Лепшыя камбайнавыя экіпажы

Общество

Сярод лепшых камбайнавых экіпажаў на сёлетнім жніве ў тройку лідараў па раёне ўваходзяць хлебаробы з ААТ “Адамова-агра” – сын і бацька Казімір Эдуардавіч і Эдуард Іванавіч КРАСКОЎСКІЯ. Працуюць яны на камбайне “КЗС-10” і па стане на 10 жніўня намалацілі 580 тон збожжа.

  Рупліўцаў хлебнай нівы адамоўскай зямлі мы знайшлі на жытнёвых палетках ля вёскі Жомайдзь: сюды завіталі разам са спецыяльнай мабільнай групай з ліку работнікаў упраўлення райсельгасхарчу, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, РЦГіЭ, створанай у райвыканкаме з мэтай аказання дапамогі і садзейнічання ў вырашэнні пытанняў аховы працы, ідэалагічнага забеспячэння ўборачнай кампаніі. Пацікавіцца тым, як ідуць справы ў хлебаробаў, завітаў і дырэктар гаспадаркі Віктар Рамуальдавіч Ахрэм. Хоць ён прызначаны на гэту пасаду зусім нядаўна, але валодае сітуацыяй дасканала. “Людзі душой адданыя роднай зямлі, – адзначыў кіраўнік. – Сёлета вырас добры ўраджай, і ў гэтым заслуга агранамічнай службы на чале з Пятром Іванавічам Язерскім. Тэхніка таксама ўся падрыхтавана належным чынам, і тут прыклаў вялікія намаганні галоўны інжынер Казімір Іосіфавіч Багуслаўскі.

Перадавы камбайнер К. Э. Краскоўскі працуе вадзіцелем у РАНС. Але штогод бярэ чарговы водпуск менавіта на жніво. “Са школьных гадоў у бацькі памочнікам на камбайне быў, – расказвае Казімір Эдуардавіч. – Працаваў на “Ніве”, “Енісеі”. Пасля ўжо сам змяніў бацьку: шэсць гадоў убіраў хлеб на “ДОНе” і ўжо дзявяты працую на “КЗС-10”.

Цяга да роднай зямлі пераважыла і ў жыцці вадзіцеля А. Р. Рачкоўскага. Ён разам з сям’ёй жыў у Маладзечне: былі і праца, і ўласнае жыллё. Але ўжо дзесяць гадоў, як вярнуўся на сваю радзіму.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий