Звычайныя незвычайныя казакевiчы

Культура

Праца ў выхадныя… У мінулую суботу я атрымала падцверджанне таго, што гэта можа быць прыемна. Тры гадзіны, праведзеныя ў сям’і Казакевічаў з Валожына, падарылі выдатны настрой і ўпэўненасць у тым, што ў нашай краіне ўсё будзе адмыслова. Чаму не – калі такія людзі, як Алена Станіславаўна і Андрэй Лявонавіч, а таксама іх цудоўныя нашчадкі жывуць, працуюць, вучацца, адпачываюць.

…Іх шлюбу амаль сямнаццаць гадоў. Тутэйшыя: яна – з Гелянова, ён – з Адамова. Момант першай сустрэчы не памятаюць, былі яшчэ дзецьмі. Калі прачнуліся пачуцці? Калі падраслі. Андрэй успамінае, як сустрэў Алену пасля непрацяглага перапынку і глянуў на сястру свайго прыяцеля зусім іншымі вачыма. Сцвярджае, што ўжо тады вырашыў – гэта прыгажуня будзе яму жонкай. Дзяўчына ў той момант аб матрыманіяльных планах юнака не здагадвалася, але настойлівы кавалер амаль адразу перайшоў у наступленне. Спачатку насіў цукеркі, але выпадкова даведаўшыся, што дзяўчына іх не любіць, пачаў дарыць кветкі. І вось тут не памыліўся. “Ён задорваў мяне букетамі. Гэта было так прыгожа, так інтэлігентна. І ў нейкі момант я зразумела, што ні за што не адпушчу ад сябе гэтага шчодрага і шчырага прыгажуна”, – дзеліцца ўспамінамі жонка. Вяселле маладыя людзі ўспамінаюць і зараз. З боку нявесты – 180 гасцей, з боку жаніха – 240! Такі маштаб – не з раскошы, а прадыктаваны неабходнасцю запрасіць усіх родных і блізкіх. Што ж рабіць, калі іх так шмат!

Не проста складвалася сумеснае жыццё маладых мужа і жонкі. Жыць не было дзе. Перабраўшы ўсе магчымыя варыянты вырашэння гэтай праблемы, урэшце набылі дом у райцэнтры. Узяўшы крэдыт на рэканструкцыю, доўга працавалі над добраўпарадкаваннем свайго жылля. Грошай і сіл укласці прыйшлося шмат. Адзін канец дома пабудаваны ў 1956 годзе, а другі ўвогуле ў 1938-м. Зараз работа працягваецца, але і дом, і ўчастак даўно ўжо маюць жылы і прывабны выгляд. Галоўны дызайнер інтэр’ера і ландшафту падворка – гаспадыня. Гэта невысокая жанчына з дзявочай, амаль балетнай постаццю спрытна завіхаецца па гаспадарцы. У доме чыста і ўтульна, на стале, як адзначаюць дамашнія, заўсёды смаката. Сваю любоў да кветак маладая жанчына з гадамі не страціла, шматлікія клумбы не проста ўпрыгожваюць двор, – яны адлюстроўваюць выдатны густ, індывідуальнасць і працалюбства гаспадыні. Канешне, Андрэй мала цікавіцца гэтым “жаночым” захапленнем. У яго, як у большасці мужчын, – “одна, но пламенная страсть” – тэхніка. Пасля заканчэння Маладзечанскага радыётэхнічнага вучылішча два гады адслужыў у арміі. Служба спадабалася, нават нейкі час працягваў служыць па кантракце, стаў прапаршчыкам, але ўрэшце зразумеў, што душа цягнецца да машын. Апошнія гады працуе вадзіцелем на малочным прадпрыемстве. Алена ж па адукацыі медыцынская сястра. І не дзіва, з такім характарам (добрая, памяркоўная, спагадлівая, любячая ўсіх шчырай любоўю) яна проста не магла выбраць іншую прафесію. Зараз жанчына не працуе, а да трэцяга дэкрэта займала цікавую і незвычайную для Валожына пасаду – загадчык склада тэрытарыяльнай абароны. Дарэчы, яна – сяржант медыцынскай службы.

Не верыцца, што ў такіх маладых людзей ёсць дарослая дачка. А між іншым, Машы ўжо 15 гадоў. Яна скончыла 9-ы клас і гэтым летам спадзяецца паступіць у гандлёва-эканамічны каледж. Сярэдняй Паліне – 11. А малодшаму Антону – год, і ён ніколькі не сумняваецца ў тым, хто сапраўдны гаспадар у гэтай хаце. “У вас такія выхаваныя дзеці! Вельмі дарослыя дочкі, ды і сынок для малога дзіцяці паводзіць сябе надта сур’ёзна. Як дасягаюцца такія вынікі?” Адказвае маладая маці: “Мы нічога асаблівага не робім, нават не задумваемся над гэтым. Усё ідзе з сям’і. У нас і нашы бацькоўскія сем’і добрыя і дружныя. Мы з Андрэем не выбіралі адзін аднаго па веравызнанні, так атрымалася. Шлюб наш асвечаны ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім, і сам гэты факт абавязвае нас у першую чаргу думаць аб дабрабыце сям’і, якую мы стварылі дабравольна, а не аб сваіх эгаістычных памкненнях. Вы не думайце, што двум такім розным людзям лёгка ўжывацца разам. Мы, каб не працавалі над сваімі характарамі, не ламалі сябе, а не адзін аднаго, даўно б разбегліся”.

У гэтай сям’і няма падзелу абавязкаў. Усе могуць рабіць усё, калі гэта неабходна. Лена, сама рукадзельніца, і дачушак прывучае да хатняй працы. “А як жа, – па даросламу разважае Маша, – дзяўчына павінна ўмець і шыць, і вязаць, і гатаваць. Я, напрыклад, магу ў любы момант і сям’ю, і гасцей любымі стравамі парадаваць”. “А я люблю пячы! – са шчырай дзіцячай непасрэднасцю ўступае ў размову Палінка. – І раблю ўсё хутка-хутка!” Сапраўды, малодшая сястрычка здаецца больш спартыўнай і рухавай у адрозненне ад паважнай і па-дзявочаму сціплай Машы.

“Мы – самыя звычайныя”, – раз ад разу заўважаюць гаспадары. Магчыма і так, але за час свайго гасцявання мяне не пакідала думка: калі яны такія звычайныя, то чаму так радуецца сэрца, калі назіраеш за сур’ёзным і не вельмі гаваркім гаспадаром, чаму проста вачэй немагчыма адвесці ад прыгожай і грацыёзнай гаспадыні, чаму з дзяўчынкамі-падлеткамі так лёгка абмяркоўваць свет іх захапленняў, і чаму важны, уўпэўнены ў сваёй значнасці Антон не лезе, як большасць дзяцей, да чужых рэчаў, не хапае штосьці са стала, а з цікавасцю паглядае на госцю і чакае, калі яна сама зверне на яго ўвагу.

Казакевічы не планавалі мець шмат дзяцей, але сёння не ўяўляюць свайго жыцця без сваіх дачок і сыночка. “А калі раптам яшчэ папаўненне, будзем толькі рады!” – разважае муж і бацька, а яго палавінка з нейкай сарамлівасцю дадае: “Мы б салгалі, каб запэўнілі Вас, што не ведаем цяжкасцей. Як без іх? Цяжка! І грошай хапае не на ўсё, і адпачываць хацелася б больш. І працы кожны дзень – непачаты край. Але мы не скардзімся і больш за ўсё спадзяёмся на сябе і Божую дапамогу”.

Ад дома № 80 па вуліцы Кастрычніцкай да маёй кватэры на “Папоўцы” даволі працяглы шлях. Пакуль ішла дадому, не пакідаў узнёслы настрой і радасць за гэтых сціплых і такіх шчырых людзей, з якімі пазнаёмілася сонечным выхадным днём, і яны гэты дзень зрабілі для мяне святочным.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий