Вяночак шчасця не спляла

Культура

Голас у бабкі Ядвігі не проста аслаблены старасцю – жанчыне ўжо споўнілася 80, голас яе памяці настроены на камертоне болю. Мабыць, таму, што век дажывае ў адзіноце. Уласнай сям’і не мела, блізкіх людзей – маці, бацьку, брата, сястру – ужо даўно страціла. Магчыма, у Польшчы яшчэ жыве яе старэйшая сястра Рэгіна, але ў госці ў Беларусь яна даўно не наведвалася, перапіска таксама абарвалася некалькі дзесяцігоддзяў таму…

Па пацерках гадоў уважліва перабірае жанчына свае бясконцыя ўспаміны. Радасці Я. С. Раманоўская зведала мала. У асноўным адны перажыванні і расчараванні. Аднак дзверы ў мінулае не зачыніш назаўсёды. Парывістым ветрам адчыняе тыя дзверы вайна.

…На вуліцы стаяў месяц люты. Сцюжна і жудасна было і ў Ракаве. Пад пагрозай смерці ў гэтай вёсцы аказаліся мясцовыя яўрэі. Раманоўскія ў той час жылі акурат насупраць сінагогі, куды фашысты сілком зганялі яўрэяў, дзе потым сваіх ахвяр спалілі жывымі. Чатырнаццацігадовы Сцяпан, брат Ядвігі, з бояззю ў вачах назіраў за той трывожнай сітуацыяй. Убачыўшы паблізу іх хаты разгубленага яўрэйскага хлопчыка, які ў адчаі шукаў паратунку, спагадлівы Сцяпан вырашыў яго схаваць: жэстам паклікаў да сябе ў двор. Той з надзеяй стрымгалоў пабег да свайго выратавальніка. Але пільны нямецкі вартавы заўважыў гэта. Ён з дзікай лютасцю павалок палоннага ў натоўп, якому была наканавана пакутлівая смерць. Сцяпана немцы таксама ў пакоі не пакінулі. Металічным прэнтам на горкі яблык збілі падлетка. Цела хлопчыка стала жахліва чорным. З той пары Сцяпан моцна захварэў і ў маі яго не стала…

На гэтым беды Рама-ноўскіх не скончыліся. У вайну ў ліку іншых сядзіб згарэла і хата гэтай сям’і. Прытуліла няшчасных сястра бацькі, якая жыла ў суседняй вёсцы ў Моньках. Там прабылі аж да заканчэння вайны. А калі хваля акупацыі адкацілася далёка на захад, пачалі падумваць пра ўласнае жыллё. У сям’і як-ніяк было яшчэ трое дзяцей. Вясной сілаю вялікіх фізічных і матэрыяльных затрат пабудавалі зруб, накрылі саломай, пачалі абжываць. Усё лета старанна добраўпарадкоўвалі новабудоўлю. Цешыліся, што зімаваць будуць ужо ў сваёй новай хатцы. Але надзея іх нечакана абарвалася. Восенню ракаўскія падлеткі назбіралі за ваколіцай снарадаў, знеслі іх у пустое гумно і ўзарвалі той баявы трафей. Усчаўся неўтаймоўны пажар. Тады згарэлі ў Ракаве 26 гумнаў і 36 хат. На вуліцы ў літаральным сэнсе слова аказалася і шматдзетная сям’я Раманоўскіх. І зноў знайшліся добрыя, міласэрныя людзі, якія далі надзейны прытулак на працяглы час…

Ядвіга Сцяпанаўна Раманоўская цяпер жыве на завулку Свабоды ў Ракаве. Яе невялікая хацейка некалі належала адзінокай кабеце Людвіцы Мірановіч. Ніякія вузы сваяцтва не звязвалі яе з Раманоўскімі. Добрае сэрца мела тая жанчына, таму і пусціла ў сваю хату гэту сям’ю. Раманоўскія дагледзелі яе да самай смерці. Годна пахавалі. І цяпер старэнькая бабка Ядвіга, хоць і сіл ужо не стае, пастаянна клапоціцца, каб магілка Людвікі была заўсёды дагледжана, каб красавалі на ёй кветкі ўдзячнай памяці. І ў касцёле за гэту дабрадзейку Ядвіга таксама шчыра моліцца.

Наведваючы мясцовы храм, пабожная каталічка Я. С. Раманоўская міжволі ўспомніць і сваю маці Ганну Іосіфаўну. У пару ваяўнічага атэізму, калі храм Божы хацелі зачыніць, Ганна Іосіфаўна смела ўзнялася на абарону святыні. Учапілася рукамі за замок і нікому пабочнаму не давала ўвайсці ў касцёл, каб навесці тут новы парадак. Як ні стараліся адарваць яе ад тых дзвярэй – не змаглі. Жанчыну траўміравалі, пашкодзілі пазваночнік. Трыццаць гадоў гэта змагарка за божае слова і веру праляжала ў пасцелі. Засталася інвалідам на ўсё далейшае жыццё. Даглядаючы хворую маці, Ядвізе не было калі думаць пра сябе. Так і засталася векавухай. Многія ўдаўцы сваталіся да яе, але яна выбрала свой адзінокі лёс. Ствараць сям’ю пабойвалася і з той прычыны, што ў маладосці перахварэла цяжкай формай туберкулёзу. Урачы не раілі ёй мець наследнікаў…

Трынаццаць гадоў Ядвіга Сцяпанаўна працавала брыгадзірам у Ракаўскім лясніцтве. А пазней уладкавалася ў сталічным млынкамбінаце вартаўніком на прахадную. З гэтага прадпрыемства і пайшла на заслужаны адпачынак. На старасці гадоў канчаткова перабралася ў сваю маленькую ракаўскую хатку. Садзіць і даглядае агарод. Ураджаю ўдосталь хапае для сваіх патрэб. Яшчэ і з мінскімі пляменнікамі шчодра дзеліцца ім руплівая гаспадыня. За сціплай працай праходзяць цяпер летнія дзянькі гэтай кабеты. Стараецца, каб парадак быў на сядзібе, у доме. Памочнікаў наймае, з пенсіі спецыяльна адкладвае на гэта грошы. Дзявяты дзясятак размяняла яна на сваім жыццёвым шляху. А калі азірнуцца, то мала шчаслівага можна ўспомніць-прыгадаць. Але яна ўсе выпрабаванні прыняла дастойна. Раскошы ў жыцці ніколі не прагла, а ключыкі ад простай зямной радасці яна ўсё ж трымае ў сваіх руках. Бо шчыра ўдзячна Богу, што перажыла нямецкую акупацыю, калі ў Ракаве было шмат смерці і выпрабаванняў. Яна ўдзячна лёсу, што ёй дараваны доўгі век, напоўнены будзённымі сялянскімі клопатамі.

 Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

 

Гісторыя сведчыць

 

 

Немцы 14 жніўня 1941 года ў мястэчку Ракаў сабралі 45 чалавек яўрэяў нібы для работы, адвялі іх ва ўрочышча Барузынца ў 2-х кіламетрах ад Ракава, далі ім рыдлёўкі і загадалі капаць ямы. Калі капаць закончылі, немцы паставілі ўсіх 45 чалавек тварам да ямы і ва ўпор з кулямётаў расстралялі.

 

29 верасня 1941 года немцы яўрэяў, якія знаходзіліся ў гета, пасадзілі ў машыны, адвезлі за 2 кіламетры ад Ракава, прымусілі капаць ямы, пасля чаго адлічылі 105 чалавек, якім загадалі легчы на ямы, і па камандзе жандара Дгобеля П. расстралялі. А тых, хто застаўся ў жывых, прывезлі ў Ракаў, дзе загадалі спяваць і танцаваць. Здаволіўшыся “канцэртамі”, загадалі ўсім легчы тварам да зямлі, па камандзе жандара Фвервега пачалі расстрэльваць па выбару, а цырульніку адсеклі сякерай галаву за тое, што ён дрэнна спяваў. Тады немцы забілі 105 чалавек.

 

…4 лютага 1942 года камендант паліцыі Зянкевіч Мікалай загадаў усім яўрэям сабрацца са сваімі рэчамі нібы для адпраўкі ў Мінск. Калі людзі сабраліся каля сінагогі, ім загадалі ўсе каштоўныя рэчы скласці ўбаку, а самім зайсці ў сінагогу. Некаторыя хацелі выйсці назад, але іх забівалі прыкладамі. Дзяцей, якія крычалі, бралі на штыкі і кідалі на галовы людзям. Вокны і дзверы сінагогі забілі наглуха, сцены аблілі бензінам і падпалілі. Было спалена 928 чалавек.

З кнігі “Памяць” Валожынскага раёна



Добавить комментарий