вёсцы, але калі ўбачыў тады горад, зразумеў, што ён адпавядае амаль усім маім патрабаванням. А як даведаўся, якія тут лясы, рэкі, колькі рыбы, грыбоў і ягад – усё гэта мяне падкупіла. У далейшым быў выбар паехаць на пастаяннае месцажыхарства ў Барысаў ці Ліду, але вырашыў, што лепш жыць незалежна ад бацькоў. Яшчэ калі вучыўся на 3-м курсе Маладзечанскага музычнага вучылішча, пачаў працаваць у Валожынскай дзіцячай музычнай школе, а вучобу працягваў завочна. Пачынаў з выкладчыка па класе баяна і акардэона, пасля пераключыўся на выкладанне духавых інструментаў. Першы аркестр арганізаваў не ў музычнай школе, а ў МПМК-188. Мы паспяхова выступалі на гарадскіх урачыстасцях, ездзілі з канцэртамі ў Маладзечна. У 70-я гады стварыў валожынскі музычна-інструментальны ансамбль, больш за 10 гадоў мы ігралі на танцах. Што такое жывая музыка – словамі не выкажаш, а калі тут яшчэ іграюць твае аднагодкі, сябры… Адначасова ўдзельнічаў у самадзейнасці горада – у РКБА, заводзе “Белпласт”, у школах раёна.

Па маладосці я быў франтаваты, насіў выключна французскі абутак, але, каб дайсці на працу ў музычную школу з вуліцы Янкі Купалы, даводзілася абуваць галёшы! Вось так шмат гадоў хадзіў як прафесар Праабражэнскі. З гадамі горад непазнавальна змяніўся. Усе прыемныя моманты майго жыцця звязаны менавіта з Валожынам і яго прыродай. Любіў на досвітку а палове чацвёртай сесці на мапед і паехаць на рыбалку ці проста схадзіць у лес, каля сямі гадзін ужо быў дома і збіраўся на працу. Я многа павандраваў па нашым раёне і не толькі. Магу з упэўненасцю сказаць, што на Валожыншчыне жывуць самыя лепшыя людзі – добразычлівыя, гаспадарлівыя, старанныя і сумленныя.

 

 

Леў Вадзімавіч БЯЛЯЎСКІ,

былы загадчык арганізацыйна-кадравага аддзела райвыканкама:

– У 1972 годзе ўпершыню прыехаў у Валожын на працу 1-м сакратаром райкама камсамола. Сеў у Мінску на аўтобус, еду па асфальтаванай дарозе, а вось там, дзе заканчваецца асфальт – пачынаецца Валожынскі раён. Ні аднаго кіламетра асфальтаванай дарогі ў той час у раёне не было. Як толькі з’явілася першае асфальтаванае пакрыццё ад Валожына да Бабровічаў, усе людзі на любым транспарце стараліся праехаць па той дарозе – так гэта цікавіла. Камсамольская арганізацыя раёна ў 1974 годзе налічвала амаль 7 тысяч чалавек і лічылася досыць моцнай. Школы на месцах мелі структуру райкама камсамола: піянерважатых, камсоргаў, вялася вялікая работа. Асноўныя накірункі дзейнасці актыву – працоўнае і ваенна-патрыятычнае выхаванне, якое праводзілася на матэрыялах школьных музеяў. Гульні “Арлёнак” і “Зарніца” збіралі вельмі шмат моладзі – праходзілі ўрачыста, з аркестрам, на плошчы, на стадыёне. Гэта было цудоўна! У школах пачалі стварацца першыя працоўныя атрады старшакласнікаў. Шмат арганізавалася студэнцкіх будаўнічых атрадаў – рукамі хлопцаў і дзяўчат будаваліся льнозавод, хлебазавод, агароднінасховішча, рэстаран “Іслач”.

Па прафесіі я аграном і ў сельскай гаспадарцы раёна адпрацаваў больш за 20 гадоў. З гонарам узгадваю, як тры гады запар – з 1984 па 1986-ы – мы былі пераможцамі абласнога спаборніцтва па раслінаводству. У пацвярджэнне гэтаму цяпер у раённым краязнаўчым музеі захоўваецца пераходны Чырвоны сцяг.

За дзесяцігоддзі працы і жыцця мне давялося ў многіх месцах пабываць, але скажу сумленна, што лепшых людзей, чым у нашым раёне – няма. Хаця прыезджых тут нямала, у тым ліку і я, ураджэнец Вілейшчыны. Але дзякуючы дабрыні і гасціннасці мясцовых жыхароў, мы хутка адаптаваліся і з гадамі становімся падобнымі на слаўных валожынцаў.

 

Людміла Уладзіміраўна РУБАН,

былая загадчыца Вішнеўскай

участковай бальніцы,

узнагароджаная ордэнам “Знак пашаны”

і медалём “За працоўную дзейнасць”:

– Родам я са Стаўбцоўшчыны, а ў Валожынскі раён прыехала па размеркаванні на працу пасля заканчэння Мінскага медыцынскага інстытута ў 1967 годзе. Працоўны шлях мне вызначыў галоўны ўрач раённай бальніцы Сяргей Захаравіч Кепель, а галоўныя ўрокі жыцця давала педыятр Валянціна Дзянісаўна Сакалоўская. Гэта былі ўрачы ад Бога і людзі высокай маралі, шчырасці, душэўнай дабрыні. З іх лёгкай рукі я больш за 40 гадоў узначальвала Вішнеўскую ўчастковую бальніцу. Усе мае справы і думкі былі накіраваны на захаванне і ўмацаванне здароўя вясковага жыхара. Калектыў падабраўся настолькі дружны, згуртаваны, у нас былі адны мэты і задачы. Падчас маёй работы была пабудавана 2-павярховая паліклініка, працаваў стацыянар на 100 ложкаў: у зімовы час мы лячылі хворых, а летам аздараўлівалі дзяцей. Лагер настолькі быў папулярны ў школьнікаў, што без перабольшвання мог скласці альтэрнатыву замежнаму адпачынку. Скрупулёзна падбіралі кадры, якія займаліся выхаваннем дзяцей. Два разы на тыдзень завозілі прадукты харчавання са сталіцы. Лячылі дзяцей травамі, дзеля чаго я мэтанакіравана ездзіла вучыцца ў Маскву; паілі сырадоем – тут таксама давялося наведаць не адну інстанцыю, каб даказаць, наколькі карысны для маладога арганізма гэты свежы без тэрмічнай апрацоўкі напой.

Добрай і карыснай справай для падтрымання санітарнага парадку стала правядзенне чыстага чацвярга: кожны тыдзень у гэты дзень на працягу дзвюх гадзін мы займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі вакол бальніцы. Сёння мне прыемна, што мая спадчына дасталася харошаму ўрачу і чалавеку – Станіславу Уладзіміравічу Лужынскаму, з якім мы адпрацавалі разам амаль 30 гадоў. Усе традыцыі і добрыя справы тут па-ранейшаму падтрымліваюцца, у калектыве спрыяльны мікраклімат, а наўкола – чысціня і парадак.



Добавить комментарий