ДУШОЮ З КВЕТКАМI ЗРАСЛАСЯ…

Культура

Двор Веры Уладзіміраўны Міхалькевіч з вёскі Крыніца патанае ў кветках, пачынаючы з вясны і да позняй восені. Першацветы і марознікі змяняюцца крокусамі і флоксамі, яркімі фарбамі радуюць вока чырвоныя, белыя і жоўтыя хрызантэмы, пышна распускаюцца каралевы падворка – гіганцкія вяргіні…

Менавіта з гэтых прыгажунь-красак захапленне кветкаводствам перарасло ў гаспадыні ў апантанасць – у самым добрым значэнні гэтага выраза. Самую першую «вяргіню-родапачынальніцу» прыслалі з Масквы пляменніцы Веры Уладзіміраўны ў 1997 годзе: жанчына расказала маладым сваячкам пра тое, як наведалася ў мінскі Батанічны сад і як у душу ёй запалі незвычайна буйныя бутоны гэтай расліны. “Хуткія на пад’ём” дзяўчаты вырашылі зрабіць прыемны сюрпрыз любімай цётачцы. І, як бачым, не прагадалі…

душою з кветкамі зраслася

Увогуле ж, любоў да кветак Вера Уладзіміраўна пераняла ад матулі, якая, нягледзячы на шматлікія гаспадарчыя клопаты, заўсёды выкройвала час на догляд за пяшчотнымі “сонейкамі ў пялёстках”. Гэткай жа цеплынёй і клопатам атуляе рукатворную прыгажосць і гераіня сённяшняга аповяду. У размешчаным пад домам невялікім склепе зімой захоўваюца не саленні-варэнні: там створаны спрыяльны мікраклімат менавіта для парасткаў вяргінь. Ранняй вясной, як надворнае паветра па-сапраўднаму праграецца, жанчына засыпае кожны парастак сухімі апілкамі, каб хутчэй ішлі пупышкі ў рост. Выкопвае пад будучую пасадку выключна віламі: так менш рызыкі пашкодзіць карэнні, якія ад цэнтральнага ствала разыходзяцца амаль на паўметра. На падворку ж таксама павінен быць дакладны парадак: кожны куст высаджваецца на адлегласці 1 метр ад суседняга – каб і сонца хапала раслінам, і пажыўных рэчываў.

Догляд за кветкамі даўно ператварыўся для В. У. Міхалькевіч у своеасаблівы рытуал. Рыхленне, падкормка, паліванне штовечар… Затое і вынік відавочны: дзесьці на клумбах толькі-толькі пачынаюць нясмела падымацца ад зямлі першыя завязі, а гэты падворак ужо зіхаціць буйнымі, цяжкімі суквеццямі. Да жанчыны даволі часта звяртаюцца з просьбамі падзяліцца і прадметам клопату, і сакрэтамі за яго догляду. Нікому не адмовіла за доўгія гады. Калі на нейчым двары распускаецца новы бутон, расцвітае і душа кветкавода…

Сяргей САДОЎСКІ,

фота з дамашняга архіва

В. У. Міхалькевіч



Добавить комментарий