САПРАЎДНЫЯ АЎТАЛЭДЗI

Общество

У рамках святкавання Дня моладзі ў Валожыне ўпершыню прайшоў конкурс «АўтаЛэдзі-2015”. Дзея развярнулася на цэнтральнай плошчы горада.

    Арганізатарамі выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкам ГА “БРСМ” і аддзяленне ДАІ РАУС. Галоўная мэта конкурсу – прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем бяспекі дарожнага руху, а таксама прапаганда Правілаў дарожнага руху і павышэнне вадзіцельскага майстэрства жанчын-аўтааматараў.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 8 прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва. Часы, калі жанчына за рулём была рэдкай з’явай, прайшлі. Нашы сучасніцы адчуваюць сябе на дарозе не менш упэўнена, чым мужчыны. Конкурс даў удзельніцам магчымасць прадэманстраваць сваё ўменне кіраваць аўтамабілем. Падтрымаць іх прыйшлі родныя, сябры і знаёмыя.

Спаборніцтвы праходзілі ў тры этапы. Першым стаў конкурс візітных картак “Я і мая машына”. Аўтааматаркі ў рознай сцэнічнай форме расказвалі пра сябе і свой любімы аўтамабіль. Імправізацыі, арыгінальнасць і пачуццё гумару падкуплівалі і балельшчыкаў, і журы. Машыны загадзя былі ўпрыгожаны, і кожная набыла свой непаўторны выгляд. Ала Дугіна надала лёгкасць свайму аўтамабілю з дапамогай паветраных шарыкаў. Алена Мураўская са сваёй сяброўкай дэманстравалі элегантнасць і жаноцкасць. Іна Пукала супрацьпаставіла сябе машыне, якая па маладосці яшчэ не вельмі добра ўмее выконваць загады гаспадыні, параўнала яе з самай шкоднай жывёлай – катом, і адпаведна ўпрыгожыла. Марына Кулак надала арыгінальны выгляд сваёй сяброўцы з дапамогай вялікіх самаробных кветак. У дамачку з прыгожымі вуснамі ператварыла сваю машыну Алена Салопчанка. Цікавыя гісторыі, якія здарыліся з імі пасля атрымання вадзіцельскага пасведчання, расказалі Юлія Лагуціна і Аліна Занямонец. А якая ж лэдзі без капелюша? Менавіта ў гэтым стылі адзелася і ўпрыгожыла сваю машыну Аксана Гладчанка. Кожная з удзельніц пацвердзіла любоў і цёплыя адносіны да свайго аўтамабіля. Балельшчыкі хваляваліся за кожную і вельмі ўзрадаваліся, калі член журы В. М. Адамовіч абвясціў, што ўсе канкурсанткі добра падрыхтаваліся і заслугоўваюць высокіх балаў.

У другім, тэарэтычным, конкурсе прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва прадэманстравалі веданне Правілаў дарожнага руху. Заданне нагадвада экзамен, за 15 мінут трэба было адказаць на 10 пытанняў. Жанчыны адчувалі хваляванне, але ўсе справіліся і з гэтай задачай. Вынікі гэтага этапу падвёў кіраўнік аддзялення ДАІ М. М. Ліштван, які падзякаваў усім канкурсанткам за ўдзел і абвясціў, што ў гэтым спаборніцтве найлепшыя вынікі паказала Аксана Гладчанка.

На трэцім, заключным, этапе аўтааматаркі прадэманстравалі сваё ўменне ўпраўляць аўтамабілем. Фігурнае ваджэнне аўтамабіля, гарызантальная паркоўка, заезд у бокс, экстраннае тармажэнне – заданні, з якімі патрэбна было справіцца. Кожная старалася паказаць сябе з лепшага боку, нягледзячы на вялікае хваляванне. Ацэньваліся валоданне практычнымі ўменнямі і навыкамі ваджэння аўтамабіля.

І вось гэты эксклюзіўны конкурс завершаны. Яго спонсарамі выступілі ПГУП «Ірытас-Н» і школа прыгажосці кампаніі “Mary Kay”. Журы падвяло вынікі. Марына Кулак, Ала Дугіна, Юлія Лагуціна, Алена Мураўская і Алена Салопчанка атрымалі Падзякі за ўдзел і сертыфікаты на салонную прадукцыю кампаніі “Mary Kay”. Іна Пукала заваявала дыплом III ступені, Аліна Занямонец – II, Аксана Гладчанка – I. Ім былі ўручаны падарункі і сертыфікаты на набыццё касметыкі “Mary Kay”. Пераможца конкурсу, Аксана Гладчанка, атрымала галоўны падарунак – сертыфікат на 2 млн. рублёў на рамонт аўтамабіля ад ЧГУП «Ірытас-Н».

Гледзячы на ўдзельніц, можна без перабольшвання сказаць, што яны сапраўдныя аўталэдзі – смелыя, знаходлівыя, мэтанакіраваныя. Паказалі добрыя вынікі на ўсіх этапах конкурсу і кожная заслугоўвае добрых слоў.

Анжэла Радына,

фота аўтара



Добавить комментарий