Батальён, якi ратаваў жыццi…

Культура

Падчас баёў летам 1944 года на тэрыторыі Валожынскага раёна некаторы час дзейнічаў 4-ы асобны медыка-санітарны батальён 5-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Бітвы ў гэтых месцах ішлі бязлітасныя, ваенныя медыкі працавалі днём і ўначы. Як маглі, яны ратавалі параненых, якія траплялі ў медсанбат непасрэдна з поля бою.

Мне ў рукі патрапілі копіі ўнікальных дакументаў, складзеных вайскоўцамі медсанбата, якія тычацца дзейнасці гэтага падраздзялення ў ліпені 1944 года на Валожынскай зямлі.

 “Камандзіру 4 АМСБ маёру медыцынскай службы Аляксандраву

 Рапарт.

 Даношу да Вашага ведама, што ваеннаслужачы радавы 1395-га зенітнага артылерыйскага палка Якунін Іван Нічыпаравіч, 1925 г. н., прызваны Калінінскім РВК г. Масквы. Паранены 6 ліпеня 1944 г. у 12.00. Паступіў у 4 АМСБ 6 ліпеня 1944 г. у 22.00 з дыягназам: скразное асколачнае раненне паяснічнай вобласці. Раненне правай ныркі з пераломам 3 і 4 паяснічных пазванкоў. Параліч ніжняй правай канечнасці. Шок 3-й ступені. Зроблена: кантроль ран, павязкі, сардэчныя. Пераліта 500,0 вадкасці Пятрова. З прычыны цяжкага стану хірургічнае ўмяшанне проціпаказана (накіраваны ў шокавую для супрацьшокавай тэрапіі). Памёр 7 ліпеня 1944 г. у 9.40 ад цяжару ранення (незваротнага шоку). Хатні адрас: Маскоўская вобласць, г. Хімкі, Першамайская, 5, кв. 2. Якуніна Праскоўя Нічыпараўна”.

Байца пахавалі ў брацкай магіле на могілках у Валожыне. У спісе савецкіх воінаў, якія спачываюць тут, у пашпарце пахавання насупраць яго прозвішча значыцца – даных няма. Сёння можна папоўніць гэты прабел.

Гвардыі радавы 5-й гвардзейскай стралковай дывізіі Іван Новакрэшчанаў быў цяжка паранены 6 ліпеня 1944 г. Ён памёр па дарозе ў медсанбат. Там урачы толькі зафіксавалі ў картцы дыягназ: асколачна-рвана-раструшчанае раненне правай галёнкі з пашкоджаннем косці.

Іван Новакрэшчанаў нарадзіўся ў 1924 г., жыў у Каратузскім раёне Краснаярскага краю. Адтуль пайшоў на фронт. 30 чэрвеня 1944 г. у палку, дзе ён служыў, падпісалі загад:

“Узнагародзіць медалём “За адвагу” тэлефаніста батарэі 76-мм гармат гвардыі радавога Новакрэшчанава Івана Васільевіча за тое, што ён на працягу баёў з 24 па 30 чэрвеня 1944 г. пад моцным агнём праціўніка забяспечваў бесперапынную сувязь, тым самым даваў магчымасць батарэі ў любую хвіліну адкрыць агонь па ўказаных цэлях”.

Пахавалі Івана Новакрэшчанава ў вёсцы Люташ Валожынскага раёна.

 

І яшчэ пра аднаго салдата, які назаўжды застаўся ў Валожынскім краі, я хачу распавесці.

Ізноў цытую адзін са шпітальных дакументаў:

“Паведамляю аб гвардыі радавым 17-га стралковага палка Назарчуку Уладзіміру Калейнікавічу. Падрабязных даных пра яго няма, бо адсутнічаюць дакументы, а паранены паступіў у цяжкім стане. Паранены 7 ліпеня 1944 г. Паступіў у 4 АМСБ 7 ліпеня ў 17.30 з дыягназам: раненне брушной поласці, перытаніт. Стан вельмі цяжкі. Хатні адрас невядомы”.

На досвітку наступнага дня Уладзімір Назарчук сканаў. Са спісаў незваротных страт 5-й гвардзейскай стралковай дывізіі бачна, што ён нарадзіўся ў 1925 г., да вайны жыў у Наваград-Валынскім раёне Украіны.

Гэтым воінам медыкі не змаглі выратаваць жыццё – занадта цяжкімі былі раненні. Аднак дзясяткі іншых яны паднялі на ногі і вярнулі ў строй. Прабыўшы першую дэкаду ліпеня 1944 г. у Валожынскім раёне, медсанбат перамясціўся на тэрыторыю Іўеўскага раёна. Вайна працягвалася, і батальён, які ратаваў жыцці, рухаўся наперад разам з наступаўшымі часцямі Чырвонай Арміі…

Юрый КАМЯГІН,

краязнавец, горад Гродна



Добавить комментарий