I сялянка i гараджанка…

Культура

Вёска Руднікі, што ў Валожынскім сельсавеце, здавалася, патанула ў густым разліве бязмежнай збажыны. Лічаныя хаты размясціліся тут. Будынкі некалі былі ўзведзены на вялікай адлегласці адзін ад аднаго. Таму цяпер сядзібы як бы перагароджаны зялёнай прыроднай сцяной кустоў-вербалозаў, вішняку і сліў, якія за апошнія дзесяцігоддзі моцна пайшлі ў рост.

У былыя часы тут налічвалася больш за 40 жыхароў. А цяпер і дзясятка не набярэцца. Дачнікі сваім прыездам абудзілі гэту вёсачку. Вярнулася сюды і мінчанка Ірына Баляславаўна Лянко (да замужжа Петрашкевіч). Вярнулася да сваіх вытокаў у Руднікі, ці ў Бандаршчыну – як яшчэ некаторыя карэнныя жыхары называюць гэты населены пункт.

У 17 гадоў у далёкай маладосці пакінула жанчына бацькоўскі дом. Спецыяльнасці ніякай не мела, таму ўладкавалася ў Мінску штампоўшчыцай на шарыкападшыпнікавы завод. А потым перайшла на вытворчае прадпрыемства, якое займалася выпускам лінзаў прамысловага прызначэння. Гэтаму прадпрыемству аддала Ірына Баляславаўна 25 гадоў. Сем гадоў тут працавала, ужо будучы на заслужаным адпачынку. А калі адчула, што поўнасцю апынулася ва ўладзе аднастайнай пенсіённай долі: часу хапае, а ў гарадской кватэры заняцца няма чым, ранняй вясной паехала ў бацькоўскую хату ў Руднікі.

Тут яе дачны сезон цяпер цягнецца аж да лістапада. У гараджанкі прачнуліся сялянскія гены. Старанна апрацоўвае невялікі зямельны ўчастак, увішна валодае сельскагаспадарчым інструментам. Вырошчвае бульбу, сталовыя буракі, добра родзяць цыбуля, часнок. Вітамінныя запасы перапраўляюцца ў Мінск, дзе жывуць дачка, двое ўнукаў.

Штогод на вясковай сядзібе шчодра родзяць пладовыя дрэвы, багаты ўраджай даюць парэчкі, агрэст. Невялікі сад заклаў некалі руплівы бацька. Але і яблыні, і кусты не паддаюцца старасці і хваробам, яны нібы рады, што жыццё на сядзібе па-ранейшаму яшчэ цепліцца.

І. Б. Лянко таксама вырашыла ўнесці сваю лепту ў адраджэнне старой сядзібы. У палісадніку пышна зацвілі кветкі. Дужы малады вінаград учэпіста пляцецца па тынку. Ягад хапае ўдосталь для сваёй сям’і, яшчэ і з суседзямі ўдаецца падзяліцца.

…Не ўсім гараджанам вясковы быт надоўга аказаўся па душы. Адну хату, расказвае Ірына Баляслаўвана, некалі законныя спадчыннікі прадалі ўсяго за 800 долараў. А ўжо праз год яе з ахвотай купілі дачнікі за 1,5 тысячы, апошняя здзелка прыкметна падняла кошт – 3,5 тысячы долараў заплацілі гараджане за старую сядзібу.

Наша гераіня сваю сціплую сялянскую хатку прадаваць пакуль не збіраецца. Бо з гадамі пачынае выразна разумець: што ў маладосці лёгка страціў, тое ў старасці з вялікай радасцю знайшоў. Пісаў жа некалі Р. Барадулін:

«Трэба дома бываць часцей,

 Трэба дома бываць не госцем.

 Каб душою ты стаў чысцей

 I не страцiў святое штосьцi…

 …Не забыць, як марозам злым

 Клямка пальцы пячэ балюча…»

Клямка на ўваходных дзвярах пячэ балюча не толькі ў мароз, халадок міжволі прабягае па руках і спякотным летам, калі прыязджаеш сюды з Мінска, які поўнасцю родным так і не стаў, а хатка па-ранейшаму цягне да сябе непераадольнай магічнай сілай. Гаючыя крыніцы памяці тут усё яшчэ струменяць!

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий