“ДАБРЫНI ЗАШМАТ НЕ БЫВАЕ…”

Культура

На ціхай вуліцы Энгельса ў райцэнтры, воддаль ад шумных аўтадарог і гаманкіх магазінаў стаіць двухпавярховы дом, у якім жыве дружная сям’я Язерскіх. Сядзіба іх пабудавана ў 1940-м годзе, мае нетыповае для нашай мясцовасці архітэктурнае рашэнне і лёс, цесна пераплецены з Украінай…

Эдуард Канстанцінавіч і Тамара Аляксандраўна Язерскія пазнаёміліся ў 1974 годзе. Карэнны валожынец закахаўся ў прыгажуню-ўкраінку з Чарнігаўшчыны з першага погляду. Да таго ж Тамара і пявунняй аказалася такой, што ногі саб’еш – а не знойдзеш. Яна і зараз, без перабольшвання, самая яркая салістка раённай самадзейнасці. Ды і Эдуарда Канстанцінавіча Бог музычным талентам не пакрыўдзіў. Чатыры дзесяцігоддзі яны ў гарманічным сямейным дуэце, побач і на сцэне.

 

Калі іх агульны шлях толькі пачынаўся, Тамара шчыра прызналася: “Кухарка з мяне «нікудышная» – нічога гатаваць не ўмею…”. Але Эдуарда гэта не спалохала. Усміхнуўся і сказаў: “Не перажывай, у маёй сям’і не прынята жанчыну работай загружаць. Маці мая хоць і хатняя гаспадыня, але большую частку клопатаў па дому і гаспадарцы бацька выконвае. Я таксама да такога ўкладу гатовы, абы ты была побач…”.

Словы мужа заінтрыга валі Тамару: яна ніколі не бачыла, каб маці, сваячкі ці суседкі сядзелі склаўшы рукі. Іншая справа – незамужнія дзяўчаты. Маладосць даецца, каб бестурботна пагуляць і павесяліцца, потым жаночая доля рэзка мяняецца.

Так, без усялякіх практычных навыкаў дзяўчына-хахлушка і прыехала ўслед за каханым у вялікі, утульны дом свёкра і свякрухі. Праўда, праз год-другі ў яе руках ужо ўся работа кіпела. І ў адрас Тамары, як гаспадыні, ніхто каменем не кінуў. З засяленнем маладажонаў памаладзеў стары дом, расцвіў кветкамі падворак, а хутка і напоўніўся дзіцячымі галасамі.

Зараз у Тамары Аляксандраўны і Эдуарда Канстанцінавіча – пяцёра дзяцей, дзевяць унукаў і адзін праўнук.

“Ты ж зямлячка нашаму будынку! Вось ён цябе, як родную, і атуляе!” – жартавалі мужавы бацькі Станіслава Сцяпанаўна і Канстанцін Іванавіч.

У 1938 годзе, калі дом толькі планаваўся, Канстанцін Іванавіч служыў у Лідскім гарнізоне войска Польскага. Так як меў за плячыма адукацыю (паспеў скончыць Варшаўскі тэхнікум), то і пасаду займаў неблагую – намеснік камандзіра палка па харчовым забеспячэнні.

Прывабны, статны афіцэр не раз лавіў на сабе зацікаўленыя позіркі дзяўчат ці то ў Вільні, ці то ў Гродне, ці то ў Варшаве. Але пару ён падабраў сабе ў родным Валожыне. У Паніззі (зараз вуліца Леніна), жыла досыць заможная сям’я Гарбачэўскіх. Адзін з сыноў меў прафесію шаўца, другі кажухі шыў, дачка Станіслава таксама атрымала адукацыю, але галоўным яе пасагам была незвычайная прыгажосць: загадкавы позірк блакітных вачэй, бялюткая скура, мяккія рысы твару, лебядзіная шыя, спрытнасць у рухах… І пры гэтым – ганарлівы характар і арыстакратычныя павадкі. Карацей, пры знешняй вытанчанасці, Стася кісейнай паненкай не з’яўлялася.

Яшчэ да прыходу Саветаў Канстанцін і Станіслава пабраліся шлюбам. Муж зарабляў грошы, а жонка займалася будоўляй. Да справы маладая жанчына падышла сур’ёзна. У адным з часопісаў яна прачытала, што на Украіне, недзе ў Чарнігаўскай губерні займаюцца загатоўкай карабельных сосен. Тэхналогія высушвання дрэва настолькі адмысловая, што сасна робіцца бы граніт. Браты дапамаглі Стасі даставіць у Валожын тых дарагіх бярвенняў. Было арганізавана некалькі рэйсаў, бо будынак планаваўся вялікім, у два паверхі. Да сённяшняга дня захавалася зацверджаная Стасяй планіроўка: высокая, больш за два метры столь, два ўваходы, калідор, кухня, з кухні – выхад у сталовую, ёсць дзіцячы пакой, спальня, зала. У зале – лесвіца, якая вядзе на другі паверх. І ўсё – з цвёрдай, бы камень, сасны. Калі сёлета электраманцёр Уладзімір Макей мяняў у Язерскіх праводку, то не мог зразумець, з чаго выраблены сцены: здаецца, дрэва, бо абы трохі закрануў – тут жа водар свежай смалы. Але цвік не ўваб’еш, дрэль ломіцца, а долата тупіцца.

дабрыни зашмат не бываем

Упраўляцца па дому Стасі дапамагалі найміткі. Адна верай і праўдай служыла нават пры сацыялізме, аж да 60-х гадоў. Калі меркаваць па фатаграфіі, то домработніца ў доме Язерскіх не гаравала: моднае паліто, туфлі, прыгожая прычоска. Нават і не здагадаешся, дзе гаспадыня, а дзе – служанка… У больш познія часы клопаты па гаспадарцы ўзяў на сябе муж, Канстанцін Іванавіч. Ён і агарод садзіў, і палоў яго, і курэй разводзіў. А Стася, як шапталіся суседзі, “шанавалася”. Але такі ўклад задавальняў і мужа, і жонку, і дзяцей. Дакладней, аднаго сына, Эдуарда, бо старэйшы хлопчык памёр ад менінгіту адразу пасля вайны. Не перадаць словамі бацькоўскае гора… Яны дакаралі сябе яшчэ і за тое, што не змаглі загадзя паклапаціцца пра фотакартачку сына: каб час ад часу паглядзець на любы твар. На выручку прыйшоў мастак-самавучка з Валожына Антанюк, юны, але рукасты. Простым алоўкам ён намаляваў па памяці твар памерлага хлопчыка. Не вядома, ці паважаецца прафесіянальнымі мастакамі такая тэхніка, але на партрэце і не распазнаеш штрыхоў ці рысак – фатаграфія, дый і годзе! Партрэт павесілі ў сталовай, побач з партрэтам бацькі, выкананым дыпламаваным мастаком алейнымі фарбамі. Тут жа і фотапартрэт Станіславы Сцяпанаўны, зроблены падчас яе падарожжа па краінах Еўропы.

Фатаграфій у доме з кожным годам становіцца ўсё больш: сям’я разрастаецца, бы той ружавы куст, што даглядае дачка Ала. Яна кожную вольную хвіліну гатова ахвяраваць вырошчванню кветак, засадзіць імі ўвесь немаленькі зямельны ўчастак.

Так ужо павялося: калі ў каго з Язерскіх з’яўляецца хобі, то аддаюцца яны яму цалкам, шчыра. Тамару Аляксандраўну ў грыбную пару з лесу не выганіш: ні страху, ні стомы там не адчувае. Дзякуючы гэтаму захапленню, на стале заўсёды прысутнічаюць марынаваныя баравічкі і салёныя грузды. Эдуард Канстанцінавіч праз усё жыццё пранёс у сэрцы павагу да простай дзіцячай цацкі. Лялькамі, мядзведзікамі, конікамі, паравозікамі і машынкамі з любоўю ўпрыгожаны кожны пакой у доме. “Цацка – гэта ж адбітак нечага добрага сэрца. Паглядзіце, хіба такую мілую рэч мог прыдумаць злосны чалавек?” – філасофствуе гаспадар і адначасова любуецца на сваю калекцыю. А потым дадае: “Дабрыні зашмат не бывае…”

З самымі рознымі праявамі дабрыні ў Язерскіх сустракаешся на кожным кроку. Так, каля ўвахода ў іх двор ляжыць даволі вялікі, гарбаты камень. Сын Аляксандр прыкінуў вокам і ўкапаў побач выгнутую металічную трубу, і атрымаўся лебедзь. Кожны год, на лета, прыязджае ўнучка Хрысціна і фарбуе “лебедзю” тулава, шыю, дзюбу… Гэта работа як раз для яе. Малая ганарыцца, што ўклад у агульную справу ўносіць. Усе гэта разумеюць і ніхто з радні не адымае ў дзіцяці прычыну для радасці.

Тамара Аляксандраўна, будучы ўкраінкай, добра гаворыць па-беларуску.

А яшчэ, каму давялося хоць раз пераначаваць у доме Язерскіх, прызнаюцца, што так добра ім больш нідзе не спалася…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

 



Добавить комментарий