ВЕЛАТУРУ ДОЖДЖ – НЕ ПЕРАШКОДА!

Общество

У суботу наш раён сустрэў удзельнікаў абласнога веласіпеднага тура, прысвечанага 70-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Старт па маршруце агульнай працягласцю больш за 25 кіламетраў быў дадзены ў вёсцы Шараі.

 

Нягледзячы на «нялётнае», прахалоднае і дажджлівае надвор’е, усе ўдзельнікі мерапрыемства – работнікі структурных падраздзяленняў Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і абласных ведамасных арганізацый – не адмовіліся ад ідэі адолець на двухколавых транспартных сродках шматкіламетровую дыстанцыю. Сваім прыкладам яны зацвердзілі асноўную мэту велатура, які ладзіўся для папулярызацыі веласіпеднага спорту і прапаганды здаровага ладу жыцця на Міншчыне, арганізацыі вольнага часу працоўных і далучэння іх да рэгулярных заняткаў фізічнымі практыкаваннямі.

велатуру дождж2

Першым пунктам прыпынку на шляху веласіпедыстаў стаў мемарыяльны комплекс «Загінуўшых чакаюць вечна…» у аграгарадку Доры. Кожны з удзельнікаў мерапрыемства палічыў сваім абавязкам наведаць гэтае месца, каб аддаць даніну павагі нашым землякам, жыцці якіх заўчасна абарвала Вялікая Айчынная вайна. Гваздзікі, што засталіся палымнець ля падножжа мемарыяла, – толькі невялікая частка той светлай памяці, якая і праз 7 дзясяткаў гадоў дапамагае захоўваць мір і спакой на нашай шматпакутнай зямлі…

велатуру дождж3

Пасля завяршэння мітынгу ўдзельнікі мерапрыемства зноў узяліся за рулі сваіх веласіпедаў: іх чакаў няблізкі шлях да ваколіц Ракава – у вёску Міхалова, дзе і прайшлі астатнія дзеі, прадугледжаныя праграмай тура. На маляўнічай паляне быў раскінуты палатачны лагер, а пасля пэўных арганізацыйна-бытавых момантаў усе жадаючыя змаглі паўдзельнічаць у наладжаных спартыўных конкурсах: паркавым валейболе, дартсе, фігурным ваджэнні веласіпеда, а таксама жартоўных спаборніцтвах на кіданне валёнка, выяўленне «самых хуткіх на мятле» і інш.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий