Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

 Раённае аб’яднанне прафсаюзаў сумесна з пярвічнымі прафсаюзнымі арганізацыямі, раённым камітэтам БРСМ праводзяць дабрачынную акцыю “Збяром партфель для першакласніка”. Матэрыяльная дапамога будзе аказана мнагадзетным сем’ям, у якіх выхоўваюцца пяць і больш дзяцей, і адзін з іх пойдзе першы раз у першы клас.

У нашым раёне такіх сем’яў налічваецца 13. А ў першы клас збіраюцца 14 хлопчыкаў і дзяўчынак. У мнагадзетнай сям’і Ігнаценкаў з вёскі Вайганы такую радасную падзею чакаюць двайняты Кірыл і Мікіта. Плануецца, што дабрачынны партфель для кожнага першакласніка з дапамогай грамадскасці “пацягне” на 500 тысяч рублёў, і ў ім будзе сабрана ўсё, што патрабуецца для школьных заняткаў.

 

Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у гэтыя ліпеньскія дні змагаюцца не з пажарамі, а з шэршнямі. За дапамогай звяртаюцца жыхары розных населеных пунктаў раёна, якія ў першую чаргу непакояцца аб здароўі непаўналетніх дзяцей.

Першы выклік з такой нагоды зафіксаваны 5 ліпеня. У вёсцы Каштаноўка гняздо шэршняў гаспадары выявілі на гарышчы дома. Чарговы выклік быў у палатачны дзіцячы лагер “Лідар” ля вёскі Замасцяны таксама Валожынскага сельсавета. Гнёзды шэршняў выратавальнікі знішчылі ў вёсках Сакаўшчына, Татары Ракаўскага сельсавета.

Акрамя таго, 12 ліпеня супрацоўнікі РАНС выязджалі на дэблакіроўку аўтамабіля, каб выцягнуць з аўтамашыны загінуўшага вадзіцеля. Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося ў раёне вёскі Міхалова Ракаўскага сельсавета.

 

Каля 100 мільёнаў рублёў укладзена сёлета ў рамонт Багданаўскага сельскага цэнтра культуры, які аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама вядзе гаспадарчым спосабам. У будынку заменены вокны і дзверы, атынкаваны сцены, падбіта столь. Працягваюцца работы і ў асобным памяшканні на тэрыторыі цэнтра культуры, якое будзе выкарыстоўвацца для правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў. Моманту, калі там расчыняцца дзверы, з нецярплівасцю чакаюць вяскоўцы.

Адначасова вядуцца рамонтныя работы і ў Ракаўскай сельскай бібліятэцы, якая з будынка сельвыканкама пераехала ў цэнтр вольнага часу, што знаходзіцца побач. На ганку пакладзена плітка. У бліжэйшых планах – рамонт туалета, афарбоўка фасада і рамонт дымахода.

 

У раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры прайшоў семінар “Аздараўленне дзяцей, якія выхоўваюцца ў прыёмных і апякунскіх сем’ях, у летні перыяд”. На ім разглядалася пытанне аб прадастаўленні дзяржаўнай падтрымкі на аздараўленне, гаварылася пра меры бяспекі ў час летніх канікулаў. Перад прыёмнымі бацькамі выступіла таксама раённы педыятр А. У. Круцько. На 1 ліпеня ў нашым раёне налічвалася 77 дзяцей-сірот, якія знаходзяцца на дзяржаўлася забеспячэнні ў 48 сем’ях: 24 дзіцяці жывуць у 12-і прыёмных сем’ях, 45 – у 35-і апякунскіх і 8 – у дзіцячым доме сямейнага тыпу ў Валожыне.

17 хлопчыкаў і дзяўчынак з прыёмных і апякунскіх сем’яў з 4 па 21 чэрвеня адпачывалі ў аздараўленчым лагеры “Дружба” Дзяржынскага раёна. Яшчэ 15 дзяцей-сірот паедуць у гэты летнік у жніўні. Таксама на апошні месяц лета выдзелена 8 пуцёвак у лагер “Лясная казка” на Вілейшчыне.

 

На спецыяльна абсталяванай пляцоўцы на Жоўтым Беразе прайшло адкрытае першынство раёна па пляжным валейболе, у якім прынялі ўдзел 7 пар.

Першае месца заваявалі Уладзіслаў Міхайлаў і Арцём Дзем’яновіч, другое і трэцяе – Аляксандр Фіялка і Валерый Лях, Мікалай Шнэк і Аляксандр Агаркаў. Тройка прызёраў адзначана грашовымі прэміямі і дыпломамі.

 

Летнія месяцы спрыяюць правядзенню свят вёсак, якія рыхтуюць культработнікі раёна сумесна з работнікамі сельвыканкамаў і дэпутацкім корпусам. Сцэнарый такіх свят розны, аднак адзначаюць звычайна самых паважаных вяскоўцаў, лепшую сядзібу і яе гаспадароў, успамінаюць самых знакамітых выхадцаў з тых мясцін. Добра, калі ёсць маладыя сем’і і нованароджаныя, ці іншая падстава, каб сказаць людзям добрыя словы.

Ужо адбыліся святы вёсак Ігнатава, Масцішчы, Алянава Вішнеўскага сельсавета, два першых рыхтавалі работнікі Багданаўскага сельскага цэнтра культуры, наступнае – Падбярэзскага СЦК, Асінаўка і Ратынцы ( Суднікаўскі сельскі клуб), Дайнава (Каменскі сацыяльна-культурны цэнтр), Бомбалы (Сакаўшчынскі СДК) і Капусціна (Бабровіцкі культурна-спартыўны цэнтр). У мінулую нядзелю з дапамогай работнікаў культуры Багданаўскага СЦК весяліліся жыхары вёскі Данілкі.



Добавить комментарий