Невядомыя старонкi гiсторыi

Культура

(Працяг. Пачатак у №№ 40, 42, 46, 48)

Усё гэта паспрыяла хуткаму “ўтварэнню” Літоўскай ССР і “ўз’яднанню” яе з СССР. 15 чэрвеня 1940 года савецкія войскі канчаткова ўвайшлі на тэрыторыю Літвы і ўзялі пад ахову новыя межы СССР. Пасля Літоўская ССР атрымала яшчэ адзін падарунак. У кастрычніку 1940 года яна дадаткова атрымала 5,6 тыс. кв. км тэрыторыі і 98 тысяч чалавек насельніцтва БССР. Былі перададзены Літве Свянцянскі раён (акрамя трох сельскіх саветаў), а таксама часткі тэрыторый Відзаўскага, Гадаўцішскага, Астравецкага, Воранаўскага, Радунскага раёнаў БССР.

За дзень да капітуляцыі Варшавы і стварэння ў Францыі Урада Польшчы ў выгнанні (27 верасня 1939 г.), згодна з загадам камандуючага абароны Варшавы брыгаднага генерала Юліуша Ромеля, была створана польская падпольная вайскова-палітычная арганізацыя “Служба за перамогу Польшчы” (далей – СПП). Менавіта гэта арганізацыя і паклала пачатак Польскай падпольнай дзяржавы. Гэта была дзяржава па-за дзяржавай. Ні ў адной краіне свету ў час другой сусветнай вайны нічога падобнага не існавала. У палякаў быў падпольны парламент, які складаўся з прадстаўнікоў даваенных палітычных партый. Нацыяналістычныя і камуністычныя арганізацыі не ўвайшлі ў склад гэтага парламента і стварылі асобныя вайсковыя структуры. Існавала таксама падпольная сістэма адукацыі, якая ўключала пачатковыя, сярэднія і нават вышэйшыя навучальныя ўстановы. Падпольна выдаваліся кнігі, часопісы і газеты. Нягледзячы на тое, што Польская дзяржава ў 1939 годзе была банкрутам, прайграла вайну і абвінавачвалася ў тым, што ўрад і армія не ўратавалі палякаў, грамадства прызнала структуры, створаныя генералам Міхаілам Такажэўскім-Карашэвічам, які ўзначальваў СПП.

СПП змагалася супраць германскай арміі і германскай акупацыйнай улады, супраць Чырвонай Арміі і органаў савецкай улады, а з кастрычніка 1939 года і супраць літоўскай арміі і органаў літоўскай улады ў Віленскім краі (да лета 1940 года). Галоўнай мэтай арганізацыі было вызваленне Польшчы ад акупацыі і аднаўленне яе на Усходзе ў межах да 1 верасня 1939 года.

Структура гэтай арганізацыі адпавядала тэрытарыяльна-адміністрацыйнаму падзелу былой Польскай дзяржавы. Уся тэрыторыя былой Польшчы была падзелена на некалькі акруг СПП, якія адпавядалі былым ваяводствам. Акругі дзяліліся на абводы (тэрыторыя былых паветаў).

Урад Польшчы не падпісаў акт аб капітуляцыі. Ён праз Румынію, потым – Францыю апынуўся ў Лондане. Урад у выгнанні ўзначаліў генерал Уладзіслаў Сікорскі. Па яго загадзе 13 лістапада 1939 года СПП быў ператвораны ў “Саюз узброенай барацьбы” (далей – СУБ). Фактычна польскае падполле падзялілася на грамадзянскае і ўзброенае. Новы СУБ уваходзіў у аператыўнае кіраванне Урада Польшчы ў выгнанні. Мэтай новага ўтварэння было фарміраванне польскай арміі ў падполлі. Новая структура стваралася на базе ўжо існаваўшай СПП. Тэрыторыя былой Польшчы падзялялася на абшары (некалькі ваяводстваў). Яны ў сваю чаргу дзяліліся на акругі (ваяводствы), якія складаліся з абводаў. Тэрыторыя Валожынскага раёна ўваходзіла ў склад абшару № 2 “Беласток”, Навагрудскую акругу, абвод “Валожын”, з кодавай назвай “Бжоза” (“Бяроза”). Узначаліў структуру капітан Станіслаў Дзедзеліс.

У якасці баявой адзінкі ў гэтай арганізацыі быў прыняты ўзвод (каля 50 чалавек). Ён складаўся з трох дружын, якія падзяляліся на тры секцыі, кожная з якіх налічвала пяць чалавек.

Тэрытарыяльная вайсковая адзінка падпарадкоўвалася штабу. Ён называўся Галоўная камендатура. Акрамя штаба, існавала камандаванне розных відаў войск і службаў. Кадравую аснову СУБ складалі афіцэры былой польскай арміі (кадравыя, запасу, афіцэры ў адстаўцы). Узначаліў СУБ вопытны спецыяліст па разведцы і дыверсіях генерал Стэфан Равецкі (“Грот”). З 30 мая 1943 года і да 2 кастрычніка 1944 года гэту арганізацыю ўзначальваў генерал Тадэуш Камароўскі (“Бур”).

Першым камендантам Навагрудскай акругі, у якую ўваходзіў абвод “Валожын”, быў падпалкоўнік Адам Абтуловіч.

СУБ фактычна не меў партызанскіх атрадаў. Ён вёў абучэнне вайскоўцаў, нарыхтоўваў зброю, займаўся разведкай, прапагандай, сабатажам. У той час асноўнай мэтай арганізацыі было назапашванне сіл і рэсурсаў для будучага паўстання супраць двух ворагаў – Германіі і СССР. Палякі спадзяваліся, што Германія здзейсніць напад на СССР, два іх ворагі будуць знішчаць адзін другога, і, калі яны будуць знясіленыя, Польшча адновіць сваю дзяржаву.

У гэты час у Заходняй Беларусі адбываюцца кардынальныя змены ва ўсіх сферах грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця. Кастрычнік-лістапад 1939 года яшчэ характарызаваўся даволі талерантнымі адносінамі савецкай адміністрацыі да мясцовых жыхароў. Напрыклад, да 15 снежня 1939 года выкарыстоўваліся дзве валюты: польскія злотыя і савецкія рублі.

Уладзімір ПУЧКОЎ,

навуковы супрацоўнік

раённага краязнаўчага музея

(Працяг будзе)



Добавить комментарий