Вiтамiнны запас

Общество

Лета – шчодрая пара на вітамінныя дары. Але варта своечасова паклапаціцца пра іх нарыхтоўку. Руплівыя гаспадыні ўжо ва ўсю вараць варэнне і ставяць кампоты, не марудзяць і на прадпрыемствах грамадскага харчавання. 

Пра разнастайнасць і багацце нашага агульнага зімовага стала найперш пачынаюць дбаць нарыхтоўшчыкі. Як паведаміла начальнік аддзела нарыхтовак райспажыўтаварыства Дар’я Нахай, закупка ягад ад насельніцтва ідзе актыўна. Да работы падключаны ўсе магазіны арганізацыі, у аддаленыя населеныя пункты прыязджаюць спецыяльныя аўтамашыны. Аб паспяховасці кампаніі найлепш гаварыць мовай лічбаў: калі летась з Валожыншчыны на Маладзечанскі харчовы камбінат паступіла каля дзвюх тон чарніц, то сёлета больш за чатыры. Яшчэ з паўтоны гэтых ягад рэалізавалі праз гандлёвую сетку раёна. Закупачная цана за сезон вагалася ў памеры 20-25 тысяч рублёў за кілаграм. Найбольш старанна папрацавалі такія нарыхтоўшчыкі, як Л. К. Амельяновіч з Валожына і М. М. Юхневіч з Івянца.

Трохі пазней, чым у мінулым годзе, сёлета пачалі паспяваць садовыя ягады. Чорныя і чырвоныя парэчкі бярэ на перапрацоўку Чэрвеньскі завод. Ім ужо адгружана каля 11 тон сакавітых ягад.

Нарыхтаваную работнікамі райспажыўтаварыства свежую вітамінную прадукцыю захоўваюць у спецыяльнай камеры не больш за двое сутак. Такім чынам удаецца пазбегнуць страт і псавання.

Не сакрэт, што дары лясоў і садоў – выгадная справа як для тых, хто не лянуецца пакланіцца кожнай ягадцы, так і для закупачных і перапрацоўчых арганізацый. Нядрэнна зарабіць можна студэнтам і старэйшым школьнікам, якія ахвотна наймаюцца ў самы гарачы сезон на работу ў аддзел нарыхтовак райспажыўтаварыства. За пагрузачнымі работамі мы акурат і засталі дужых хлопцаў Аляксандра БІЛЬДЗЮКА і Канстанціна СТАСЯЛОВІЧА. Яны лічаць, што толькі адпачыць на канікулах – не цікава. А вось папрацуеш як след, то і самаацэнка падымаецца, і для сямейнага бюджэту карысць адчуваецца…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий