I запалак не трэба…

Закон и порядок

Апошні месяц лета прынёс у краіну нечаканую ўжо надзвычайную спёку. У рэспубліцы быў аб’яўлены не толькі аранжавы, але і чырвоны ўзровень небяспекі.

8 жніўня Валожын паўтарыў рэкорд жніўня 1992 года — + 34,4 градуса па Цэльсію. Аналагічная гарачыня назіралася і ў жніўні 2010 года. А вось рэкорд 3 жніўня 2014 года, па даных нашай метэастанцыі, пакуль не перакрыты — + 35,5 градуса.

У чарговы раз прынята рашэнне райвыканкама аб забароне з 6 жніўня знаходжання грамадзян у лясах. Як паведамілі ў лясгасе, усе шлагбаумы закрыты. Вядзецца дзяжурства ва ўзмоцненым рэжыме. Дарэчы, за летні перыяд складзены 2 адміністрацыйныя пратаколы за знаходжанне ў лясах у забаронены перыяд. Пакаранне за такое парушэнне прадугледжвае да 20 базавых велічынь.

На жаль, падчас высокай пажаранебяспекі не ўсе прытрымліваюцца правілаў, не думаюць пра сваё жыццё. Пра гэта сведчыць і выпадак, які адбыўся 4 жніўня.

У 21.20 у цэнтр аператыўнага кіравання РАНС паступіла паведамленне ад дзяжурнага РАУС пра тое, што ў вёсцы Гелянова-Хутарское, дом 17 Вішнеўскага сельсавета выяўлены часткова абгарэлы труп жанчыны 1932 года нараджэння.

Як расказала рэдакцыі інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Алена Процкіў, аб’ектам агляду з’явіўся ўчастак згарэлай травы 12х43 метры на прысядзібным участку па даным адрасе. Паводле слоў суседкі, у дзённы час 83-гадовая пенсіянерка выпальвала сухую расліннасць на адлегласці 30 метраў ад бліжэйшых пабудоў. А ў 20.43 на тым месцы быў выяўлены абгарэлы труп гаспадыні.

На думку спецыялістаў, прычынай узгарання стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры спальванні сухой расліннасці. Дарэчы, пабудовы на прысядзібным участку не пацярпелі. А вось жанчына стала ахвярай уласнай бестурботнасці.

Не абышлося без надзвычайнага здарэння і на жніве. 8 жніўня ў 14.17 паступіла паведамленне аб загаранні камбайна на полі паблізу вёскі Ластаянцы Вішнеўскага сельсавета. У камбайне, які належыў КСУП “Падбярэззе”, загарэлася электраправодка ў маторным адсеку.

Першымі ў барацьбу з агнём уключыліся выратавальнікі паста “Падбярэззе”, якія дзяжурылі на полі. Ад уборачнай тэхнікі агонь перакінуўся на поле. Па папярэдніх даных знішчана ржышча на плошчы каля 20 гектараў і 8 гектараў азімай пшаніцы на корані.

На тушэнні пажару былі задзейнічаны 6 аўтацыстэрнаў з Сакаўшчыны, Валожына, Крэва Смаргонскага раёна і дзве машыны з Ашмянскага РАНС. Існавала пагроза загарання ляснога масіву і самой вёскі Ластаянцы. Як гавораць выратавальнікі, іх адбілі ад агню. Выратавалі таксама каля 20 гектараў няўбранай азімай пшаніцы.

Дзякуючы зладжаным дзеянням пажарных-выратавальнікаў, у 15.44 пагроза пажару была цалкам ліквідавана.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий