Песня і праца заўсёды ідуць побач

Общество

Песня і праца заўсёды ідуць побач. І гэтым дэвізам у жніўную пару невыпадкова жывуць культработнікі раёна. Усе 16 клубных устаноў зарыентавалі сваю творчую дзейнасць на тое, каб уславіць чалавека працы, узняць настрой тым, хто шчыруе на жніве.

Па 4 канцэрты на працягу ўборачнай кампаніі запланавана правесці ў кожнай гаспадарцы раёна. Выступленні самадзейных артыстаў будуць праходзіць у абедзенны перапынак, бо кожная працоўная хвіліна ў камбайнераў, вадзіцеляў цяпер у вялікім дэфіцыце. Як і ў папярэднія гады, пра хлебаробаў не забудуцца і ў Дні іх нараджэння, з нагоды іншых знамянальных асабістых свят.

Песняй і шчырым словам павіншуюць культработнікі перадавікоў сёлетняй уборкі, якія дасягнуць тысячнага, двухтысячнага і іншых рэкордных намалотаў.

Намеціў свае гастрольныя маршруты і аўтаклуб, якім кіруе А. В. Шадрына. А добрую запеўку канцэртнай дзейнасці людзі культурнай нівы Валожыншчыны ўжо зрабілі на раённых «Зажынках».

Ірына ПАШКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий