Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679                             Velcom 3933728

 

На працягу жніўня прыступаюць да работы маладыя спецыялісты. Іх сустракаюць у многіх калектывах раёна, куды яны атрымалі размеркаванне. 16 маладых лейтэнантаў папоўнілі сёлета афіцэрскі састаў воінскай часці № 30695.

На першыя афіцэрскія пасады, у пераважнай большасці камандзірамі ўзводаў, прызначаны 6 выпускнікоў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, 3 – ваеннага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Яшчэ 7 набывалі ваенныя спецыяльнасці ў Расіі. Трое афіцэраў скончылі Федэральную дзяржаўную казённую ваенна-адукацыйную ўстанову вышэйшай адукацыі “Чарапавецкае вышэйшае ваенна-інжынернае вучылішча радыёэлектронікі Міністэрства абароны РФ” і чацвёра – Ваенна-касмічную акадэмію імя А. Ф. Мажайскага. Усе яны – ураджэнцы Беларусі (толькі нашых землякоў сярод іх няма), і здавалі ўступныя экзамены ў Ваенную акадэмію ў Мінску. Праз пэўны час прайшлі адбор і былі накіраваны на вучобу ў расійскія ВНУ. Ёсць сярод навічкоў і прадаўжальнікі ваенных дынастый. Гэта лейтэнанты Аляксандр Шалуха і Ягор Сяргееў.

 

 У снежні бягучага года будзе адзначацца 145-годдзе з дня нараджэння нашага слыннага земляка мастака Фердынанда Рушчыца. Як ніколі раней, да яго асобы звернута вялікая ўвага грамадскасці, і мерапрыемствы абяцаюць быць досыць масштабнымі і гучнымі. Імя Рушчыца даўно магло стаць “фішкай”, як цяпер кажуць, нашага раёна. Мастака, які ўнёс вялікі ўклад у культуры не толькі нашай краіны, але і Польшчы, Літвы, яшчэ ў 70-ыя гады мінулага стагоддзя вярнуў з незаслужанага небыцця журналіст нашай раённай газеты Леанід Аноп. Менавіта ў “Працоўнай славе” былі надрукаваны яго краязнаўчыя артыкулы. Ён застаў той час, калі былі жывыя вяскоўцы, што непасрэдна ведалі сям’ю Рушчыцаў і самога мастака.

У раёне створана рабочая група па падрыхтоўцы да юбілею, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік. Днямі з дзелавым візітам раён наведалі намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама В. І. Сірэнка, Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь У. І. Пракапцоў, намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама С. А. Баранок. Яны пабывалі на вясковых могілках, дзе пахаваны Ф. Рушчыц, на месцы былой сядзібы ў вёсцы Багданава, агледзелі будынак, дзе плануецца адкрыць музей мастака. Складзены пратакол даручэнняў па добраўпарадкаванні і магчымай рэканструкцыі гэтых месцаў.

 

 46 абітурыентаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па адным з самых цяжкіх прадметаў – матэматыцы – паказалі стабальны вынік. Можна ганарыцца, што сярод іх ёсць і выпускнік гімназіі № 1 горада Валожына Сяргей Вайткевіч.

Сяргей, дарэчы, нават не медаліст, хаця быў надзвычай здольным у дакладных дысцыплінах. Поспех вучня падзяляе яго настаўнік матэматыкі Ірына Уладзіміраўна Уланчык.

 

 На мінулым тыдні ў Валожыне прайшлі занальныя спаборніцтвы па стрытболу сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства “Аранжавы мяч”. Стрытбол – гульня, калі на полі знаходзяцца па тры ігракі (яшчэ два – на замене) і гуляюць у адно кальцо. Каманды былі “разбіты” на чатыры зоны.

У Валожыне за права выйсці ў фінал (па адной камандзе) спрачаліся юнакі і дзяўчаты 2000 года нараджэння і маладзейшыя з нашага раёна, а таксама Маладзечанскага, Вілейскага і Мядзельскага. Справядліва гавораць, што дома і сцены дапамагаюць. Каманды юнакоў і дзяўчат нашага раёна занялі першыя месцы. Наперадзе іх чакаюць абласныя фінальныя спаборніцтвы. Рэспубліканскія адбудуцца 11-12 верасня. Пажадаем поспехаў і ўдачы нашым юным спартсменам!

 

 Выхаванцы настаўніцы хіміі сярэдняй школы № 2 райцэнтра Таццяны Вячаславаўны Халявінскай у трэці раз бралі ўдзел у завочным Міжнародным конкурсе даследчых работ вучняў і студэнтаў “Магніт пазнання” ў расійскім горадзе Чэбаксары.

Не так даўно стала вядома, што работа старшакласнікаў Анастасіі Стэльмах і Уладзіслава Селятыцкага “Альтэрнатыўныя спосабы атрымання кіслароду і хлору ў лабараторыях” набрала 65 балаў і заняла другое месца, што пацвярджае Дыплом недзяржаўнай адукацыйнай установы дадатковай прафесіянальнай адукацыі “Экспертна-метадычны цэнтр”.

 

Фонды раённага краязнаўчага музея папоўніў рукапісны зборнік нот беларускіх, яўрэйскіх і польскіх песень нашай мясцовасці, якія былі папулярнымі і выконваліся ў пачатку мінулага стагоддзя.

Гэтыя ноты захавала і перадала настаўніца-пенсіянерка з вёскі Палачаны Маладзечанскага раёна Яўгенія Фамінічна Чаплінская, блізкая сваячка вядомай валожынскай настаўніцы Наталлі Сцяпанаўны Навіцкай.



Добавить комментарий