Валожыншчыну наведаў прэм’ер-мiнiстр

Официально

У мінулую пятніцу ў час рабочай паездкі наш раён наведаў прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Андрэй Уладзіміравіч КАБЯКОЎ. Кіраўнік урада завітаў на МТФ “Даўбені” СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”, дзе з яго ўдзелам быў разгледжаны ход будаўніцтва і рэканструкцыі малочных ферм.

Даклад па гэтым пытанні трымаў старшыня Мінскага аблвыканкама С. Б. Шапіра. Сямён Барысавіч закцэнтаваў увагу прэм’ер-міністра на асобных праблемных пытаннях, якія ўзнікаюць падчас такіх работ. У прыватнасці, прэтэнзіі паступілі ў адрас праекціроўшчыкаў, якія завышаюць кошт будаўніцтва, уводзячы непатрэбныя або вельмі дарагія канструкцыі. Як прыклад – будаўніцтва дэзінфікацыйных бар’ераў на ўездах на тэрыторыю малочнатаварных ферм. Для нармальнага функцыянавання гэтага элемента неабходна, як мінімум, зрабіць сцёк (для своечасовай замены дэзінфікацыйнай вадкасці) і накрыць яму дахам. Гэтыя патрабаванні выконваюцца рэдка дзе. Акрамя таго, дэзбар’еры часта механізатары папросту аб’язджаюць. Такім чынам, ні аб якой абароне аб’екта і размовы быць не можа.

У адказ на гэта прэм’ер-міністр адзначыў: «Калі навука абсалютна аб’ектыўна пацвярджае, што на такога тыпу фермах гэты дэзбар’ер не патрэбны, давайце ўбяром. Калі ж ветурачы будуць настойваць, што ён патрэбны, зробім у нармальным выглядзе».

Паводле слоў Сямёна Барысавіча, гэта не адзіны момант, за кошт якога праекціроўшчыкі імкнуцца павялічыць кошт праектных работ. Раскрытыкаваў ён і непатрэбныя на МТФ шклопакеты (па правілах, памяшканні павінны добра праветрывацца), і дарагія маланкаадводы, і многае іншае.

Андрэй Уладзіміравіч Кабякоў упэўнены, што гэта проста недахопы ў арганізацыі работы. “Можна сіламі аблсельгасхарча вылучыць будаўнічую групу, якая займалася б і выконвала функцыю заказчыка прафесійна, – лічыць ён. – Прафесійных будаўнікоў у Мінскай вобласці дастаткова, каб прыцягнуць і прымусіць праекціроўшчыкаў нармальна спраектаваць, а падрадчыкаў нармальна працаваць”.

На думку С. Б. Шапіры, перашкаджае і “нейкая разбалаванасць кіраўнікоў гаспадарак, якая назіраецца апошнія гады”. Калі раней фермы будаваліся, галоўным чынам, уласнымі сіламі гаспадарак, то цяпер кіраўнікі сталі запрашаць спецыялізаваныя арганізацыі, кошт будаўніцтва ў якіх істотна вышэйшы. “Потым паўстае дылема: або павялічыць зарплату даярцы, або аддаць грошы на пагашэнне даўгоў за будаўніцтва. На жаль, сёння мы з-за гэтага маем пэўныя фінансавыя праблемы”, – адзначыў старшыня абласнога выканаўчага камітэта.

Сямён Барысавіч падзяліўся вопытам Мінскай вобласці. У рэгіёне рэалізуецца праграма, згодна з якой кожнай гаспадарцы, якой неабходна пабудаваць будынак (ферму) і якая гатова і можа гэта зрабіць, за кошт абласнога бюджэту выдзяляюцца грошы, праводзяцца праектныя работы, перавозка жалезабетонных канструкцый, іх мантаж. Гаспадаркі павінны сваімі сіламі зрабіць падлогу, тарцы будынка і накрыць дах па жалезабетонных перакрыццях. Кошт такой фермы не перавышае 1,5 мільярда рублёў, з якіх 1 мільярд – сродкі абласнога бюджэту. Каб вырашыць праблему даўгабудаў, быў прапанаваны такі механізм: калі гаспадарка на працягу трох месяцаў пасля завяршэння мантажу здае ферму ў эксплуатацыю, мільярд аддаецца ў якасці дапамогі дзяржавы (на павелічэнне долі дзяржавы ў акцыянерным таварыстве). Калі тэрмін не выконваецца, гэтыя грошы трэба вярнуць. Таксама на дапамогу дзяржавы, паводле слоў С. Б. Шапіры, могуць разлічваць тыя, хто ўклаўся ў 500 мільёнаў пры будаўніцтве фермы.

Па матэрыялах БелТА



Добавить комментарий