Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

  У кацельнай аграгарадка Пяршаі, якая цяпер належыць РУП “Валожынскі жылкамунгас”, газавыя катлы мяняюць на катлы, якія будуць працаваць на мясцовых відах паліва. Дэмантаж чатырох газавых катлоў “Факел-Г” магутнасцю 1 МВт кожны пачаўся месяц таму.

Тры з чатырох газавых катлоў убралі цалкам, адзін вырашылі пакінуць у рэзерве. На мінулым тыдні пачалі ўстаноўку двух новых катлоў “КВР-0,45” магутнасцю 0,45 МВт. У новым ацяпляльным сезоне вясковая кацельня будзе працаваць у больш эканомным рэжыме. 

 

 Як паведамлялася раней, у раёне з гуманітарнай місіяй знаходзіўся даўні сябра з Германіі Герхард Крамер, які ўзначальвае адну з дабрачынных арганізацый. У чарговай партыі гуманітарнага грузу знайшлося месца і спартыўнай амуніцыі для каманды юных футбалістаў Валожына.

Гэта пяць камплектаў дзіцячай спартыўнай формы (майкі, трусы, гетры), два спартыўныя касцюмы, а таксама тры камплекты судзейскай спартыўнай формы, у якія ўваходзяць нават дажджавікі, футбольныя свісткі. Сертыфікат на суму 2 мільёны рублёў на набыццё спартыўнага інвентару атрымала гімназія № 1 ад абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Да новага навучальнага года прыдбалі ўжо 2 футбольныя сеткі, баскетбольныя сеткі на кольцы, 15 абручоў і 10 скакалак з лічыльнікамі.

 

 Раённае спажывецкае таварыства поўным ходам вядзе нарыхтоўку ранняй агародніны, ягад. Акрамя трох штатных нарыхтоўшчыкаў садовыя ягады і чарніцы прымаюць усе прадуктовыя магазіны раёна. Сёлета ў цэнах мясцовыя кааператары ўдала канкурыруюць з рыначнымі камерсантамі.

Раннюю бульбу, моркву, буракі, цыбулю, часнок, агуркі, капусту, таматы прымаюць ад насельніцтва на складзе гароднінасховішча. Усім магазінам даведзены цэны на парэчкі чорныя і чырвоныя, вішню, дзе з імі могуць азнаёміцца патэнцыяльныя здатчыкі. Праўда, засталіся яны на ўзроўні мінулага года, што не вельмі радуе апошніх. Цяпер ідзе працэс нарыхтоўкі чарніц. На гэту каштоўную лясную ягаду райспажыўтаварыству даведзены план – 20 тон. Пачынаецца ўжо і нарыхтоўка лісічак.

 

 Фонды раённага краязнаўчага музея штогод папаўняюцца за кошт падарункаў ад дэлегацый гарадоў-пабрацімаў, якія прыязджаюць у Валожын на Свята горада. Звычайна гэта розныя віды друкаванай прадукцыі, якая з поспехам выкарыстоўваецца работнікамі музея пры правядзенні мерапрыемстваў, напрыклад, да Дня аб’яднання Беларусі і Расіі.

Па словах дырэктара музея Наталлі Лоўчай, сувенірная прадукцыя ўражвае сваім паліграфічным выкананнем і дызайнерскім рашэннем. З горада Арзамаса паступіла незвычайная зялёная аксамітавая шкатулка, унутры якой адлюстраванны гістарычныя помнікі і рэлігійныя храмы горада. Дэлегацыя Зарайска перадала відэафільм пра князя Дзмітрыя Пажарскага, чыё жыццё было звязана з гэтым горадам, – «Душою храбр, в измене не замечен», а таксама буклеты пра самыя знакавыя месцы Зарайска. Нестандартную па фармаце Кнігу воінскай славы горада Лобні, выдадзеную сёлета, напаўняюць чорна-белыя і каляровыя фотаздымкі, ваенныя пісьмы іх землякоў-ветэранаў. Цікавае гісторыка-краязнаўчае выданне засталося ад дэлегацыі з украінскага Макараўскага раёна. Нашы суседзі – госці з Іўеўскага раёна — падарылі кнігу “Я родам не з дзяцінства, а з вайны” – аповяд пра сіроцкі дзіцячы дом, адным з выхаванцаў якога быў паэт Уладзімір Дубовік.

 

 Лета – лепшы час для экскурсій і падарожжаў. Бадай што кожны прафкам імкнецца куды-небудзь звазіць сваіх членаў. Маршруты прасціраюцца не толькі па нашай рэспубліцы, але і за межы.

Так, работнікі жылкамунгаса пачалі ліпень з падарожжа на востраў Валаам, дзе на працягу некалькіх дзён знаёміліся з яго святынямі. Прафкам ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” арганізаваў паездку сваіх работнікаў на “Славянскі базар” у Віцебск. Работнікі дзіцячага сада № 6 правялі цэлы дзень у музейным комплексе ў Дудутках. У мінулыя выхадныя члены прафсаюзнай арганізацыі работнікаў дзяржустаноў пабывалі на аглядавай экскурсіі ў Гродна, на цеплаходзе праплылі па Аўгустоўскім канале і адпачылі ў агра-турыстычным комплексе “Каробчыцы”. А работнікі аддзялення Белаграпрамбанка аддалі перавагу адпачынку на Браслаўскіх азёрах.



Добавить комментарий