ПАРАДАК НА ЗЯМЛI – У ПРЫЯРЫТЭЦЕ

Общество

У аўторак Валожынскі, Маладзечанскі і Вілейскі раёны наведала дэлегацыя журналістаў СМІ рэспублікі і Міншчыны пад кіраўніцтвам старшыні абласнога Савета дэпутатаў Івана Эдуардавіча Ліпніцкага. На мэце прыезду стаяў маніторынг сітуацыі з навядзеннем парадку на зямлі, зносам старых і аварыйных будынкаў.

На Валожыншчыне ўдзельнікаў сустрэлі старшыня райвыканкама Уладзімір Антонавіч Наумовіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Францавіч Глінскі. Першым пунктам прыпынку на маршруце стала ферма “Паморшчына” ТАА “Тарасава”, дзе зараз і праводзіцца такая работа. На месцы былой фермы працуе магутная тэхніка. Паводле заключанага дагавору са спецыялізаванай фірмай агрэгат не толькі цалкам разбурыў аварыйны будынак, але і расшчапіў сцены, дах. З высока паднятага “каўша” – так выглядае складаны здрабняльны механізм – сыпіцца друз: такім чынам аддзяляецца бетон ад кавалкаў металічнай арматуры. Як расказаў журналістам дырэктар сельгаспрадпрыемства Руслан Анфімавіч Міхалевіч, атрыманае жалеза здаецца на перапрацоўку і такім чынам зарабляюцца дадатковыя грошы.   Для большай выручкі першапачаткова планавалася прадаваць атрыманую масу для падсыпкі і будучага асфальтавання дарог. Аднак выявілася праблема: выдаліць металічныя рэшткі з сумесі цалкам аказалася немагчыма. А гэта значыць, рана ці позна пры зношванні дарожнага палатна вострыя асколкі пракалолі б шыны аўтамабіляў. У такой сітуацыі аварыі былі б непазбежныя… Таму ад гэтай задумкі давялося адмовіцца. Другая праблема – у кошце работ. Хоць знос будынкаў спосабам здрабнення – самы хуткі і эфектыўны, але ён з’яўляецца і самым дарагім. Цана, выстаўленая падрадчыкам у адрас ТАА “Тарасава”, перасягнула 260 мільёнаў рублёў. Дорага. Далёка не кожнай гаспадарцы па плячы такі фінансавы “груз”. Зрэшты, каля 1200 тон друзу, атрыманага з былой фермы аб’ёмам 500 кубаметраў, усё ж будуць выкарыстаны ў гаспадарчых мэтах. На МТФ “Паморшчына” расчышчаецца пляцоўка пад будаўніцтва: у будучыні тут з’явіцца новы жывёлагадоўчы комплекс, і ўказаны матэрыял прыйдзецца вельмі дарэчы.

парадак на зямлі

Значна больш выгадным з эканамічнага пункту погляду выглядае дэмантаж старых, безгаспадарчых і аварыйных дамоў і збудаванняў. Старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч паведаміў, што з пачатку года ў раёне такім спосабам знесена 26 аб’ектаў. Сёлета плануецца знесці яшчэ 15. Адна падобная аперацыя абыходзіцца ў сярэднім у 50 мільёнаў рублёў. Трэба ўлічваць і тое, што рэшткі драўляных будынкаў (а такіх большасць) затым выкарыстоўваюцца ў якасці паліва для кацельняў на мясцовых відах паліва. Тое, што не здольна згарэць, закапваецца ў глебу на 5-метровую глыбіню, зверху зноў накрываецца ўрадлівым пластам. Такім чынам, і шкоды прыродзе няма, і вызваляюцца новыя тэрыторыі, якія неўзабаве або ўваходзяць у залік сельскагаспадарчых земляў, або выстаўляюцца на аўкцыён для далейшага продажу.
парадак на зямлі2

Канкрэтны прыклад гэтай рабоце журналісты ўбачылі, наведаўшы вытворчы ўчастак “Доры” ТАА “Тарасава”. На месцы былога аварыйнага будынка фермы цяпер – роўная пляцоўка. Знос толькі адных гэтых гмахаў дазволіў летась уключыць у сельгасабарот 2 дадатковыя гектары зямлі. Тут была пасеяна прамежкавая культура, прызначаная павялічыць урадлівасць участка. Паўнацэннае яго асваенне не за гарамі. Пліты перакрыцця, якія засталіся пасля дэмантажу, акуратна складзіраваны: яшчэ спатрэбяцца ў будучым.
парадак на зямлі3

Дэлегацыю па-добраму ўразіў і ахайны знешні выгляд прыдарожных палос, тэрыторый вакол сельгасаб’ектаў. Там, дзе да падтрымання акуратнасці і парадку адносяцца па-гаспадарску, будуць і ўраджайныя намалоты, і прыбыткі. Вядома ж, чысціня патрабуе ахвяр. У канкрэтным разгледжаным выпадку – немалых фінансавых укладанняў. Аднак, такім чынам вырашаецца адразу некалькі задач: рыхтуюцца пляцоўкі пад новае будаўніцтва або ўчасткі для продажу, уводзяцца ў сельскагаспадарчы абарот новыя землі. Нельга не ўлічваць і той факт, што рэзка зніжаецца верагоднасць няшчасных выпадкаў з наведвальнікамі аварыйных будынкаў. А іх, згодна са статыстыкай, было не так і мала… Жыццё кожнага чалавека – паняцце святое. А жыццё сярод чысціні і парадку – ідэал, які і імкнуцца забяспечыць на ўсіх узроўнях улады.
парадак на зямлі5

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий