Адзнака ратнага подзвігу

Культура

3 ліпеня, калі наша краіна адзначала 71-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у гарадскім скверы райцэнтра прайшоў урачысты мітынг, прысвечаны адкрыццю помніка воінам-інтэрнацыяналістам, нашым землякам, якія выконвалі свой воінскі абавязак далёка за межамі Радзімы, у Афганістане.

Вельмі сімвалічна тое, што адкрыццё помніка адбылося менавіта ў гэты дзень і ў месцы, якое ўжо асвечана нашай памяццю, куды мы прыходзім ушанаваць тых, хто здабываў Перамогу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Воіны-інтэрнацыяналісты сталі прадаўжальнікамі слаўных баявых традыцый.

адзнака ратнага2

Праз вайну ў Афганістане, якая доўжылася няпоўных дзесяць гадоў, прайшлі 120 ураджэнцаў Валожыншчыны. Не наканавана было вярнуцца да роднага парога траім нашым землякам. Зараз у раёне пражывае 56 воінаў-інтэрнацыяналістаў. Многія з хлопцаў ішлі на вайну амаль адразу пасля школы. Не маючы ніякага жыццёвага вопыту, яны апынуліся ў чужой краіне, у нязвыклым варожым асяроддзі. Вярнуўшыся да мірнага жыцця больш за 25 гадоў таму, “афганцы” да гэтага часу не могуць забыцца пра вайну.

Ва ўрачыстым мітынгу прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, воіны-інтэрнацыяналісты, госці з Украіны, Расіі, Эстоніі, розных раёнаў Мінскай і Гродзенскай абласцей. Ганаровае права адкрыць помнік было прадастаўлена старшыні райвыканкама У. А. Наумовічу і старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў, воіну-афганцу Р. М. Русакевічу. У гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў тры разы прагучалі святочныя залпы.

На ўрачыстасці выступілі старшыня Валожынскага раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны І. Ф. Радына, выконваючы абавязкі камандзіра 153-й Кёнігзбергскай радыётэхнічнай брыгады асобага прызначэння падпалкоўнік А. В. Калач, вучаніца гімназіі № 1 Дар’я Лугіна.

Усе, хто браў слова ў час правядзення мітынгу, гаварылі аб тым, што воіны-інтэрнацыяналісты засталіся вернымі прынятай прысязе, выканалі свой абавязак перад радзімай — яны абаранялі інтарэсы дзяржавы за яе межамі гэтак жа доблесна, як у гады Вялікай Айчыннай вайны рабілі іх дзяды і бацькі. Выступоўцы выказалі ўпэўненасць, што помнік паслужыць патрыятычнаму выхаванню моладзі ў кантэксце пераемнасці пакаленняў. Ведаючы і паважаючы сваё мінулае, мы забяспечваем будучыню. Маладыя людзі павінны памятаць пра подзвіг салдат, якія прайшлі дарогамі Афганістана.

Пытанне ўзвядзення помніка ў гонар удзельнікаў Афганскай вайны паўставала даўно. У свой час раённым выканаўчым камітэтам было прынята рашэнне аб узвядзенні ў скверы на плошчы Свабоды райцэнтра мемарыяла воінам-інтэрнацыяналістам. Эскіз памятніка распрацаваў заслужаны скульптар Рэспублікі Беларусь, лаўрэат дзяржаўнай прэміі СССР А. М. Заспіцкі, архітэктарам праекта з’яўляецца В. М. Мітрафанаў. З мэтай збору сродкаў у працоўных калектывах раёна былі праведзены суботнікі, заробленыя на іх грошы накіроўваліся на ўзвядзенне помніка. Цяпер мы можам прыйсці сюды, каб пакланіцца мужнасці і адвазе нашых землякоў, на долю якіх выпалі нялёгкія выпрабаванні. Мемарыял з’яўляецца знакам пашаны і падзякі жыхарам Валожыншчыны, воінам-інтэрнацыяналістам, якія годна выканалі свой воінскі абавязак. Гэта адзнака іх ратнага подзвігу і гераізму.

Як даніна пашаны ўсім героям, абаронцам сённяшняга мірнага жыцця, былі ўскладзены кветкі і вянкі да помнікаў загінуўшым вызваліцелям у гады Вялікай Айчыннай вайны і воінам-інтэрнацыяналістам. Журботнай хвілінай маўчання ўшанавалі прысутныя іх памяць.

Анжэла Радына,

фота аўтара



Добавить комментарий