РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ

Общество

РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ

ад члена Саюза журналістаў Беларусі

Наталлі ШТЭЙНЕР

 

   У апошні дзень чэрвеня ў Валожынскім прафесіянальным сельскагаспадарчым ліцэі ў чарговы раз прайшло ўрачыстае ўручэнне дыпломаў аб прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі.

У самастойнае жыццё выпусцілі 48 спецыялістаў. Яны атрымалі наступныя прафесіі: швачка, цырульнік, агароднік, трактарыст, вадзіцель, слесар па рамонце сельгасмашын і абсталявання. Кожнаму з выпускнікоў гарантавана першае рабочае месца. Па мэтаваму накіраванню вучыўся ў ліцэі Іван Рудзік, які паедзе працаваць у КСУП “Сугвазды-агра”. Добрую памяць пра сябе пакінулі такія навучэнцы, як Кацярына Дзенюш, Уладзімір Крамянецкі, Вераніка Балашка. На ўрачыстасці з канцэртнай праграмай выступалі салісты раённага цэнтра культуры.

 

 

   З 10-га ліпеня і да канца жніўня ў Мінскай вобласці аб’яўлена прафілактычная акцыя “Бяспечныя канікулы”. Супрацоўнікі аддзялення ДАІ аддзела ўнутраных спраў сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама будуць праводзіць гутаркі з дзецьмі ў летніках аб правілах паводзін на дарозе, запланаваны таксама сумесныя рэйды і іншыя мерапрыемствы.

У чэрвені на дарогах раёна не зарэгістраваны аварыі з удзелам непаўналетніх. А вось ліпень, на жаль, адкрыў такую статыстыку. Позна вечарам у нядзелю, 5 ліпеня, на 69-м кіламетры аўтадарогі Мінск-Ашмяны, на Сугваздаўскім перакрыжаванні, сутыкнуліся аўтамабіль “Пежо-307” з аўтамабілем “Вольва”. Пасля дарожна-транспартнага здарэння пасажыры “Пежо”, жыхары Валожына, дзяўчынка 2008 года нараджэння і хлопчык 2004 года нараджэння з траўмамі дастаўлены ў раённую бальніцу.

 

 

   У другой палове чэрвеня на базе Капыльскага лясгаса прайшлі абласныя спаборніцтвы “Лесаруб-2015”.

Вальшчык Івянецкага лясніцтва Віктар Лукашык у намінацыі “Валка лесу” ў групе “Б” заняў першае месца. А па выніках агульнага заліку ён быў трэцім у сваёй групе. У спаборніцтвах машыністаў фарвардара прадстаўнік нашага лясгаса Андрэй Кавалеўскі заняў другое прызавое месца.

 

   З 1-га ліпеня экалагічны студэнцкі атрад “Грэнада”, сфарміраваны на базе жылкамунгаса, прыступіў да ўборкі гарадскіх могілак. Касцяк атрада з 19 чалавек складаюць навучэнцы ліцэя. Узначальвае яго педагог-арганізатар Данута Аляксандрава.

З 6-га ліпеня на будаўнічай пляцоўцы фізкультурна-аздараўленчага комплексу з’явіліся члены атрада “Будаўнік”. Фронт работ забяспечвае ААТ “ПМК-188”. Камандзір атрада – майстар вытворчага навучання ліцэя Мікалай Камінскі. Пад яго кіраўніцтвам працуюць 9 чалавек.

 

 

   Больш за 130 вуллёў утрымліваюцца на пчолапасецы Валожынскага лясгаса, якая знаходзіцца ва ўрочышчы “Клім”. Сёлета пчоласем’і былі вывезены на качэўе на рапсавыя палеткі.

Першы мёд, чыста рапсавы, пачалі качаць з 15 чэрвеня. Назапашана больш чым 1,5 тоны карыснага прадукту. Асабліва карысны рапсавы мёд сардэчнікам. Набыць яго можна непасрэдна ў канторы лясгаса. Дарэчы, спецыяльна за ім прыязджаюць пакупнікі нават са сталіцы.

Чарговая партыя мёду чакаецца ў жніўні.

 

 

   Першымі абрадавае свята “Купалле” ладзілі культработнікі Івянецкага Дома культуры. Яны вырашылі вярнуцца да вытокаў і назвалі праграму ”Ой рана, на Яна!”.

Кастрышча было раскладзена на беразе Валмянкі. У тэатралізаваным дзеянні прымалі ўдзел Ян і Яніна, вакальны і харэаграфічны гурты народнага ансамбля “Журавінка”. Распачала свята гульнявая праграма для дзяцей, на якую завітаў Мядзведзь і гуляў з мясцовымі деткамі і гасцямі ў розныя народныя гульні. Культработнікі аднавілі ўсе моманты купальскага абраду. Пакуль гарэла вогнішча, гучалі народныя песні ў сучаснай апрацоўцы фольк-поп-гурта “Маладзея” з Чысцінскага Дома культуры Маладзечанскага раёна, працавалі гандлёвыя кропкі, казытаў нос пах духмяных шашлыкоў.

Папараць-кветку пашчасціла адшукаць мясцоваму жыхару, нядаўняму вайскоўцу, Аляксандру Голубу. Старшыня гарпасялковага Савета дэпутатаў Тэрэза Ліпніцкая разам са шчодрым Янам уручалі івянчанам заслужаныя ўзнагароды. Грамату за самы прыгожы падворак атрымаў гаспадар Валерый Новік з завулка Савецкага, самым лепшым агародам быў прызнаны агарод гаспадароў Якубоўскіх з вуліцы Дзяржынскага, а самай лепшай брамкай – брамка Пятра Ахрэма з вуліцы Стаўбцоўскай.

Абрадавыя святы традыцыйна прайшлі ў Ракаве і Валожыне.



Добавить комментарий