СВЯТА ЎДАЛОСЯ НАСЛАВУ

Общество

Даўно ў вёсцы Капусціна Валожынскага сельсавета не было так гаманліва і мнагалюдна – нядзельным ліпеньскім днём тут ладзілася свята вёскі. Ініцыятарамі яго правядзення сталі Валожынскі сельвыканкам, савет вёскі і стараста Антаніна Уладзіміраўна Станкевіч.

Урачыстая атмасфера панавала з самай раніцы. У цэнтры населенага пункта, на сядзібе Марыі Аляксандраўны і Анатолія Іванавіча Пачыкоўскіх, устанавілі імправізаваную сцэну, апаратуру. Падворак упрыгожылі саматканымі посцілкамі, вышыванымі рушнікамі. Паўсюдна чуліся гоман, жарты, смех. Нават дождж не з’явіўся перашкодай, каб завітаць на юбілей вёскі. Людзі прыйшлі сем’ямі, з дзецьмі, унукамі. Мерапрыемства з удзелам прадстаўнікоў сельвыканкама, сельгаспрадпрыемства, артыстаў для сельскіх жыхароў – падзея. Тым больш, калі яна прымеркавана да 490-годдзя роднай вёскі.

У 12.00 распачалася канцэртная праграма, якую падрыхтавалі ўдзельнікі народнага калектыву гумару “Дубінскія фанабэры”. У пачатку свята з віншавальным словам да жыхароў вёскі звярнуўся старшыня Валожынскага сельвыканкама Дзмітрый Казіміравіч Карачун. Ён адзначыў, што гэта ўрачыстасць дала магчымасць сабрацца разам усім вяскоўцам, каб успомніць мінулае, парадавацца новым поспехам і яшчэ раз пераканацца, што самы цудоўны куточак на свеце — той, дзе пашчасціла нарадзіцца і вырасці.

свята удалося на славу

На свята завітаў дырэктар СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”, дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Капусцінскай выбарчай акрузе Генадзій Уладзіміравіч Бычкоўскі. Шчыра і пранікнёна прагучалі яго вітальныя словы. Ён павіншаваў вяскоўцаў і адзначыў, што ў Капусціне жывуць гаспадарлівыя, спагадлівыя, добрыя людзі, а такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць і ствараюць добразычлівую атмасферу.

Святочная праграма дала магчымасць у гэты дзень ушанаваць жыхароў вёскі Капусціна ў розных намінацыях. Цёпла віталі самага старэйшага, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, 93-гадовага Ф. Р. Унучака. Яму пажадалі моцнага здароўя і ад сельвыканкама ўручылі на памяць аб свяце падарунак.

Узгадалі яшчэ адну катэгорыю жыхароў – юбіляраў. Віншаванні прымалі Л. І. Шакун, П. Г. Шакун, Ф. А. Саевіч, М. М. Косік, Я. Э. Кезік, В. П. Пуставы, М. А. Пачыкоўская, А. І. Пачыкоўскі, І. К. Федаровіч, А. А. Шакун, В. У. Станкевіч, С. А. Сухадолец, С. У. Мандрык, І. Б. Шакун, В. А. Родзевіч, Ж. У. Шчарбачэвіч, Д. І. Пятровіч. Для кожнага вядучыя мерапрыемства знаходзілі простыя пранікнёныя словы.

Самы маленькі жыхар вёскі – Жэня Ярашэвіч, якому 2,5 гады. Яго бацькам – Таццяне Іванаўне і Сяргею Сяргеевічу – таксама быў уручаны ад сельвыканкама падарунак з пажаданнямі дабрабыту і шчасця. Добрыя словы былі сказаны і ў адрас шматдзетных сем’яў Федаровічаў і Ярашэвічаў.

Капусцінцы даглядаюць сваю вёску, шануюць, падтрымліваюць парадак, таму яна выглядае прыгожай і ўтульнай. Самымі лепшымі былі прызнаны падворкі Л. І. Унучак і Я. Э. Кезік. Жанчыны прыкладаюць многа сіл і старання, каб добраўпарадкаваць свае сядзібы.

Ніхто з жыхароў у гэты дзень не быў абдзелены ўвагай – ім дарылі народныя і лірычныя песні, іскрамётныя сцэнкі ўдзельнікі народнага калектыву гумару “Дубінскія фанабэры”. Такія цёплыя сяброўскія сустрэчы – сапраўдная аддушына для вяскоўцаў. Святочны дзень быў напоўнены настроем, радасцю, прагай да жыцця.

Напрыканцы ўрачыстасці словы ўдзячнасці ў свой адрас пачулі гаспадары падворка, на якім ладзілася дзея, Пачыкоўскія, стараста вёскі А. У. Станкевіч, якая прыняла непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы свята. Удзячнасць выказалі старшыні і работнікам бухгалтэрыі сельвыканкама за магчымасць дастойна правесці ўрачыстасць і ўручыць падарункі ўсім намінантам.

Пасля свята вёска зноў прыціхла. Аднак у душы кожнага застаўся адгалосак сустрэчы, якую капусцінцы з нецярпеннем будуць чакаць зноў.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий