РЭГIЯНАЛЬНЫЯ НАВIНЫ

Общество

ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

 

   На святочным мерапрыемстве з нагоды Міжнароднага дня кааперацыі шэрагу работнікаў райспажыўтаварыства ўручаны ўзнагароды.

Вышэйшай узнагародай праўлення Белкаапсаюза – Ганаровым знакам “Выдатнік спажывецкай кааперацыі Рэспублікі Беларусь” – узнагароджана загадчыца магазіна вёскі Дубіна-Вяршыцкая Леанарда Іосіфаўна Вяршыцкая. На адным месцы – за прылаўкам гэтага магазіна – жанчына працуе з 1974 года. Нагрудны знак “50 гадоў працоўнай дзейнасці ў спажывецкай кааперацыі Рэспублікі Беларусь” уручаны нарыхтоўшчыку прадуктаў і сыравіны аддзела нарыхтовак Марыі Мікалаеўне Юхневіч, якая і сёння актыўна працуе і выдатна спраўляецца з нарыхтоўкамі. Нагрудных знакаў “30 гадоў працоўнай дзейнасці ў спажывецкай кааперацыі Рэспублікі Беларусь” удастоены ветэран калектыву Зінаіда Аляксееўна Гарачая і начальнік аддзела грамадскага харчавання Валянціна Уладзіміраўна Шакун.

 

 

   Гуманітарны груз на суму 38 мільёнаў беларускіх рублёў прыбыў у раён з Германіі ад экуменістычнай арганізацыі “Чарнобыльская дапамога для Валожына”, заснаванай у 1992 годзе.

Кіраўнік арганізацыі Герхард Крамер асабіста прыбыў у раён для раздачы гуманітарнага груза. Гуманітарная дапамога адрасавана тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва для малазабяспечаных катэгорый грамадзян, сярэдняй школе № 1 райцэнтра, дашкольнаму цэнтру развіцця дзіцяці “Расінка” ў Валожыне і Ракаўскаму дзіцячаму саду. У апошнюю дашкольную ўстанову адпраўлены пасцельная бялізна, цацкі, канцылярскія тавары, а таксама – музычная апаратура, лінолеум, пральная, сушыльная і прасавальная машыны. 15 ліпеня Герхард Крамер дапамагаў устанаўліваць новае абсталяванне.

 

   За першыя шэсць месяцаў года ў аддзеле ЗАГС зарэгістраваны 99 шлюбаў – на чатыры больш, чым за такі ж перыяд летась.

Дарэчы, ва ўзросце больш за 60 гадоў, шлюбныя адносіны аформілі 6 жаніхоў і 5 нявест, 17 з іх дасягнулі пенсіённага ўзросту. Менавіта з-за гэтага павялічыўся і сярэдні ўзрост маладажонаў: у мужчын ён складае 34 гады, у жанчын – 31.

 

   У спартыўна-забаўляльным цэнтры “Алімпік-2011” у Маладзечне прайшла летняя абласная спартакіяда работнікаў лясгасаў Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання. Лесаводы вобласці вызначалі лепшага ў міні-футболе, настольным тэнісе, гіравым спорце, шашках, лёгкай атлетыцы і дартсе.

У камандзе нашага лясгаса вызначыліся вадзіцель Аляксандр Данік, які заняў другое месца ў спаборніцтвах па настольным тэнісе, і бухгалтар Пяршайскага лясніцтва Таццяна Казыра, якая заваявала другое месца ў дартсе. У спаборніцтвах па міні-футболе нашы лясгасаўцы былі чацвёртымі.

 

   Цікавымі экспанатамі папоўніліся фонды Івянецкага музея традыцыйнай культуры. Жонка ўраджэнца Валожыншчыны Канстанціна Іосіфавіча Паплаўскага Ала Сакалоўская перадала ў дар музею яго асабістыя рэчы – скрыпку, дудку, каніфоль смычковую, 44 адзінкі нот да народных песень, апрацаваных і запісаных рукой таленавітага музыканта, 16 фотаздымкаў з сямейнага архіва, іншыя дакументы.

За шэсць месяцаў у Івянецкім музеі пабывалі 8939 наведвальнікаў. Новае паўгоддзе пачалося з сустрэчы дэлегацыі Массавета, якая прыязджала на святкаванне Дня Незалежнасці рэспублікі ў Дзяржынск. Дарэчы, у дэлегацыі з Масквы быў адзін з нашчадкаў роду Дзяржынскіх, які надзвычай зацікавіўся экспазіцыяй музея, дзе ёсць куток, прысвечаны «Жалезнаму Феліксу». А 9 ліпеня ў музеі пабывалі скауты з Гродна. З пачатку года былі арганізаваны 16 выстаў. Навуковыя супрацоўнікі музея распрацавалі новую праграму – “Падарожжа старога капелюша”, на якую запрашальныя білеты атрымліваюць вучні малодшых класаў мясцовай сярэдняй школы. Іх знаёмяць з багатай гісторыяй гарадскога пасёлка, з цікавымі і таленавітымі людзьмі, якіх можна сустрэць на вуліцах, у завяршэнне дэманструюць дакументальную стужку пра Івянец 1980-90-х гадоў.

   Сёлета ў студыю “Добрага настрою” на канале СТВ былі запрошаны майстры з івянецкай зоны: ганчар Уладзімір Сасноўскі, ткач з Каменя Вітольд Малютка і майстрыха па пляценні паясоў Наталля Лукашык з Суднікаў з іх вучнямі, якія расказвалі пра народныя промыслы, дэманстравалі свае работы.



Добавить комментарий