ПАМЯЦI ТРЫВАЛАЯ НIЦЬ

Культура

Мемарыял у памяць бязвінных ахвяр Вялікай Айчыннай вайны адкрылі 2 ліпеня ў Валожыне.

 

Новы помнік размешчаны на тэрыторыі былога гарадскога стадыёна, паміж вуліцамі Набярэжная і Беларуская. На вялікай плошчы колішняга спартыўнага аб’екта зараз закладзены малады парк. Месца, авеянае трагізмам, выклікае ў сэрцы асаблівую скруху. Тут у гады вайны акупанты расстрэльвалі мірных жыхароў. Няўмольны час схаваў след той жудаснай трагедыі. Аднак балючая памяць не суцішалася сем дзесяцігоддзяў.

Летась спецыялісты 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны правялі на тэрыторыі стадыёна раскопкі. У выніку былі знойдзены рэшткі пахавання мірнага насельніцтва. Як указваюць сведчанні, бязвіннымі ахвярамі сталі людзі розных нацыянальнасцей, але большасць з іх – ахвяры крывавага Халакосту. Таму, каб ушанаваць і ўвекавечыць памяць загінуўшых, побач са скульптурай 1961 года “Смуткуючая маці” на стромкім узвышшы ў Валожыне было вырашана размясціць і мемарыяльную пліту. На чорным камяні шчымлівы надпіс – “У памяць мірных жыхароў Валожына, расстраляных нацыстамі ў 1941-1942 гадах”.

Усе выдаткі ў гуманістычнай справе ўзвядзення мемарыяла ўзяло на сябе ТАА “ТРАЙПЛ”, якое ажыццяўляе шэраг праектаў на тэрыторыі нашага раёна. Кампанія “ТРАЙПЛ” сумесна з газетай “Советская Белоруссия” сталі галоўнымі арганізатарамі цырымоніі-рэквіема.

У Валожын на адкрыццё мемарыяльнай пліты на месцы расстрэлу нацыстамі мірных жыхароў прыбылі шматлікія дэлегацыі. Прысутнічалі саветнік Пасольства Расійскай Федэрацыі У. Д. Марчукоў, намеснік міністра культуры В. М. Чэрнік, старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч, прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларусі, грамадскіх аб’яднанняў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, былыя вязні канцлагераў, моладзь і жыхары райцэнтра.

памяці трывалая2

Пасля ўскладання вянкоў і жывых кветак да мемарыяла са словам да прысутных звярнуўся старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Барысавіч Шапіра. Ён акцэнтаваў увагу на нетрываласці міру ў сучасным свеце: братазабойчая вайна ў нашых суседзяў-украінцаў папярэджвае, што зараз, як ніколі раней, мы павінны цаніць і берагчы лучнасць і згоду, якія захавалі для нас нашы дзяды і прадзеды цаной сваіх жыццяў.

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Іосіф Шагал падчас свайго выступлення заўважыў: “Па традыцыі майго народа чалавек жывы да таго часу, пакуль мы памятаем яго імя. Гэта жудасна, што зрабілі нацысты падчас Другой сусветнай вайны тут, на шматпакутнай беларускай зямлі. Але яшчэ страшней, калі мы забываем імёны ахвяр. Перарываецца ніць, абрываецца сувязь паміж пакаленнямі, і мы застаёмся ні з чым. Думаю, што тыя няшчасныя, людзі розных нацыянальнасцей, расстраляныя на гэтым месцы, сёння, напэўна, глядзяць на нас зверху. І душы іх супакояцца, таму што мы пра іх памятаем. Гэта самае галоўнае”.

Ад сябе асабіста і ад усяго польскага народа пашану да памяці загінуўшых аддаў Часовы Павераны ў справах Рэспублікі Польшча Міхаіл Хаброс. Дыпламат казаў пра неабходнасць праводзіць аб’ектыўную палітыку ў адносінах да гісторыі: “Мы вельмі цэнім, што ў Беларусі захавана гістарычная праўда. Польскі бок вялікія надзеі ўскладае на працу польска-беларускай групы гісторыкаў. Мы ўпэўнены, што ўзаемапаразуменне і добразычлівасць, жаданне весці гістарычны дыялог дапамогуць загаіць раны і пазбегнуць несправядлівых выказванняў”.

Выступілі таксама старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Барыс Герстэн, галоўны рэдактар газеты “Советская Белоруссия” Павел Якубовіч. Са шчымлівымі словамі выступіў былы вязень Мінскага гета і дзевяці канцлагераў, у тым ліку Асвенцыма і Дахау, Леанід Міхайлавіч Рубінштэйн.

Генеральны дырэктар ТАА “ТРАЙПЛ” Юрый Аляксандравіч Чыж расказаў, як група кампаній “ТРАЙПЛ” падчас рэалізацыі чарговага праекта на Валожыншчыне, а менавіта ў райцэнтры, сутыкнулася са страшнай праўдай ваенных часоў, якую столькі дзесяцігоддзяў захоўвала зямля. Ён падзякаваў прадстаўнікам улады, дыпмісій, якія дапамаглі знайсці правільнае рашэнне ў няпростай сітуацыі, затым папрасіў усіх прысутных ушанаваць памяць пахаваных тут хвілінай маўчання.

Прадстаўнікі рэлігійных канфесій – епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі праасвяшчэннейшы Павел, ксёндз касцёла Святога Юзафа ў Валожыне, доктар права Гэнрык Акалатовіч і галоўны рабін аб’яднання яўрэйскіх рэлігійных абшчын Беларусі Шнэур Дойч – правялі ля помніка рытуалы памінання загінуўшых.

Алена ПАШКЕВІЧ

Фота аўтара і Сяргея БОБРЫКА

 



Добавить комментарий