Агляд падзей у раённай газеце за лiпень 1970 года

Культура

Ёсць на каго раўняцца

 Аб выніках сацыялістычнага спаборніцтва за першае паўгоддзе ленінскага юбілейнага года:

“Лепшая даярка” – Марыя Уладзіміраўна Фурс з калгаса “17 верасня”, якая надаіла ад кожнай каровы па 2107 кілаграмаў малака.

“Лепшая свінарка па вырошчванні парасят” – Марыя Іванаўна Чэрнік з калгаса “Бальшавік”, якая атрымала ад кожнай асноўнай свінаматкі ў сярэднім па 15 парасят.

“Лепшая свінарка па адкорме свіней” – Зінаіда Цімафееўна Пасека з калгаса “1 Мая”, якая атрымала па 531 граму сярэднясутачнай прывагі ад кожнай галавы свіней.

“Лепшы даглядчык па вырошчванні маладняку” – Марыя Эдуардаўна Шыкуць з саўгаса “Радзіма”, якая атрымала сярэднясутачную прывагу кожнага цяляці па 724 грамы пры стапрацэнтнай захаванасці.

“Лепшы даглядчык па адкорме буйной рагатай жывёлы” – Пётр Антонавіч Пупко з калгаса “Верны шлях”, які атрымаў сярэднясутачную прывагу кожнай галавы па 803 грамы.

“Лепшая птушніца раёна” – Яніна Міхайлаўна Савіцкая з Івянецкага племяннога завода, якая атрымала ад кожнай з 3800 курэй-нясушак па 145 яек.

 

Жнiво блiзка

Неагляднае наша збожжавае поле. Яно займае ў раёне амаль дваццаць пяць тысяч гектараў. Патрэбны выключна дакладная арганізацыя працы, вялікае майстэрства, каб хутка ўбраць ураджай, засыпаць у засекі дзяржавы 2480 тон хлеба.

У раёне 239 збожжавых камбайнаў. На кожны з іх прыпадае па сто сем гектараў уборачнай плошчы.

Між тым рамонт уборачнай тэхнікі ідзе нездавальняюча. На лінейку гатоўнасці пастаўлены ўсяго 152 камбайны. Асабліва марудна вядзецца работа ў калгасах “Беларусь”, “Перамога”, імя Мічурына і іншых. Не хапае запасных частак. Нельга не зрабіць папрок у адрас раённага аб’яднання “Сельгастэхніка”. Прайшлі зіма, вясна, амаль палова лета, а акумулятары, перададзеныя на зарадку з калгасаў і саўгасаў, да гэтага часу не гатовы.

Галоўны недахоп мінулага года – работа камбайнаў гуртам, што зніжала якасць уборкі. Сёлета гэтага нельга дапускаць, кожны агрэгат павінен працаваць на вызначанай плошчы.

Клопатам акружаны механізатары ў калгасах “17 верасня”, імя Леніна і іншых. Не здзіўляюць таму цэлыя сямейныя экіпажы. Спаборнічаюць паміж сабой браты Цішэвічы ў калгасе “Праўда”. Адзін са старэйшых камбайнераў калгаса імя Леніна М. Рубан перадаў свой вопыт сыну, і той пасля заканчэння школы цяпер сам водзіць уборачны агрэгат. Сёлета ў памочнікі да бацькі пойдзе яго другі сын. Узоры самаадданай працы паказваюць А. Дзянісік з калгаса “Чырвоны сцяг”, В. Стасяловіч з саўгаса “Падбярэззе”, А. Кербіч з калгаса “17 верасня” і многія іншыя. Вопыт лепшых павінен стаць здабыткам усіх.

 

Гаспадары вадкага металу

 Ліцейны цэх раённага аб’яднання “Сельгастэхніка” нагадвае сабой невялікі металургічны завод. Гудзе агонь у вагранцы, старанна працуюць фармоўшчыцы, абрубшчыкі.

Асабліва шмат заказаў на рашоткі, што прымяняюцца пры механізацыі жывёлагадоўчых памяшканняў. Акрамя гэтага ў цэху вырабляюць запчасткі для трактароў, шасцярні, зубы для культыватараў. Штодзённа чыгуннага ліцця выходзіць каля чатырох тон. У гэтым заслуга ўсяго калектыву і асабліва перадавікоў, сярод якіх заліўшчык, ударнік камуністычнай працы Іван Мікалаевіч Рубацкі, абрубшчык Іван Трафімавіч Волкаў. Маладым работнікам дапамагаюць ударнікі камуністычнай працы Фаіна Міхайлаўна Сівая, Ларыса Аляксандраўна Саннікава.

 

Наш капiтан

 Закончыўшы Ракаўскую сярэднюю школу з сярэбраным медалём, Мар’ян Більман з вёскі Міхалова вырашыў стаць мараком. Гэта прывяло юнака ў Ленінградскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча.

Васямнаццаць гадоў мінула з таго часу. Мар’ян Францавіч Більман – цяпер інжынер-капітан другога рангу. За плячыма – гады нялёгкай марской службы, авалодванне складанай навукай, першакласнай баявой і навігацыйнай тэхнікай.

Радасна цяпер у бацькоўскай хаце. Задаволены ў вёсцы Міхалова. У іх гасціць чарнаморскі марак. Вясковыя юнакі, якія яшчэ ніколі не былі на моры, паглядаючы на яго, мараць аб рамантычнай прафесіі, вераць, што гэта можа стаць явай.

Мар’ян Францавіч расказвае аднавяскоўцам пра слаўныя справы маракоў Чырванасцяжнага Чарнаморскага Флоту, якія пільна стаяць на варце марскіх рубяжоў Радзімы. Яму, узнагароджанаму сямю ўрадавымі ўзнагародамі за самаадданую службу, удзельніку ваенна-марскіх манеўраў “Акіян”, ёсць аб чым распавесці.

 

 

Дзень за днём

Машынны парк Валожынскай аўтабазы № 14 папоўніўся грузавой аўтамашынай “ЗІЛ-130”. Грузападымальнасць яе – пяць тон. Самая магутная машына перададзена лепшаму шафёру Адольфу Іосіфавічу Кулічу. Цяпер тут семдзесят адна грузавая аўтамашына.

 Аўтапоезд “Дружба”, які складаецца з сямі шматмесных машын, прайшоў па нашым раёне. Гэтым поездам у турыстычнай паездцы па рэспубліцы падарожнічаюць студэнты сарака сямі замежных краін, якія навучаюцца ў ВНУ Савецкага Саюза. У раённым Доме культуры піянеры ўручылі турыстам кветкі. Наступны прыпынак быў у Сакаўшчыне – цэнтры калгаса “1 Мая”.

 З ліку пераможцаў у сацыялістычным спаборніцтве за першае паўгоддзе ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі наступныя перадавікі вытворчасці: Станіслава Эдуардаўна Зянько – вышывальшчыца Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі, якая выканала норму выпрацоўкі на 130%; Іван Адамавіч Равяка – сталяр Івянецкага прамкамбіната; Анатоль Мікалаевіч Каравайскі – слесар-наладчык валожынскага прамкамбіната, які забяспечыў бесперабойную работу ўсяго абсталявання прадпрыемства; Лідзія Данілаўна Косік – апаратчыца галаўнога масласырзавода; Ванда Антонаўна Грынкевіч – рабочая Валожынскай МБА, якая выконвае зменныя заданні на 120%; Фёдар Аляксеевіч Сівы – экскаватаршчык ПМК-64; Уладзімір Антонавіч Карнаух – трактарыст Валожынскага лясгаса.

 Аўтатранспартнікі раённага аб’яднання “Сельгастэхніка” закончылі вывазку апошніх тон вапнавых матэрыялаў, якія прыбылі на станцыю Багданаў для вапнавання кіслай глебы ў калгасах і саўгасах раёна. З пачатку года для гэтай мэты атрымана ад прамысловасці звыш дванаццаці з паловай тысяч тон вапны і інш.

Перадавікамі вытворчасці ў сацыялістычным спаборніцтве за першае паўгоддзе ленінскага юбілейнага года сталі: Леаніда Іванаўна Стэльмах – швачка Валожынскага КБА; Іосіф Карлавіч Мейдэр – матарыст аўтабазы № 14; Віктар Сяргеевіч Лявінскі – шафёр Івянецкай МБА; Любоў Канстанцінаўна Шакун – тэлефаністка раённага вузла сувязі; Уладзімір Антонавіч Сікорскі – трактарыст Каліноўскага спецаддзялення “Сельгастэхніка”; Іван Іванавіч Бірукоў – трактарыст Каліноўскага спецаддзялення “Сельгастэхніка”; Рамуальда Іосіфаўна Мазанік – расфасоўшчыца кансервавага завода; Пётр Іосіфавіч Саевіч – трактарыст-грузчык райспажыўсаюза; Канстанцін Канстанцінавіч Ланько – слесар раённага аб’яднання “Сельгастэхніка”.

 

 

За адукацыяй – у Ленiнград

 Вучоны аграном – так не без падстаў пачалі цяпер называць Івана Аляксандравіча Караля, брыгадзіра з калгаса “Радзіма”.

Падставы самыя сур’ёзныя: важак брыгады атрымаў дыплом аб заканчэнні агранамічнага факультэта Ленінградскага сельскагаспадарчага інстытута. З такім жа вынікам завяршыў вучобу ў гэтым інстытуце галоўны аграном гаспадаркі Пётр Вікенцьевіч Садоўскі.

 А ў сям’і Эмы Аляксандраўны, галоўнага агранома калгаса “Перамога”, і Яўгенія Фёдаравіча Кулака, начальніка Філіпіняцкага аддзялення сувязі, – двайная ўрачыстасць. Ёй уручаны дыплом вучонага агранома, яму – дыплом вучонага заатэхніка.

Вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю атрымалі сёлета таксама эканамісты калгасаў: імя Чапаева – І. Арловіч і “1 Мая” – А. Клачко, сакратар выканкама Івянецкага пасялковага Савета дэпутатаў працоўных Ю. Міхалькевіч, раённы інспектар Дзяржаўнай статыстыкі В. Сокал і інш.

 

Лясы на балотах

 Амаль на паўтары тысячах гектараў лясоў на тэрыторыі Белакорацкага лясніцтва праляглі адводныя і магістральныя каналы.

Яны панізілі ўзровень грунтавой вады, аздаравілі наваколле. На дваццаці гектарах былых балот па рэкамендацыі Беларускага навукова-даследчага інстытута лясной гаспадаркі закладзены вопыт па вырошчванні хвойных і лісцевых парод дрэў. Міне час, тут зашуміць лес.

 

На сатырычным экране

 Газету “Аса” выдае партком і праўленне калгаса імя М. Горкага.

Выхоўваць чалавека смехам – вось галоўнае прызначэнне “Асы”. З гэтай мэтай і вывешваецца яна на самым бачным месцы ў цэнтры вёскі Вішнева. Самыя ядавітыя джалы “Асы” прызначаны п’яніцам, прагульшчыкам, бракаробам. І смех, і гнеў выклікаюць карыкатуры. Вось адна з іх. Закапаўшыся ў смецце, сядзіць качагар Вішнеўскага дрэваапрацоўчага ўчастка. Сярод белага дня ён не пасаромеўся напіцца, вывеў са строю абсталяванне. На другім плане – трактарысты, таксама п’яныя ў сцілку. Яны замест таго, каб хутчэй адрамантаваць трактар, за чаркай гарэлкі забыліся пра ўсё. Не вывеліся яшчэ і аматары пабуяніць пад п’яную руку. За гэта трапіў на экран сатыры каваль. Чалавек не помніў, што рабіў: паламаў мэблю ў хаце, парваў адзенне. А назаўтра цярэбіць патыліцу, маўляў, што ж я нарабіў, неразумны!

“Ешь, кормилица, скорей, он колхозный, не жалей”, – кажа карове работніца Вішнеўскага павільёна бытавога абслугоўвання. Чым жа корміць жывёлу жанчына? У яе руках – бярэма ячменю, нарванага на калгасным полі.

Але бываюць і іншыя выпускі “Асы”, якія з радасцю разглядаюць людзі. Тут змешчаны сяброўскія шаржы. Яны прысвечаны перадавікам вытворчасці – даяркам І. Рагачэвіч, Б. Герштуновіч, А. Саевіч, загадчыцы сельмага Н. Латышавай, станочніку Вішнеўскага дрэваапрацоўчага ўчастка І. Іодзе. Прыемна бачыць такія малюнкі. Тым больш адчувальны кантраст паміж людзьмі працы і тымі, хто сваімі недастойнымі ўчынкамі наносіць шкоду гаспадарцы, засмучае наша жыццё.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий