НАШ ГІСТАРЫЧНЫ ВЫБАР — НЕЗАЛЕЖНАЯ, МОЦНАЯ І КВІТНЕЮЧАЯ БЕЛАРУСЬ

Общество

Усебеларускі сход — вышэйшае праяўленне народаўладдзя, якое ўвасабляе ў сабе гістарычны вопыт і сучасныя тэндэнцыі дэмакратызму. Аб гэтым 6 снежня ва ўступным слове на IV Усебеларускім народным сходзе заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, вось ужо чацвёрты раз за гісторыю маладой беларускай суверэннай дзяржавы збіраецца такі прадстаўнічы форум. «Вытокі гэтай формы дэмакратыі зыходзяць з глыбіні стагоддзяў — з народных вечаў, якія праходзілі на славянскіх землях і ў нашых старажытных Полацку і Тураве, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Спрадвеку на такія сходы выносіліся пытанні першачарговай важнасці і значнасці. Мы адрадзілі і прадаўжаем гэту добрую традыцыю».

Паводле слоў беларускага лідара, Усебеларускі народны сход дае магчымасць не проста весці адкрытую, сумленную і зацікаўленую размову людзей і ўлады, але і прымаць рашэнні аб выбары стратэгіі развіцця дзяржавы. «Не келейна, а галосна, не ў кабінетах, а з шырокім удзелам усіх слаёў насельніцтва», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

БЕЛАРУСЬ МАЕ НАМЕР УВАЙСЦІ Ў ЛІК 50 КРАІН З НАЙВЫШЭЙШЫМ ІНДЭКСАМ РАЗВІЦЦЯ ЧАЛАВЕЧАГА ПАТЭНЦЫЯЛУ

Аб гэтым паведаміў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на IV Усебеларускім народным сходзе. Прэзідэнт адзначыў, што праводзімая ў краіне работа ў мінулым па сваіх маштабах і складанасці не ідзе ў параўнанне з тым, што трэба будзе зрабіць. Наступная пяцігодка стане перыядам абнаўлення, нацэленым на якасна новае развіццё Беларусі. «Стратэгічная мэта — увайсці ў лік першых 50 краін свету з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу», — сказаў Прэзідэнт, падкрэсліўшы пры гэтым, што высокі жыццёвы ўзровень беларускіх грамадзян — не проста мэта, гэта сэнс праводзімай дзяржаўнай палітыкі. Узровень і якасць жыцця чалавека, паводле яго слоў, вызначаюць пяць важнейшых складальнікаў: паўнацэнная сям’я, здароўе, адукацыя, рэальныя даходы, камфортнасць жыцця. Менавіта праз іх праламленне варта разглядаць усю праграму на чарговую пяцігодку, сказаў Аляксандр Лукашэнка.

ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ ДАРУЧЫЎ УРАДУ І НАЦБАНКУ ЎВЕСЦІ ІПАТЭКУ Ў ПЕРШЫМ ПАЎГОДДЗІ 2011 ГОДА

«Трэба аператыўна дапрацаваць сістэму іпатэчнага крэдытавання, якая дае магчымасць задзейнічаць у жыллёвым будаўніцтве фінансавыя сродкі прыватных інвестараў, — сказаў беларускі лідар. — Трэба стварыць прывабныя ўмовы, каб стымуляваць грамадзян шырэй выкарыстоўваць гэты прагрэсіўны фінансавы інструмент».

Пры гэтым павінны быць улічаны ўсе памылкі замежнага вопыту, прадугледжаны рычагі бяспекі як для банкаў, так і для забудоўшчыкаў, падкрэсліў Прэзідэнт.

БЕЛАРУСЬ ПАВІННА СТАЦЬ ПА-САПРАЎДНАМУ МОЦНАЙ

«Праграма, з якой мы выходзім на гэты сход, — гэта беспрэцэдэнтныя тэмпы росту эканомікі і дабрабыту народа. Інакш нельга, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У сучасным свеце паважаюць моцных і лічацца толькі з моцнымі. Беларусь павінна стаць па-сапраўднаму моцнай!»

Звяртаючыся да ўдзельнікаў IV Усебеларускага народнага сходу, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Вы — паўнамоцныя прадстаўнікі народа, выбраныя ад усіх рэгіёнаў Беларусі, усіх сацыяльных груп і большасці працоўных калектываў, грамадзянскай супольнасці і галін улады. Вы ведаеце ўсё — ад макраэканомікі да праблем канкрэтнага чалавека. Вы прывезлі на з’езд наказы і клопаты людзей, якія вас выбралі, уключаючы прапановы ў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступнае пяцігоддзе, якая была вынесена на ўсенароднае абмеркаванне».

Зыходзячы з гэтага, Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць, што на сходзе будуць прыняты ўсебакова вывераныя, узважаныя рашэнні, што ідуць ад жыцця, якія правільна вызначаць далейшую стратэгію краіны.

МЫ НАБЛІЗІЛІСЯ ДА ГАЛОЎНАЙ МЭТЫ — ВЫСОКАГА ЎЗРОЎНЮ І ЯКАСЦІ ЖЫЦЦЯ НАРОДА

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, цяперашні з’езд — заключны акорд усенароднага агляду спраў у краіне і вызначэння перспектыў яе развіцця.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мінулыя пяць гадоў пасля трэцяга Усебеларускага народнага сходу сталі часам выпрабавання на трываласць беларускай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай мадэлі развіцця. «За гэты перыяд было ўсё: эканамічныя санкцыі і палітычныя дэмаршы супраць нашай краіны, спробы дэстабілізацыі абстаноўкі з прымяненнем метадаў «каляровых рэвалюцый» і правакацый, «гандлёвыя войны» і сусветны фінансава-эканамічны крызіс, — сказаў Прэзідэнт. — Але мы не дазволілі ўцягнуць сябе ў якія-небудзь палітычныя авантуры, а напружана працавалі ў імя дабра, шчасця, дабрабыту і працвітання нашай Айчыны».

БЕЛАРУСЬ ЗАХАВАЛА ЎСТОЙЛІВАЕ РАЗВІЦЦЁ

Беларусь даказала сваю здольнасць забяспечыць устойлівае развіццё і нацыянальную бяспеку нават у самых жорсткіх знешніх умовах. Сусветны фінансава-эканамічны крызіс, на жаль, не абышоў бокам Беларусь, але краіна змагла вытрымаць гэта вельмі сур’ёзнае выпрабаванне, канстатаваў кіраўнік дзяржавы. «Краіна не прагнулася, нягледзячы на неймаверны націск і масіраваны шантаж з усіх бакоў. Мы не далі загубіць створаную палітычную і сацыяльную стабільнасць. Захавалі народны здабытак, які ў іншых краінах пайшоў за бясцэнак», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў беларускага лідара, за мінулыя пяць гадоў краіна зрабіла каласальны рывок у сацыяльна-эканамічным развіцці. Нягледзячы на цяжкасці, усе абяцанні, дадзеныя народу на ІІІ Усебеларускім сходзе, былі выкананы.

ДАПАМОГА ПА ДОГЛЯДУ ДЗІЦЯЦІ

«Добрым стымулам павелічэння нараджальнасці будзе павышэнне дапамогі па догляду дзіцяці. Цяпер яна выведзена на ўзровень бюджэту пражытачнага мінімуму. Але гэтага ўжо недастаткова. Прывязка павінна быць да сярэдняй зарплаты маці да дэкрэтнага водпуску», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Тое ж самае датычыцца аднаразовай дапамогі пры нараджэнні першага дзіцяці. Сёння яе памеры складаюць $450, другога і наступнага — $650. «Гэтыя выплаты неабходна падвоіць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт перакананы, што паўнацэнная сям’я — гэта сям’я, у якой нараджаюцца і растуць дзеці. «Беларускіх грамадзян павінна станавіцца больш. Для Беларусі мінімальна неабходная колькасць — 20 млн. чалавек, а аптымальная — 30 млн.», — перакананы ён. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што меры дзяржаўнай падтрымкі будуць садзейнічаць росту нараджальнасці ў краіне. У будучай пяцігодцы, паводле яго слоў, «трэба на поўную магутнасць уключыць сацыяльны пакет і эканамічныя стымулы для сем’яў з трыма і больш дзецьмі».

На гэтыя мэты накіравана і жыллёвая праграма. «Ёсць трое дзяцей — сям’я пры будаўніцтве аплачвае не больш за чвэрць кошту кватэры або жылога дома. Калі ў сям’і чацвёра-пяцёра дзяцей — гарантавана бясплатная кватэра», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Мы яшчэ падумаем аб дадатковых ільготах для шматдзетных сем’яў. Трэба зрабіць усё, каб прэстыжна было мець дзяцей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

УКЛАД Ў ЭКАНОМІКУ

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за апошнія паўтара дзесяцігоддзі краіна даказала сваю палітычную і эканамічную самастойнасць. Пацвярджэнне таго — пастаянны эканамічны рост, абнаўленне асноўных вытворчых фондаў, павышэнне дабрабыту народа. Сярэднегадавы тэмп эканамічнага развіцця Беларусі ў мінулай пяцігодцы склаў каля 8 працэнтаў. Вышэйшы ён толькі у 12 краін свету.

«Вы толькі ўдумайцеся: за бягучую пяцігодку ў эканоміку будзе ўкладзена $72 млрд. у параўнанні з $20 млрд. у мінулай, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У гэтым адна з характэрных рыс беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі: усё, што зарабілі, накіравалі на развіццё, уклалі ва ўласную эканоміку, а не вывезлі за мяжу, не расцягнулі ў выглядзе дывідэндаў».

За пяць гадоў у Беларусі створана 185 новых прадпрыемстваў, больш як 320 кардынальна мадэрнізаваны. У цэлым краіна выйшла на аб’ёмы экспарту тавараў і паслуг звыш $25 млрд. у год. Выпуск інавацыйнай прадукцыі павялічыўся больш як у 4 разы. Па сутнасці, за пяцігодку абноўлены, а на некаторых прадпрыемствах шматразова, увесь мадэльны рад. Гэта вялікая праца інжынераў, канструктараў, вучоных, рабочых і служачых.

ВЕСЦІ ЗДАРОВЫ ЛАД ЖЫЦЦЯ

Кіраўнік дзяржавы назваў здаровы лад жыцця адным з галоўных фактараў выхавання падрастаючага пакалення.  Гэта залог таго, што дзеці не будуць аддадзены вуліцы, не стануць хваравітымі і кволымі, а вырастуць моцнымі людзьмі і дастойнымі грамадзянамі нашай краіны, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

«Калі вы сапраўды любіце сваіх дзяцей, то з маленства вядзіце іх у басейн, на лёд, на футбольнае поле, у спартзалу, проста на прыроду. Няхай займаюцца спортам», — звярнуўся Прэзідэнт да бацькоў. Бо менавіта дзеля гэтага, паводле яго слоў, дзяржава ўкладвае вялікія сродкі ў паўсюднае будаўніцтва разнастайных спартыўных аб’ектаў, робіць іх даступнымі для людзей усіх узростаў.

«Такім чынам, здаровы лад жыцця плюс развітая айчынная медыцына і бяспечныя ўмовы жыцця ў сукупнасці будуць садзейнічаць фарміраванню здаровай нацыі. А пажадана яшчэ і нацыі доўгажыхароў», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

«Спартыўныя збудаванні павінны стаць масавымі. Тады будзе і вялікі спорт, і здароўе, і настрой людзей», — перакананы Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у мікрараёнах жылой забудовы неабходна пашыраць будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчых комплексаў з максімальным наборам фізкультурна-спартыўных паслуг.

БЕСКАМПРАМІСНАЯ БАРАЦЬБА З КАРУПЦЫЯЙ

Фармалізм і бяздушнасць у адносінах да простага чалавека будуць і ў далейшым вельмі жорстка выкараняцца.

Камфортнасць жыцця не будзе дасягнута без глыбіннай дэбюракратызацыі і выкаранення карупцыі. «Усе гэтыя гады мы бязлітасна змагаемся з гэтым злом, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы ўжо многае зрабілі, каб павярнуць дзяржаўныя органы як у цэнтры, так і на месцах тварам да чалавека. Але работа яшчэ не завершана».

«Мяне тут больш за ўсё хвалюе тое, што чалавек не можа вырашыць на мясцовым узроўні нават такія дробязныя пытанні, якіх і ўзнікаць не павінна, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Работа з людзьмі, уважлівае стаўленне да іх патрэб нават больш важныя, чым выкананне эканамічных паказчыкаў. Не павінна быць сітуацый, калі на месцах гадамі не вырашаюцца элементарныя пытанні. Чакаюць указанняў зверху і толькі тады пачынаюць варушыцца. Валакіта будзе каштаваць нядбайным работнікам іх пасад». Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: дэбюракратызацыя — не разавая кампанія. Яна ажыццяўляецца на сістэмнай аснове і знаходзіцца пад пастаянным кантролем. Кожнаму факту злоўжывання службовым становішчам, праяўленню карупцыі будзе давацца самая прынцыповая ацэнка. Бескампрамісная барацьба з гэтым злом будзе весціся паўсюдна, нягледзячы на асобы і званні, запэўніў кіраўнік дзяржавы.

«Клопат аб людзях, сацыяльная арыентаванасць, сумленнасць і справядлівасць дзяржаўнай палітыкі — краевугольныя камяні і напрамкі для ўсёй сістэмы ўлады і для мяне як Прэзідэнта», — падкрэсліў беларускі лідар.

БОЛЬШАСЦЬ ПРАГНОЗНЫХ ПАКАЗЧЫКАЎ ПЯЦІГОДКІ ВЫКАНАНЫ

У Беларусі па трох пазіцыях (росту ВУП, сельскагаспадарчай вытворчасці, зніжэнню адмоўнага знешнегандлёвага сальда) не ўдалося выканаць у бягучай пяцігодцы прагнозныя паказчыкі.  Кіраўнік дзяржавы шчыра прызнаў, што «на жаль, не па ўсіх пазіцыях нам удалося выйсці на запланаваныя рубяжы». Не выкананы абавязацельствы па росту валавога ўнутранага прадукту. «І няхай з 45-50 працэнтаў плана мы не выканалі 3,5-4 працэнты. Але мы не выканалі», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі таксама не дасягнулі запланаванага ўзроўню. І па зніжэнню адмоўнага сальда знешняга гандлю краіна не выйшла на той ўзровень, які быў намечаны. «І гэтыя тры паказчыкі, тым не менш, на будучую пяцігодку нам давядзецца навёрстваць, чаго б нам гэта ні каштавала», — падкрэсліў Прэзідэнт.

З аднаго боку, на тое ёсць аб’ектыўныя прычыны, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У першую чаргу гэта фінансавы крызіс, які ўдарыў па нашаму экспарту. Негатыўным фактарам з’явілася і рэзкае павышэнне цэн на энерганосьбіты. За пяць гадоў цана на прыродны газ для Беларусі вырасла ў 4 разы, на нафту — у 2 разы. І ўмовы надвор’я мінулага года, вядома, моцна ўдарылі па эканоміцы нашай краіны, «што апусціла на ступень ніжэй па вытворчасці сельскую гаспадарку». Але з другога боку, лічыць кіраўнік дзяржавы, нельга скідаць з рахунку і суб’ектыўны фактар. «Што, скажаце, у нас няма расхлябанасці, непаваротлівасці, маруднасці ў прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў? А колькі відавочнай безгаспадарчасці!» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асобныя міністэрствы і канцэрны бачаць сваю ролю ў рабоце з падпарадкаванымі прадпрыемствамі толькі ў тым, каб любымі спосабамі выбіваць выкананне прагнозных параметраў, замест таго, каб садзейнічаць абнаўленню асноўных сродкаў, пашырэнню асартыменту запатрабаваных тавараў, пошуку новых рынкаў збыту. «Гэтым трэба займацца, а не падмяняць сабой Белстат», — падкрэсліў ён.

ПЕНСІЙНЫ ЎЗРОСТ НЕ БУДЗЕ ПАВЫШАНЫ

У Беларусі не маюць намеру павялічваць пенсійны ўзрост, ламаць існуючую сістэму.

«Вядома, будзем яе ўдасканальваць, каб забяспечыць пастаяннае паляпшэнне матэрыяльнага становішча пажылых людзей», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца размоў аб пераходзе на альтэрнатыўныя сістэмы накаплення пенсій, то за гэтым часта тояцца спробы ўвесці людзей у зман. «Яшчэ свежыя ўспаміны аб тых пенсійных фондах на зары 90-х, якія ператварыліся ў фінансавыя піраміды і абагацілі іх стваральнікаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Да гэтай тэмы трэба падыходзіць вельмі асцярожна і ўзважана, каб не дапусціць падману нашых грамадзян».

Дзяржава выканала сваё абяцанне, забяспечыўшы рост пенсій у сярэднім у паўтара раза. Удзельная вага тых, хто атрымлівае пенсію, ніжэйшую за бюджэт пражытачнага мінімуму пенсіянера, за пяцігодку скарацілася больш як у чатыры разы і цяпер складае менш за 3 працэнты.

У наступныя пяць гадоў, запэўніў Прэзідэнт, мінімальная пенсія будзе жорстка прывязана да пражытачнага мінімуму пенсіянера і расці такімі ж тэмпамі, як і зарплата.

БЕЛАРУСЬ ВЫТРЫМАЛА ЦЭНАВЫЯ ШОКІ

«Мы не толькі поўнасцю забяспечылі ўнутраныя патрэбнасці ў цяпле, электраэнергіі, паліве, але і пастараліся максімальна змякчыць наступствы для нашых людзей», — адзначыў Прэзідэнт. У гэтым годзе насельніцтва аплачвала газ і электраэнергію ўсяго толькі на 40 працэнтаў, астатняе кампенсаваў дзяржаўны бюджэт. «За гэтыя пяць гадоў мы многае зведалі і пераадолелі, многаму навучыліся. Нам удалося мінімізаваць эканамічныя пагрозы і ўтаймаваць інфляцыю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь не загінула. «Скажам шчыра: наш чалавек не вельмі і адчуў гэты глабальны крызіс. Мы забяспечылі хоць і не такі, як планавалі, але невялікі рух наперад нават у крызісны год, калі па валавому ўнутранаму прадукту практычна ўсе дзяржавы мінусавалі, — хоць каля 2 працэнтаў, але прырост мы атрымалі», — падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта і ёсць праяўленне таго, што называецца надзейным запасам трываласці эканамічнай сістэмы. Стабільнасць эканомікі Беларусі адчувальна вырасла, таму можна з поўнай падставай  сцвярджаць, што створаны надзейны плацдарм для паскоранага развіцця эканомікі ў чарговай пяцігодцы.

СЯРЭДНІ КЛАС ГРАМАДСТВА Ў БЕЛАРУСІ ЎЖО СФАРМІРАВАЎСЯ — А.ЛУКАШЭНКА

У Беларусі ўжо сфарміраваўся сярэдні клас грамадства. Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на IV Усебеларускім народным сходзе.

Сёння тых, хто лічыць сябе чалавекам з сярэднім дастаткам, — амаль дзве трэці, у той час як пяцігодку таму такіх было напалову менш. І гэта пры тым, што эканамічны крызіс яшчэ толькі заканчваецца. «Людзей, якія дастаткова зарабляюць на сябе і свае сем’і, ды яшчэ ствараюць рабочыя месцы, павінна быць як мага больш. І чым хутчэй, тым лепш», — лічыць Прэзідэнт.

Ёсць і багатыя людзі. Але пры гэтым вельмі важна, што няма моцнага сацыяльнага расслаення. Беларусь уваходзіць у дзясятку краін з найменшай сацыяльнай няроўнасцю. Розніца ў даходах у Беларусі за апошнія гады складае прыблізна 5 разоў (прыкладна як у Германіі, Аўстрыі і Швецыі). У Расіі яна — амаль 20 разоў.

«На еўрапейскі ўзровень мы будзем арыентавацца і ў будучым, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта зусім не азначае, што будуць стрымлівацца высокія даходы. Наадварот, дзяржаўная палітыка нацэлена на тое, каб заможных людзей станавілася больш. Але пры гэтым каб прапарцыянальна падцягваліся і астанія слаі грамадства».

«Калі палавіна жабракоў боўтаецца на дне грамадства, а 1-2 працэнты складаюць алігархі або тыя, хто добра сябе адчувае, — гэта не дзяржава, і яе рана ці позна чакае крах. Мы гэтага не павінны дапусціць у нашай краіне», — падкрэсліў беларускі лідар.

А.ЛУКАШЭНКА ДАРУЧЫЎ ВЫПРАЦАВАЦЬ ПРАГРАМУ РАЗВІЦЦЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА Ў МАЛАДЗЁЖНЫМ АСЯРОДДЗІ

Праграму развіцця прадпрымальніцтва ў маладзёжным асяроддзі трэба выпрацаваць у Беларусі. Такое даручэнне ўраду, Нацыянальнаму банку і БРСМ даў на IV Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава будзе ўсяляк падтрымліваць маладую навуковую думку і маладзёжныя ініцыятывы ў цэлым, бо моладзь — самая дынамічная і прадпрымальная частка насельніцтва, у якой ёсць жаданне рызыкаваць, ствараць новае, шукаць найбольш паспяховыя рашэнні. Стане проста адкрыць уласную справу, асабліва для маладых, хоць і цяпер асаблівых цяжкасцей не ўзнікае.

Сёння краіне як ніколі неабходна ініцыятыўнасць і энергія моладзі — менавіта гэтыя якасці забяспечаць дынамічнае развіццё дзяржавы. «Беларусь павінна быць краінай вялікіх магчымасцей», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што функцыя дзяржавы — даць моладзі жыццёвы «трамплін» і базавыя гарантыі ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Паводле яго слоў, у рэспубліцы створаны ўсе ўмовы, каб кожны чалавек мог рэалізаваць сябе ў роднай краіне: на вытворчасці, у бізнесе, навуцы, мастацтве. Асаблівая ўвага ўдзяляецца талентам. З 1996 года функцыянуюць спецыяльныя фонды Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і таленавітай моладзі. За час іх дзейнасці больш як 20 тыс. чалавек адзначаны стыпендыямі, прэміямі і іншымі ўзнагародамі.

Створаны банк даных таленавітых маладых людзей і кадравы рэзерв. Кожны юнак або дзяўчына, уключаныя ў іх, знаходзяцца пад пільнай увагай дзяржавы, каб не даць ім згубіцца, дапамагчы заняць дастойнае месца ў жыцці.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі спынена ўцечка мазгоў з краіны. Больш таго, многія вучоныя, якія раней выехалі за мяжу, вярнуліся ў Беларусь, таму што яны запатрабаваны і могуць рэалізаваць сябе на радзіме. Прэзідэнт лічыць: для таго каб іншыя дзяржавы не пераманьвалі да сябе самых таленавітых і здольных беларусаў, трэба не прыдумваць нейкія загараджальныя меры, а проціпаставіць замежным спакусам свае ўласныя прывабныя магчымасці і цікавыя перспектывы.

«Але тут важна і іншае. Што б мы ні рабілі, якія б умовы мы ні стваралі, але калі не зможам з дзяцінства прывіць любоў да сваёй Радзімы, нічога ў нас не атрымаецца. Бо ў свеце заўсёды будуць такія месцы і краіны, дзе жыццё багацейшае, дзе вучоным або артыстам будуць плаціць больш. Патрыятызм, упэўненасць у будучым сваёй краіны і жаданне зрабіць яе лепш — вось галоўнае, што павінна быць у сённяшняй моладзі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў беларускай навукі вялікая і слаўная будучыня, аб чым сведчыць праведзены нядаўна Маладзёжны інавацыйны форум, дзе былі прадстаўлены ўнікальныя распрацоўкі маладых вучоных. У прыватнасці, юнакі нават стварылі спецыяльны крышталь, які выкарыстоўваецца ў знакамітым Вялікім адронным калайдары.

«Цікавасць і энтузіязм, з якімі наша маладое пакаленне ўдзельнічае ў жыцці краіны, сведчаць аб тым, што мы можам вырашыць самыя амбіцыйныя задачы!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

БЕЛАРУСЬ ДА 2016 ГОДА ПА ДОЛІ ВУП НА ДУШУ НАСЕЛЬНІЦТВА ПАВІННА ВЫЙСЦІ НА СЯРЭДНЕЕЎРАПЕЙСКІ ПАКАЗЧЫК — А.ЛУКАШЭНКА

Беларусь да 2016 года па долі ВУП на душу насельніцтва павінна выйсці на сярэднееўрапейскі паказчык. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка 6 снежня на IV Усебеларускім народным сходзе.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў асноўных палажэннях праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку закладзены вельмі напружаныя паказчыкі, прызначаныя забяспечыць істотнае павышэнне дабрабыту беларусаў. «Рост валавога ўнутранага прадукту за пяцігодку павінен скласці 162-168 працэнтаў, гэта значыць па долі ВУП на душу насельніцтва да 2016 года мы павінны выйсці фактычна на сярэднееўрапейскія паказчыкі», — падкрэсліў ён. Гэта максімальныя тэмпы росту за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Пры гэтым забяспечваць іх давядзецца адносна ўжо дасягнутай даволі высокай базы, дадаў Прэзідэнт.

У ліку прыярытэтных задач у эканоміцы Аляксандр Лукашэнка назваў энергетычную бяспеку, імпартазамяшчэнне, лекавую бяспеку, збалансаванасць знешняга гандлю і нарошчванне экспарту. «Для Беларусі энергабяспека — паняцце не статыстычнае, а стратэгічнае, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Гэта пытанне нашай незалежнасці як дзяржавы і гарантыя стабільнасці нашай эканомікі». Паводле яго слоў, работа ўрада павінна быць накіравана на тое, каб да 2015 года забяспечыць атрыманне больш як 30 працэнтаў першаснай энергіі з уласных крыніц, а астатнія 70 працэнтаў дыверсіфікаваць як па пастаўшчыках, так і па відах.

Пры гэтым нельга забываць і аб энергазберажэнні, адзначыў кіраўнік дзяржавы. «За пяць гадоў энергаёмістасць валавога ўнутранага прадукту ўжо скарочана на чвэрць. Гэтага катэгарычна недастаткова, — падкрэсліў ён. — У наступнай пяцігодцы па энергаэфектыўнасці эканомікі мы павінны ўвайсці ў клуб еўрапейскіх краін».

УСЕ ПРЭТЭНЗІІ ГРАМАДЗЯН ПА ЯКАСЦІ ЎВЕДЗЕНАГА Ў СТРОЙ ЖЫЛЛЯ ПАВІННЫ БЫЦЬ ЗАДАВОЛЕНЫ ДА КАНЦА ГОДА — ПРЭЗІДЭНТ

Усе прэтэнзіі грамадзян па якасці ўведзенага ў строй жылля павінны быць задаволены да канца года. Такую задачу паставіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на IV Усебеларускім народным сходзе.

Паводле слоў беларускага лідара, «ніякія мільёны квадратных метраў паўнацэнна не вырашаць праблему, калі не будзе забяспечана якасць жыллёвага будаўніцтва». «Гэта тэма ўжо нагнала аскому , — прызнаў ён. — І для яе вырашэння ж не патрэбны ні дадатковыя грошы, ні працоўныя рэсурсы. Прычына ў адным — наплявацельскія адносіны да сваёй работы і людзей. Да канца года ўсе прэтэнзіі грамадзян па якасці ўведзенага ў строй жылля павінны быць задаволены. За гэта асабіста адказвае міністр архітэктуры і будаўніцтва».

Калі ў далейшым будуць паступаць такія скаргі, усе члены камісіі, якая прымала дом у эксплуатацыю, павінны прыцягвацца да строгай адказнасці, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку кіраўніка дзяржавы, трэба ў цэлым змяніць падыходы да жыллёвага будаўніцтва. «Ужо недастаткова толькі ўзводзіць жылыя дамы. Будаваць трэба комплексы — каб чалавек, засяліўшыся ў кватэру, не ездзіў за край свету ў магазін, дзіцячы сад або школу, — сказаў ён. — Старшыні абласных і Мінскага гарадскога аблвыканкамаў павінны нацэліць на гэта ўсіх забудоўшчыкаў незалежна ад формы ўласнасці.

У БЕЛАРУСІ Ў БУДУЧАЙ ПЯЦІГОДЦЫ БУДУЦЬ КАНЧАТКОВА ВЫРАШАНЫ ПЫТАННІ ДАСТУПНАСЦІ І ЯКАСЦІ ЖЫЛЛЯ — А.ЛУКАШЭНКА

У Беларусі ў будучай пяцігодцы будуць канчаткова вырашаны пытанні даступнасці і якасці жылля. Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на IV Усебеларускім народным сходзе.

У рэспубліцы да 2015 года павінна быць уведзена 42 млн. кв.м жылля, што ў 1,6 раза больш, чым у бягучай пяцігодцы, сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што жыллёвае будаўніцтва застанецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі. Шмат зроблена ў гэтай сферы. На працягу некалькіх гадоў па колькасці пабудаваных кватэр на 10 тыс. насельніцтва Беларусь лідзіруе сярод усіх краін СНД і ўваходзіць у групу дзяржаў свету з высокімі паказчыкамі.

Запланаванае павелічэнне рэальных грашовых даходаў павінна да 2016 года зрабіць для асноўнай масы насельніцтва даступным будаўніцтва жылля за кошт уласных і пазыковых сродкаў.

«Для грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, будзе пабудавана з дзяржаўнай падтрымкай не менш як 50 працэнтаў жылля. Акрамя таго, пашырыцца інстытут ільготнага крэдытавання, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Нядаўна я падпісаў указ аб зніжэнні ў гарадах з колькасцю да 50 тыс. жыхароў стаўкі па льготных крэдытах на жыллё да 1 працэнта гадавых. Гэта ўнікальныя ўмовы — такіх у свеце няма».

Сёння няма ніякіх праблем атрымаць зямельны ўчастак пад будаўніцтва жылля. «За грошы або бясплатна — у залежнасці ад прававых падстаў набыцця ўчастка, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Бяры і будуй свой уласны дом».

У БЕЛАРУСІ СТВОРАНЫ ЎСЕ ЎМОВЫ ДЛЯ ЗАБЕСПЯЧЭННЯ ПОЎНАЙ ЗАНЯТАСЦІ — ПРЭЗІДЭНТ

Узровень беспрацоўя ў Беларусі складае менш як 1 працэнт — гэта значна ніжэй, чым у многіх развітых краінах свету. Аб гэтым паведаміў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 снежня на IV Усебеларускім народным сходзе.

Для параўнання: у Германіі гэты паказчык складае 7,5 працэнта, у Вялікабрытаніі — больш за 5 працэнтаў, у Японіі — 4 працэнты, у ЗША даходзіць да 10 працэнтаў, а ў Іспаніі — больш як 20 працэнтаў.

«Без беспадстаўнай сціпласці мы можам ганарыцца тым, што нават у самы складаны крызісны перыяд, калі ў свеце без работы засталіся сотні мільёнаў людзей, у Беларусі не дапусцілі масавых скарачэнняў. І калі нават недзе скарачалі, то значна больш было рабочых месц у тым рэгіёне, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — У цяжкі крызісны 2009 год у эканоміцы краіны былі заняты  нават на 0,7 працэнта больш, чым ў спрыяльны 2008 год».

Аляксандр Лукашэнка задаў рытарычнае пытанне: дык хто ж больш клапоціцца аб захаванні найважнейшых правоў чалавека, — тыя, хто гаворыць, ці тыя, хто робіць? І якое з правоў больш прыярытэтнае — права мітынгаваць або права на працу? Для разумных людзей адказ абсалютна відавочны.

У Беларусі створаны ўсе ўмовы для таго, каб была забяспечана поўная занятасць. Сёння дастаткова прапаноў па працаўладкаванню. Усё астатняе залежыць ад жадання і патэнцыялу самога чалавека. І ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці ў будучай пяцігодцы ўсе пытанні па заработнай плаце будуць зняты. «Не таму, што мы вам дадзім, — мы дапаможам вам зарабіць. І мы ведаем, як гэта рабіць. Мы павінны стварыць умовы для людзей, каб яны самі зарабілі. І нашы людзі могуць зарабіць», — перакананы кіраўнік дзяржавы.

«Той, хто будзе працаваць больш старанна і шмат, — і атрымае значна больш. Не горш, чым за мяжой. Гэта я вам цвёрда абяцаю, — сказаў беларускі лідар. — Добра што работы ў нас хоць адбаўляй. Вакансій у тры разы больш, чым беспрацоўных. Але абы-каго на вытворчасць не возьмуць — трэба імкнуцца адпавядаць узроўню той работы, на якую ты прэтэндуеш. Такія рэаліі жыцця».

СУР’ЁЗНУЮ ЎВАГУ НЕАБХОДНА ЎДЗЯЛІЦЬ ЯКАСЦІ АДУКАЦЫІ — А.ЛУКАШЭНКА

Пытанню якасці адукацыі неабходна ўдзяліць сур’ёзную ўвагу ў Беларусі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 снежня на IV Усебеларускім народным сходзе.

«Трэба добра ўсвядоміць: для такой краіны, як Беларусь, чый дабрабыт залежыць ад тэхналогій і знешніх рынкаў, адукацыя — стратэгічны рэсурс. Колькасныя паказчыкі ў нас ўжо найвышэйшага ўзроўню. Пара максімальна сур’ёзна брацца за якасны бок адукацыі, напрыклад, у такіх матэрыях, як сучасны менеджмент, фінансы, маркетынг. Тут нам яшчэ ісці і ісці, а мы ўжо адстаём у гэтай справе ад патрэбнасцей эканомікі і задач на знешніх рынках», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт перакананы, што ў Беларусі неабходна мяняць структуру падрыхтоўкі спецыялістаў, арыентуючыся на запыты і патрэбы нашай эканомікі. Рыхтаваць у першую чаргу праграмістаў, інжынерна-тэхнічных і іншых запатрабаваных на рынку працы работнікаў.

Нагадаем, што адукацыя — трэці складальнік, які вызначае якасць жыцця, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па гэтаму паказчыку Беларусь займае 23-ю пазіцыю ў індэксе сусветнага рэйтынгу дабрабыту насельніцтва. «Гэта вельмі высокі паказчык», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у нашай краіне ўжо даўно ўсе дзеці атрымліваюць сярэднюю адукацыю. Прадастаўлены самыя шырокія магчымасці для атрымання вышэйшай адукацыі. «Бадай, ніколі за ўсю сучасную гісторыю ў Беларусі не было такой вялікай колькасці людзей, якія навучаюцца ў ВНУ, і якія маюць вышэйшую адукацыю», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым важнейшым поспехам рэспублікі ў гэтай сферы ён назваў той факт, што ў Беларусі атрымалася забяспечыць роўнадаступнасць вышэйшай адукацыі і справядлівасць пры паступленні для ўсіх абітурыентаў — і гарадскіх, і сельскіх.

Таксама да поспехаў сферы адукацыі рэспублікі ён аднёс развіццё сярэдняй прафесійнай адукацыі. «У адрозненне ад іншых постсавецкіх краін нам удалося не толькі захаваць сярэднюю прафесійную адукацыю, але і ўзняць яе на якасна новы ўзровень. Такая воля часу. Сучасны рабочы — не проста рабочы, гэта па сутнасці інжынер», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Паглядзіце на нашых суседзяў, — прадоўжыў ён. — Там многія вытворчасці спыніліся з-за таго, што няма каму працаваць. Мы гэтага не дапусцілі». Сёння ў краіне рыхтуюць кадры па розных рабочых спецыяльнасцях і для Беларусі, і для іншых краін, якія накіроўваюць сваіх грамадзян вучыцца ў беларускія прафесійна-тэхнічныя вучылішчы, ліцэі і каледжы.

Істотна абнавілі ў Беларусі сістэму сярэдняй адукацыі, узяўшы за аснову лепшыя традыцыі савецкай школы, дапаўняючы яе пазітыўным замежным вопытам. Паводле слоў Прэзідэнта, рэфармаванне ў цэлым завершана, таму без эксперыментаў і ломак будзе ўдасканальвацца створанае.

Акрамя таго, больш увагі плануецца ўдзяляць далейшаму ўзмацненню матэрыяльнай падтрымкі навучэнцаў і студэнтаў, вырашэнню пытанняў забяспечанасці інтэрнатамі і паляпшэнню ўмоў пражывання ў іх, іншых надзённых праблем навучэнскай моладзі.

ПАМЕР ЗАРАБОТНАЙ ПЛАТЫ Ў БЕЛАРУСІ ДА 2015 ГОДА НАБЛІЗІЦЦА ДА $1 ТЫС. — А.ЛУКАШЭНКА

Памер заработнай платы ў Беларусі да 2015 года павінен наблізіцца да $1 тыс. у эквіваленце. Гэта самыя высокія ў нашай гісторыі тэмпы росту заработнай платы і даходаў насельніцтва, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на IV Усебеларускім народным сходзе.

«Калі ў час крызісу ў багатых еўрапейскіх і іншых развітых краінах людзей тысячамі выкідвалі на вуліцу, я катэгарычна забараніў кіраўнікам прадпрыемстваў рабіць гэта ў нас, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я ўжо тады вам гаварыў: крызіс рана ці позна скончыцца, што і адбываецца цяпер. Попыт у тым ліку на нашу прадукцыю будзе расці. Але калі мы звольнім работнікаў, развалім працоўныя калектывы, хто потым будзе вырабляць гэту прадукцыю? Больш таго, страцім кваліфікаваную рабочую сілу. Ну, а галоўнае: куды ж пойдуць гэтыя людзі, нашы людзі?»

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Калі ва ўмовах крызісу попыт на тавары падае, а пры неабходнай колькасці пяцьсот чалавек на вытворчасці мы трымаем тысячу, то і зарплата будзе ў два разы меншая. У нас было два варыянты: або мільёны людзей на вуліцу, або больш-менш прыстойная зарплата для гэтых мільёнаў. З двух ліх выбралі меншае. Тады мільёны людзей стаялі перад фактам страціць работу».

Аднак і ў гэтых умовах да канца 2010 года сярэдняя заработная плата дасягне $500 у цэлым па краіне. «Вядома, сярэдняе — не значыць ва ўсіх. Аднак рэальныя даходы на душу насельніцтва ў параўнанні з 2005 годам павысіліся амаль у 2 разы, значна выраслі даходы найменш забяспечаных грамадзян, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Фактычна за пяць гадоў па мінімальнаму ўзроўню аплаты працы мы ўзняліся да максімальных задач мінулай пяцігодкі».

Зарплата $500 або нават $1000 — меншая за еўрапейскі ўзровень. Але гэта калі лічыць толькі яе намінальнае значэнне. Аднак нельга не ўлічваць, што дзяржава добраахвотна ўзяла на сябе значную частку расходаў, звязаных з сацыяльным забеспячэннем грамадзян.

Прэзідэнт прывёў даныя Сусветнага банка, Міжнароднага валютнага фонду і іншых міжнародных агенцтваў. Так, насельніцтва аплачвае менш як 30 працэнтаў рэальнага кошту жыллёва-камунальных паслуг, 40 працэнтаў кошту праезду ў грамадскім транспарце, толькі 10 працэнтаў затрат на ўтрыманне кожнага дзіцяці ў дзіцячым садзе і толькі 0,5 працэнта расходаў на навучанне аднаго вучня ў школе. Астатняе кампенсуе дзяржава. Сюды ж трэба дадаць тыя вялікія сродкі, якія затрачвае дзяржава на медыцынскае абслугоўванне, адукацыю ў ВНУ, харчаванне ў школах, не гаворачы ўжо аб датацыях вёсцы на вытворчасць прадуктаў харчавання. І калі падсумаваць усё гэта, то ўзровень даходаў насельніцтва будзе цалкам супастаўны з еўрапейскім, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заявіў таксама аб неабходнасці ўстанавіць дастойны ўзровень мінімальнай заработнай платы, ніжэй за якую не павінен атрымліваць ні адзін рабочы, — яна будзе складаць не менш як трэць ад сярэдняй зарплаты.

Усе намаганні дзяржавы былі і будуць накіраваны на няўхільны рост дабрабыту нашых грамадзян, запэўніў Прэзідэнт.

ДОЛЯ ІНАВАЦЫЙНАЙ ПРАДУКЦЫІ Ў ПРАМВЫТВОРЧАСЦІ БЕЛАРУСІ Ў БУДУЧАЙ ПЯЦІГОДЦЫ ПАВІННА СКЛАСЦІ НЕ МЕНШ ЯК 20 ПРАЦЭНТАЎ — А.ЛУКАШЭНКА

Доля інавацыйнай, высокарэнтабельнай прадукцыі ў агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці ў Беларусі ў будучай пяцігодцы павінна скласці не менш як 20 працэнтаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 снежня на IV Усебеларускім народным сходзе.

«Паслядоўнае змяненне аблічча беларускай эканомікі будзе забяспечана праз мадэрнізацыю дзеючых вытворчасцей і стварэнне яе новых навукаёмістых сектараў і прадпрыемстваў, каб у новай пяцігодцы мы ўстойліва мелі ў агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці не менш як 20 працэнтаў інавацыйнай, высокарэнтабельнай прадукцыі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У кожнай вобласці і Мінску павінна быць рэалізавана не менш як 25-30 знакавых дзяржаўных інвестыцыйных і інавацыйных праектаў. Персанальная адказнасць за гэта ляжыць на губернатарах і галіновых міністрах, нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Такія праекты дадуць новыя рабочыя месцы, сусветны ўзровень канкурэнтаздольнасці і эфектыўнасці, а значыць, і высокую аплату працы, дадаў ён.

Паводле слоў Прэзідэнта, «Беларусь стаіць на парозе новай эканамічнай палітыкі, змяняецца структура эканомікі». «Трэба адысці ад арыентаванасці на ўвоз вельмі вялікіх аб’ёмаў сыравіны і энергіі для вытворчасці невялікай дабаўленай вартасці, — сказаў ён. — Эканоміка павінна прырастаць за кошт прынцыпова новых галін і прадпрыемстваў, якія даюць прадукт з высокай дабаўленай вартасцю». Перавагу павінны атрымаць прадпрыемствы, заснаваныя на ўласнай сыравіне і рэсурсах. «Менавіта такія прадпрыемствы будзем будаваць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у Беларусі пакуль яшчэ не навучыліся па-гаспадарску ставіцца да мясцовых рэсурсаў. У якасці прыкладу ён прывёў гарбарную сыравіну. «Наша краіна з развітой жывёлагадоўляй у год вырабляе больш як мільён штук шкур, аднак айчынныя прадпрыемствы лёгкай прамысловасці закупляюць сыравіну за мяжой, а нашы рынкі забіты імпартнымі таварамі са скуры: кажухі, курткі, абутак — сцягнулі амаль з усяго свету на мільёны долараў, — абурыўся Прэзідэнт. — Чаму мы не развіваем у сябе вытворчасці на сваёй жа сыравіне, а экспартуем яе, каб потым у выглядзе гатовай прадукцыі імпартаваць?»

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што, калі скурсыравіна не вельмі добрай якасці, трэба яе даводзіць да патрэбных стандартаў. «За мяжой шыюць прыгажэй? Што перашкаджае і нам гэтаму навучыцца? — задаў ён пытанне. — Умелыя рукі, добры густ плюс якасная сыравіна — упэўнены, выраб атрымаецца не горшы. Проста трэба самім грунтоўна працаваць. А гэта больш складана, чым закупляць па імпарту».

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час у Беларусі «ўжо наводзілі парадак з драўнінай, і паспяхова». «Гэтак жа трэба прайсціся і па ўсіх іншых відах сыравіны», — лічыць ён.

У новай пяцігодцы Беларусь сканцэнтруе намаганні на рэалізацыі некалькіх нацыянальных праектаў тэхналагічнага прарыву, якія павінны вырашыць важнейшыя дзяржаўна значныя задачы і заснаваны на ўласных прыродных і інтэлектуальных рэсурсах, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

А.ЛУКАШЭНКА: ФАРМАЦЭЎТЫЧНАЙ ГАЛІНЕ БЕЛАРУСІ НЕАБХОДНЫ РЭВАЛЮЦЫЙНЫ ПРАРЫЎ

Фармацэўтычнай галіне Беларусі неабходны рэвалюцыйны прарыў, заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе.

«Вопыт «свінога» і «птушынага» грыпу паказвае, якія глабальныя спекуляцыі адбываюцца на рынку лякарстваў, цэлыя індустрыі працуюць над фарміраваннем у планетарным маштабе панікі, істэрыі і хаосу, — сказаў Прэзідэнт. — А мы ад гэтага не абаронены. Наша фармацэўтычная галіна адстала ад выклікаў часу. Так, выпускаем нядрэнную базавую лінейку прэпаратаў, але гэта — ХХ стагоддзе».



Добавить комментарий