Берагуць і захоўваюць спадчыну

Культура

 На свяце «Дубінскія жартачкі», якое традыцыйна праводзіцца ў раёне, маю ўвагу прыцягнула маладая пара ў народных строях. Спачатку падумала, што яны падрыхтаваліся да выступлення, але аказалася, што маладыя людзі — звычайныя гледачы. Яшчэ больш мяне ўразіла тое, што іх касцюмы зроблены ўласнаручна.

Пазней я пазнаёмілася з гэтай сям’ёй больш блізка. Высветлілася, што некалькі год таму Зміцер Мурашка і Юлія Літвінава, так завуць маіх новых знаёмых, набылі надзел зямлі і дом на ўскрайку вёскі Вялікая Дайнава. Да гэтага яны жылі ў Мінску. Зміцер па адукацыі архітэктар і вельмі апантаны сваёй прафесіяй. У пачатку кар’еры займаўся рознымі відамі архітэктурнага праектавання, у тым ліку малых форм і інфармацыйнага дызайна для горада Мінска (у прыватнасці, для метрапалітэна). Пазней удзельнічаў у рэканструкцыі парка Дружбы народаў, парка Перамогі, вайсковых могілак. Падчас працы над дысертацыяй пазнаёміўся з асновамі горадабудаўнічай дзейнасці. Зміцер вельмі ганарыцца аўтарствам праекта генеральнага плана горада Жлобін. Цяпер працуе галоўным архітэктарам праектаў “Мінскага гарадскога інстытута добраўпарадкавання і гарадскога дызайну”, дзе робіць праект рэстаўрацыі Успенскага сабора Жыровіцкага манастырскага комплексу.

Зміцер прызнаўся, што даўно марыў перасяліцца на ўласную сядзібу-хутар. Яму даспадобы займацца праектаваннем прыватных сядзіб. Гэта дае магчымасць не толькі пабудаваць дом, але і рацыянальна арганізаваць прысядзібны надзел і ашчадна ахоўваць прыроднае асяроддзе.

Карані Зміцера з Мінскай вобласці. Прозвішча Мурашка належыць старадаўняму шляхецкаму роду. Пэўны час таму малады чалавек знайшоў звесткі пра свайго прашчура, казацкага палкоўніка, кіраўніка сялянскага паўстання Дзяніса Мурашку, якому ў XVII ст. за вайсковыя заслугі перад Рэччу Паспалітай было нададзена шляхецтва. Таму традыцыйны строй Зміцера аздабляе старая гусарская літоўска-польская “чорная” шабля XVI-XVII стагоддзяў, рэканструяваная сябрамі з бабруйскага клуба “Газдава”.

Юлія па адукацыі філолаг, працавала настаўніцай і вучылася ў аспірантуры. Пасля была рэдактарам выдавецкага цэнтра ў БДУ, галоўным рэдактарам выдавецтва “Зорны верасень”. Ужо каля шасці гадоў дзяўчына займаецца пашывам традыцыйных строяў, ткацтвам паясоў, валяннем лямцу. Любоў да народнай творчасці перадалася ад бабулі і маці. У дзяцінстве Юлія займалася вышыўкай. Ужо ў Мінску яна навучылася ткаць паясы і падрыхтавала да вяселля традыцыйныя строі сабе і мужу.

Зміцер і Юлія з’яўляюцца заснавальнікамі і сябрамі “Студэнцкага этнаграфічнага таварыства”. Дзякуючы сумесным захапленням завязалася іх знаёмства, якое пазней перарасло ў каханне. Штогод сябры таварыства арганізоўваюць фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі. Падчас адной з іх у 2014 годзе вывучаліся спеўна-танцавальныя традыцыі Валожынскага края. Істотную дапамогу даследчыкам аказала жыхарка і стваральніца музея ў Дубіне Баярскай Т. У. Каляда. Па выніках экспедыцыі плануецца выданне дыска.

Як гаворыць Зміцер, яны вырашылі набыць сядзібу менавіта на Валожыншчыне, бо гэта цудоўны край, дзе жывуць добрыя, працавітыя людзі, якія шануюць і здолелі захаваць сваю культурную спадчыну. Да таго ж, тут вельмі прыгожыя мясціны. Зміцер прызнаўся, што яму вельмі падабаецца раённая газета “Працоўная слава”. Каб набыць раёнку, штотыдзень наведваецца ў райцэнтр. У прыватнасці, ён выказаў вялікую пашану і падзяку, што газета друкуе цікавыя і патрэбныя матэрыялы на роднай беларускай мове.

Маладая сям’я аформіла ў карыстанне каля гектара зямлі, на якой адразу было вырашана закласці экалагічныя парк, сад і грады з лекавымі і духмянымі зёлкамі, неўзабаве з’явілася невялікая пасека. Юлія родам з Палесся, таму, як яна прызналася, пакуль прывыкае, прыглядаецца да ўласцівасцяў мясцовай глебы і клімату. Працы не баіцца, бо гадавалася на зямлі. Толькі на малой радзіме лета пачынаецца крыху раней, таму там садзяць і збіраюць ураджай таксама раней. Турботаў на сядзібе багата, але на дапамогу прыходзяць суседзі – хто справай, хто парадай.

Два гады таму недалёка ад Гародзькаў заснаваў аграсядзібу “Засценак Скрыплева” сябар Зміцера і Юліі Васіль Грынь. Зараз на двухтыднёвы адпачынак сюды прыехала група юных наведвальнікаў. Іх вучаць народным рамёствам, гульням, асновам турызму, сплаўляцца на чаўнах. Юлія Міхайлаўна дае дзецям майстар-класы па валянні лямцу, а Зміцер Віктаравіч знаёміць дзяцей з элементамі кавальства. Ён умее вырабляць фібулы, пярсцёнкі і іншыя ўпрыгажэнні. У канцы ліпеня на аграсядзібе збяруцца тыя, хто цікавіцца традыцыйнай манерай спеваў. Між іншым, Юлія Міхайлаўна спявае ў дзявочым гурце “Miareza”, а таксама ў дуэце з Васілём Грынем “Старое Сяло”. Нядаўна выйшаў іх дыск “Дарожанька” па матэрыялах адной з экспедыцый. А Зміцер самастойна навучыўся іграць на дудзе і з задавальненнем, пры любой нагодзе, апранае традыцыйны строй.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий