ЗАМУРАВАНЫ АРХIЎ

Культура

У пятніцу 10 ліпеня ў 16.30, падчас рэстаўрацыйных работ у Вішнеўскім касцёле Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі Святой Альжбеты, была знойдзена вялікая колькасць архіўных дакументаў перыяду 1828-1943 гадоў, кніг, а таксама арганных рэгістраў работы віленскага майстра Фларыяна Астрамецкага. Усяго ў спісе знаходак – 35 найменняў.

Клад, выпадкова ці не, быў схаваны яшчэ пры немцах, да прыходу Савецкіх войск у час Вялікай Айчыннай вайны і знаходзіўся на другім паверсе паміж галоўным фасадным акном і арганам. Цікава, што ўсё захавалася ў выдатным стане, і навукоўцы, якія будуць працаваць з архівам, без цяжкасцей змогуць прачытаць, чым жыла Вішнеўская парафія напачатку ХХ-га стагоддзя. Сярод дакументаў ёсць кадастравы план касцельных зямель на Вішнеўшчыне, запісы актаў грамадзянскага стану ад 1916 да 1941 гадоў, касцельныя кнігі, падпісаныя віленскім біскупам Юрыем Матулевічам, які пасля смерці абвешчаны Багаславёным.

замураваны архіў

Як мяркуе кіраўнік рэстаўрацыйных работ, мастак Алесь Пушкін, самай цікавай знаходкай з’яўляюцца эскізы касцельнага фасаду і ўнутранага ўбранства храма. Аказваецца, будынак мог мець зусім іншы выгляд, выкананы па канонах неагатычнага стылю. Аднак архітэктары зрабілі правільны выбар на карысць позняга барока. Тры акварэльныя эскізы галоўнага алтара датаваны 1901-1903 гадамі і, магчыма, належаць руцэ Фердынанда Рушчыца, які ў той час быў студэнтам і на канікулах маляваў Вішнеўскі касцёл. У выніку тых эцюдаў нарадзілася карціна, якая захавалася да сучаснасці.
замураваны архіў2

Усё гэта багацце было акуратна складзена ў папкі і закручана ў даматканую посцілку. Побач знаходзіліся кіпы духоўных кніг на польскай мове, большасць з якіх выдадзена яшчэ ў часы, калі наш край уваходзіў у склад Расійскай імперыі. Ёсць шмат дзіцячай літаратуры, зборнікаў драматургічных твораў. На кожным асобніку – штамп, які сведчыць, што пры касцёле існавала ўласная бібліятэка.
замураваны архіў3

Выдатна захаваліся партрэты тагачаснага прэзідэнта Польскай Рэспублікі Ігнацыя Масціцкага і маршала Юзафа Пілсудскага.

Асноўную частку знойдзенага багацця плануецца перадаць у Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь і Упраўленне па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве Рэспублікі Беларусь.

А вось галаснікі-рэгістры да касцельнага аргана хутчэй за ўсё будуць выкарыстаны па свайму прамому назначэнню. Палітра шматгалосага інструмента з устаноўкай знойдзеных дэталяў павялічыць дыяпазон яшчэ на 22 гукі.

Акт аб знаходцы падпісаны 11 ліпеня ў 10.45 ксяндзом-пробашчам касцёла Дзевы Марыі Ю. Мельдзюком, навуковым кіраўніком рэстраўрацыйных работ А. Пушкіным, старшынёй касцельнага камітэта П. Балдоўскім, арганісткай касцёла М. Трапашка.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *