У сельскагаспадарчай галіне працуе чвэрць стагоддзя

Общество

Валерый ЗЯНЬКО ў сельскагаспадарчай галіне працуе чвэрць стагоддзя. Яго родная гаспадарка – СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз». У прафесію механізатара прыйшоў, маючы за плячыма чатыры гады вадзіцельскага стажу. І нечакана так прывык да трактара, што зараз і не думае мяняць яго на іншую тэхніку. Ды і на зарплату Валерыю Уладзіміравічу грэх скардзіцца. 

Вядома, грошы на зямлі зарабляюцца нялёгка. Але вопыт, памножаны на старанне, дае механізатару магчымасць трымацца ў лідарах. В. У. Зянько мы засталі на полі каля Бабровічаў, дзе ён на сваім МТЗ-1221, абсталяваным прэспадборшчыкам, нарыхтоўваў сена.

У СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз» штогод дабіваюцца нядрэнных вынікаў на “зялёным” жніве. А сёлетнія паказчыкі нават лепшыя, чым летась. Пасля першага і другога ўкосаў траў тут нарыхтавана 37668 тон сена, 8250 тон сенажу, 7803 тоны сіласу, што на адну ўмоўную карову складае 14,57 цэнтнера кармавых адзінак.

Усё сена, якое ў гаспадарцы прэсуецца на стойлавы перыяд, – клопат Валерыя Уладзіміравіча. І ён спраўляецца з гэтым выдатна.

Зусім мала часу застаецца да таго моманту, калі галоўнай справай для В. У. Зянько, як і іншых хлебаробаў, стануць збожжавыя палеткі. Для Валерыя Уладзіміравіча і там свая, асобая, але такая прывычная работа – прэсаванне саломы. Таму пасля заканчэння працоўнай змены механізатар яшчэ шмат увагі ўдзяляе і тэхнічнаму агляду даручанай тэхнікі, сочыць, каб яна была ў спраўным стане і не падвяла ў “гарачую” пару жніва.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий