РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ

Общество

РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ

ад члена Саюза журналістаў Беларусі

Наталлі ШТЭЙНЕР

  ***

У пачатку чэрвеня пачаліся работы па замене цеплатрасы з выкарыстаннем ПІ-трубаў па вуліцы Партызанскай у райцэнтры ў раёне магазіна “Мясная лаўка” і Ашчаднага банка. Адначасова вядуцца работы па вуліцы Міра і ў вёсцы Гіравічы Ракаўскага сельсавета.

А ўсяго ў бягучым годзе да пачатку ацяпляльнага перыяду запланаваны рамонт 2,3 кіламетра цеплатрасы з заменай труб. Асноўным заказчыкам работ з’яўляецца РУП “Валожынскі жылкамунгас”.

    ***

   У адзін з дзён чэрвеня работнікі раённага спажывецкага таварыства выязджалі гандляваць беларускай агароднінай на Камароўскі рынак сталіцы.

І хаця канкурэнцыя была значная, добра разыходзіліся ждановіцкія памідоры, а таксама агуркі і капуста, закупленыя валожынскімі кааператарамі ад здатчыкаў.

    ***

    Рэгіянальны фестываль-конкурс маладых выканаўцаў “Адна зямля” ў трэці раз прымалі Ашмяны. Удзельнікі з Валожынскага, Вілейскага, Маладзечанскага раёнаў Міншчыны, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў Гродзенскай вобласці вызначалі лепшых спевакоў у чатырох узроставых групах.

Гран-пры фестывалю дастаўся сёлета Максіму Пашуку са Смаргоншчыны. Сярод шасці прадстаўнікоў нашага раёна вызначылася Дар’я Бразоўская з Валожына, якая заняла трэцяе прызавое месца ў другой узроставай групе. У падарунак юная спявачка атрымала кухонны камбайн. Спявак Павел Кузіч вярнуўся дадому з Дыпломам “Творчая надзея”.

    ***

   У занальных спаборніцтвах па футболе сярод каманд райвыканкамаў, якія праходзілі ў Маладзечне, каманда нашага райвыканкама заняла другое месца.

Валожынскія футбалісты ўступілі першае месца сваім калегам з Мядзельскага райвыканкама. Асноўная гульня завяршылася з лікам 0:0. А вось у пенальці больш пашанцавала мядзельцам, якім удалося забіць адзін гол. Капітанам нашай каманды быў намеснік старшыні райвыканкама Пётр Іосіфавіч Бібік.

    ***

   26 чэрвеня прайшлі раённыя спаборніцтвы санітарных дружын. З 18-ці санітарных дружын, якія існуюць на прадпрыемствах раёна, прыехалі пяць: дружыны Валожынскага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, ААТ “Агра-Дубінское”, СГУ “Бабровічы” , ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” і “Івкон” СП ААТ. Галоўным суддзёй спаборніцтваў быў галоўны ўрач раёна Яраслаў Мянцюк.

Пачаліся выпрабаванні з праверкі аснашчэння і ўмення карыстацца маёмасцю. Наступнымі этапамі былі аказанне першай медыцынскай дапамогі ў ядзерным і хімічным ачагах, у інфекцыйным ачагу – падворны-пакватэрны абходы, правядзенне гутарак з насельніцтвам. Патрабавалася правільна правесці адбор проб глебы, вады, прадуктаў харчавання, прыгатаваць дэзрастворы і прадэманстраваць уменне карыстацца гідрапультам. Адначасова праводзіліся конкурсы насценнага друку і мастацкай самадзейнасці.

Першае месца заваявала сандружына ААТ “Агра-Дубінское”, якую ўзначальвала Наталля Жукоўская. Дубінцы былі лепшымі ў конкурсе мастацкай самадзейнасці і занялі другое месца ў конкурсе насценнага друку. Гэта санітарная дружына будзе абараняць гонар раёна на абласных спаборніцтвах, якія запланаваны на 31 ліпеня і пройдуць на тэрыторыі нашага раёна. Другое месца заваявалі сандружынніцы з Валожынскага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”, трэцяе – прадстаўнікі “Івкона”.

    ***

   Самадзейныя артысты Івянецкага гарпасялковага Дома культуры былі запрошаны на свята вёскі Налібакі Стаўбцоўскага раёна.

Выступалі яны там упершыню. Іх змястоўная канцэртная праграма была прынята на “ўра” мясцовымі жыхарамі.



Добавить комментарий