Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР 

У канцы ліпеня ў Валожыне прайшла рабочая нарада па падвядзенні вынікаў дзейнасці судоў Мінскай вобласці і эканамічнага суда вобласці за першае паўгоддзе бягучага года, на якой прысутнічалі старшыні ўсіх раённых судоў.

Стала традыцыяй кожнае першае паўгоддзе такія нарады праводзіць у розных раённых цэнтрах Міншчыны. Сёлета валожынскім суддзям было што паказаць сваім калегам: працуюць цяпер у новым будынку, аналагаў якому няма ў рэспубліцы, усё зроблена для зручнай арганізацыі судовага працэсу і работы персаналу. З дакладамі выступілі старшыня Мінскага абласнога суда В. П. Крайко і старшыня эканамічнага суда Э. У. Максімовіч. На нарадзе прысутнічаў і выказаў свае думкі па рабоце старшыня Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Валянцін Алегавіч Сукала. Дзелавую нараду завяршыла экскурсія па гістарычных мясцінах Валожына.

 

На 1 жніўня ў дамах і кватэрах 96-і адзінокапражываючых грамадзян раёна пажылога ўзросту за іх уласныя грошы ўстаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Некаторым дапамаглі дзеці, сваякі.

З пачатку года сіламі работнікаў РАНС і раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва за кошт раённага бюджэту такія АПА ўстаноўлены бясплатна 115 адзінокім людзям сталага ўзросту і 50 адзінокім інвалідам.

 

Дахі шматпавярховых дамоў па-ранейшаму застаюцца болевай кропкай для работнікаў камунгаса. Асабліва непакояць будынкі “са стажам”. Сёлета за першае паўгоддзе капітальна адрамантаваны дах дома № 35 па вуліцы Партызанскай у Валожыне – 870 квадратных метраў. На гэта быў выдаткаваны 1 мільярд 110 мільёнаў беларускіх рублёў. Бягучы рамонт з дапамогай падрадчыкаў завершаны па вуліцы Міру, 10. Адрамантаваны 260 квадратных метраў на суму 272 мільёны рублёў. А ўсяго за першыя шэсць месяцаў года адрамантавана 510 квадратных метраў дахавага пакрыцця.

У апошнія ліпеньскія дні планавыя работы вяліся на дахах дамоў № 16 і № 9 па вуліцах Камсамольскай і Партызанскай у райцэнтры. Падчас урагану 23 ліпеня былі пашкоджаны дахі дамоў № 37 па вуліцы Чапаева, дзе спатрэбілася замяніць 4 лісты шыферу, у доме № 7/1 па вуліцы М. Горкага – 9 лістоў, Дзяржынскага, 28 – 5 лістоў і Горкага, 3 – 2 лісты. Ліквідацыя паследкаў надзвычайнага здарэння прайшла ў самыя сціслыя тэрміны.

 

У аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў раённага тэрытарыяльнага цэнтра адбылося культурна-масавае мерапрыемства, прысвечанае 160-годдзю пажарнай службы.

Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прыйшлі ў госці да выхаванцаў аддзялення на вуліцу Набярэжную. Асабліва зацікавіла гаспадароў дэманстрацыя пажарнай тэхнікі і паказальныя выступленні пажарных-выратавальнікаў.

 

Па праграме развіцця курортнай зоны Нарачанскага краю ў Мядзелі на беразе возера Мястра прайшло традыцыйнае Свята возера. Акрамя розных забаўляльных мерапрыемстваў, там была арганізавана выстава-продаж работ самадзейных майстроў вобласці.

На выставу былі запрошаны і члены народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” нашага цэнтра культуры жыхарка Валожына Наталля Рэут (жывапіс, выцінанка), Ірына і Алег Капусты з Івянца (кераміка), мастак з вёскі Замасцяны Канстанцін Матус і Марына Дзячок з вёскі Гародзькі, якая займаецца пляценнем з лазы. Дарэчы, у аб’яднанні налічваецца зараз 37 членаў. Сёлета прыняты К. Матус, а вось М. Дзячок яшчэ праходзіць “абкатку”.

1 жніўня ў рамках летняга музычна-турыстычнага сезона-2015 на тэрыторыі Верхняга горада, ля Мінскай ратушы, праходзілі выставы работ майстроў-рамеснікаў і майстар-класы. Наш раён прадстаўлялі Хрысціна Лямбовіч (пляценне паясоў), Вітольд Малютка (ткацтва) і Марына Дзячок (лозапляценне). Члены “Скарбніцы” атрымалі таксама запрашэнні на Магілёўшчыну, дзе 22 жніўня пройдзе свята “Дрыбінскія таржкі” і на фестываль “Гальшанскі замак”, які запланаваны на 29 жніўня.



Добавить комментарий