РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ

Общество

ад члена Саюза журналістаў Беларусі

Наталлі ШТЭЙНЕР

 

З пачатку ліпеня ў Мінскай вобласці адбылося 6 пажараў у памяшканнях сенасховішчаў.

Гэта стала падставай для праверак у кожным раёне. Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праверылі ўмовы захоўвання грубых кармоў у сельгаспрадпрыемствах. Правераны 17 сенасховішчаў. Вынікі іх несуцяшальныя. Менш за ўсё нараканняў у адрас кіраўніцтва КСУП “Сугвазды-агра”. Грубыя парушэнні норм і правілаў пажарнай бяспекі выяўлены ў КСУП “Падбярэззе”, КСУП “Сакаўшчына-агра”, КУП “Сівіца”. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты большасць кіраўнікоў гаспадарак і службовых асоб, адказных за захаванне грубых кармоў.

 

Працягваюцца школьныя канікулы, і сотні школьнікаў раёна арганізавана адпачываюць у аздараўленчых і профільных летніках, санаторыях рэспублікі і за мяжой.

12 ліпеня завяршылася лагерная змена для 43 падлеткаў у палатачным лагеры “Астравок здароўя”, што раскінуўся ля вёскі Замасцяны. З 14 ліпеня там пачынаецца новая змена. Лагер “Лідар” збярэ на дзевяцідзённы адпачынак 46 актывістаў з розных школ раёна. Насычаную праграму падрыхтавалі для дзяцей педагогі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна.

 

Раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа атрымала дадаткова 40 дзесяцікілаграмовых прадуктовых пасылак.

Па ўмовах Швейцарскага Чырвонага Крыжа, які фінансуе гэты дабрачынны праект, кожны чалавек, што мае патрэбу ў прадуктах харчавання, атрымае на рукі па дзве пасылкі. Прадуктовыя наборы адпраўлены ўжо ў 3 мнагадзетныя сям’і і 4 адзінокім малазабяспечаным пенсіянерам.

 

За першае паўгоддзе бягучага года ў раёне з’явіліся на свет 154 немаўляці, што на 42 дзіцяці менш, чым за такі ж леташні перыяд.

Хлопчыкаў нарадзілася 85, а дзяўчынак – на 16 менш. За шэсць месяцаў у раёне не нарадзілася ніводнай двойні. У адной сям’і з’явілася на свет пятае дзіця, у 10-і – чацвёртае, у 22-х – трэцяе. 56 жанчын сталі маці ўпершыню.

Сярод імён, якія бацькі далі сваім сынам, лідзіруе Уладзіслаў (5 немаўлят), другое месца падзялілі Арсеній, Кірыл, Цімафей, Максім, Мацвей (па 4), на трэцім – Аляксандр, Аляксей, Арцём, Глеб, Данііл, Іван, Ілля, Міхаіл, Мікалай, Павел (па 3 дзіцяці). Да рэдкіх мужчынскіх імён можна аднесці Ярамір, Алесь, Даніэль, Марат, Серафім, Эмір. Сярод жаночых імён лідараў адразу некалькі – Аляксандра, Ганна, Марыя, Сафія (па 5), затым ідуць Анастасія, Ангеліна, Дар’я (па 4), Вікторыя, Ксенія, Мілана, Паліна (па 3). Сярод жаночых імён зусім “экзатычных” не назіраецца. Да рэдкіх можна аднесці Караліну, Уладу і Уладзіславу, Кіру і Міру, Таісію.

 

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі прыдбаў да летніх канікулаў батут коштам каля 4 мільёнаў рублёў.

Устанаўліваюць яго ў мікрараёне Папоўка на пляцоўцы насупраць рабочага інтэрната. Забава карыстаецца попытам у хлопчыкаў і дзяўчынак садзікаўскага і малодшага школьнага ўзросту, а кошт даволі прымальны для бацькоў.

 

   Праз бібліятэчны калектар у бібліятэкі раёна паступіла за шэсць месяцаў 2055 экзэмпляраў кніг і брашур.

Сярод іх новыя раманы Д. Рубінай і М. Трауб, К. Вільмонт і М. Мятліцкай, А. Марынінай і В. Лявонцьева, Т. Усцінавай і А. Роя. На мінулым тыдні ў бібліятэкі размеркаваны 40 экзэмпляраў калектыўнага зборніка членаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК “Помнім і жывём”. У бібліятэках раёна налічваецца 10585 чытачоў, з іх – 3684 дзяцей. 1240 чытачоў наведваюць раённую бібліятэку, 1049 чалавек запісаны ў чытальнай зале раённай бібліятэкі.

 

83 мільёны рублёў бюджэтных сродкаў укладзены ў рамонт будынка па вуліцы Партызанскай райцэнтра, дзе размяшчаюцца народнае аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца” і аддзяленне дзіцячай школы мастацтваў.

Заменены вокны і міжпакаёвыя дзверы. Наперадзе рамонт даху, замена ліўнёўкі і пафарбоўка фасада. Рамонтныя работы вядуцца гаспадарчым спосабам.



Добавить комментарий