Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

 Да 1 верасня ў рэспубліцы павінна завяршыцца рэарганізацыя сістэмы ваенных камісарыятаў. Гэта ў поўнай меры закранае і раённы ваенны камісарыят.

Наш ваенкамат аб’яднаюць з Маладзечанскім, і ён будзе называцца ваенны камісарыят Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў. У Валожыне застанецца працаваць адасобленая група з чатырох чалавек – 1 афіцэр і 3 грамадзянскія работнікі. Зараз, дарэчы, калектыў ваенкамата складаецца з 17 чалавек.

 

 У апошні дзень ліпеня непадалёк вёскі Міхалова Ракаўскага сельсавета прайшлі абласныя спаборніцтвы санітарных дружын, у якіх прынялі ўдзел 23 сандружыны – пераможцы раённых этапаў. Такія спаборніцтвы праводзяцца штогод. У судзейскую каманду ўваходзілі прадстаўнікі ўпраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама і 11 медыцынскіх работнікаў нашай райбальніцы.

Мэта спаборніцтваў: праверка гатоўнасці грамадзянскіх фарміраванняў да работы ва ўмовах надзвычайных сітуацый. Выпрабаванні праводзіліся ў пяць этапаў. Лепшай была прызнана санітарная дружына Гарадзейскага цукровага камбіната з Нясвіжскага раёна.

Наш раён прадстаўляла дружына ААТ “Агра-Дубінское”, якая заняла агульнакаманднае 11-е месца, якраз у “залатой сярэдзінцы”. Узначальвала яе Наталля Жукоўская, адзначаная граматай як адна з лепшых камандзіраў.

 

Па даных упраўлення па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама, на 1 ліпеня ў нашым раёне пражывалі 7 жыхароў, якім споўнілася 100 і больш гадоў.

Сёлета адсвяткавала стагадовы юбілей Марыя Антонаўна Юхнеўская з вёскі Гелянова Вішнеўскага сельсавета. Днямі прынята рашэнне аб выдзяленні доўгажыхарцы з раённага бюджэту матэрыяльнай дапамогі ў памеры 900 тысяч рублёў.

 

 У гэтыя дні ўбачыў свет трэці па ліку паэтычны зборнік члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, жыхара райцэнтра Міхася Курылы.

Адметнасць новай кнігі паэта ў тым, што выдадзена яна ў Расіі, у Маскве ў выдавецтве “Известия”, а рабілася і рэдагавалася ў Благавешчанску. Гэта вынік работы М. Курылы ў інтэрнэт-супольнасцях, у прыватнасці, “Слово дышит”. Выдадзена кніга пад назвай “В краях с золотым соловьем” дзякуючы спонсарскай дапамозе літаратурных сабратоў аўтара па інтэрнэтаўскіх аб’яднаннях. У яе ўвайшлі вершы на рускай мове, напісаныя за апошнія тры гады. Складаецца зборнік у 110 старонак з дзвюх глаў. Дарэчы, многія з вершаў ужо пакладзены на музыку, ёсць сярод песень нават рамансы.

 

 З 3 па 7 жніўня ў нашым раёне працавалі прадстаўнікі 52-га асобнага пошукавага батальёна воінскай часці № 28443. Іх цікавілі як групавыя, так і адзіночныя незарэгістраваныя захаванні ваенных гадоў.

У вёсцы Жомайдзь Гародзькаўскага сельсавета яны правялі раскопкі выяўленага групавога захавання часоў Першай сусветнай вайны. У вёсках Руднікі і Вярцімы Вішнеўскага сельсавета – адзіночнае захаванне, датаванае 1944 годам, і захаванне двух чалавек таксама часоў Вялікай Айчыннай вайны.

 

 Нядаўна шэсць настаўнікаў польскай мовы з Валожына, Сакаўшчыны, Вішнева, Івянца і Ракава вярнуліся з традыцыйнай летняй школы, якую ладзіць грамадскае аб’яднанне “Польска Мацеж Школьна”.

Заняткі ў школе пачаліся ў Гродне з метадычных трэнінгаў. Затым вучоба працягвалася ў Цэнтры ўдасканалення настаўнікаў у польскім горадзе Люблін. Завяршылася адукацыйнае падарожжа ў Чэхіі, дзе настаўнікі пабывалі на фальклорна-этнаграфічным фэсце ў гарадку Цешын і пазнаёміліся з яшчэ адным невялікім горадам гэтай краіны – Яблонкув. Галоўнае, што падчас сумяшчэння вучобы з адпачынкам яны мелі магчымасць зносін са сваімі калегамі з усёй рэспублікі, а гэта таксама дарагога каштуе.



Добавить комментарий