Агляд падзей у раённай газеце за жнiвень 1970 года

ЯНЫ IДУЦЬ НАПЕРАДЗЕ

Бюро раённага камітэта КП Беларусі, выканкам раённага Савета дэпутатаў працоўных і райкам прафсаюза рабочых і служачых сельскай гаспадаркі і нарыхтовак падвялі вынікі сацыялістычнага спаборніцтва камбайнераў калгасаў і саўгасаў за чацвёртую пяцідзёнку жніўня.

Пераможцам на жніве прызнаны камбайнер калгаса “17 верасня” Эдуард Сцяпанавіч Пашкоўскі, які ўбраў 52 гектары збожжавых і намалаціў 105 тон зерня. Яму прысуджаны пераходны вымпел, Ганаровая грамата і грашовая прэмія ў памеры 20 рублёў.

Другая прэмія – 15 рублёў – прысуджана камбайнеру калгаса “Краіна Саветаў” Івану Іосіфавічу Сліжу, які ўбраў ураджай з плошчы 56 гектараў і намалаціў 100 тон збожжа.

Трэцяя прэмія ў памеры 10 рублёў прысуджана камбайнеру калгаса “Радзіма” Міхаілу Мікалаевічу Чабаю, які ўбраў 42 гектары і намалаціў 98 тон збожжа.

 

СПАБОРНIЧАЮЦЬ ХЛЕБАПЁКI

На Івянецкім хлебазаводзе значна расшыраны асартымент вырабаў. Карыстаюцца попытам у пакупнікоў “Руская круглая булачка”, “Майскі хлеб”.

Няма браку ў рабоце хлебапёкаў другой і чацвёртай брыгад, якія ўзначальваюць Раман Іосіфавіч Аніська і Генадзь Міхайлавіч Мойса. Высокай якасцю вызначаецца прадукцыя Таццяны Казіміраўны Вараксы, Ядвігі Канстанцінаўны Звярынскай.

Штоквартальна падводзяцца вынікі спаборніцтва паміж брыгадамі. Першае месца пакуль за брыгадай, якой кіруе Каспар Фабіянавіч Мамыш. Калектыву гэтай брыгады ўручана грашовая прэмія ў суме дваццаці рублёў.

ВЕТЭРАН ПАВЕТРАНЫХ СIЛ

Адзначаючы 18 жніўня Дзень Паветранага флоту СССР – свята смелых, крылатых людзей, працоўныя Валожыншчыны могуць ганарыцца, што ля вытокаў магутнасці на нябесных трасах знаходзіліся выхадцы з нашага раёна.

Уладзімір Сцяпанавіч Загорскі нарадзіўся ў вёсцы Дайнава Узбалацкага сельсавета. Лёс закінуў яго ў пошуках кавалка хлеба ў Пецярбург, дзе ўдалося ўладкавацца на Пуцілаўскі завод. Так вясковы хлопец стаў слесарам. Далей шлях Уладзіміра Загорскага ляжаў у рэвалюцыю, якую ён мужна адстойваў на франтах грамадзянскай вайны.

Вялікая Айчынная вайна з першых дзён паклікала яго ў рады абаронцаў Радзімы. Ужо ў чэрвені 1941 года на базе Паўночнага ўпраўлення ГПФ ствараецца асобая паўночная авіягрупа. А крыху пазней начальнікам штаба 4-га авіяпалка назначаецца капітан Загорскі.

Пасля вайны камуніст Загорскі звязаў сваё жыццё з новай тады справай – авіяцыяй, стаў арганізатарам яе на Поўначы нашай краіны. Зараз наш зямляк жыве ў Ленінградзе.

 

ГАЛОЎНЫ КЛОПАТ

Працяглыя дажджы шмат пашкодзілі хлебаробам, прымусілі ўнесці змены ў рабочы план.

У ходзе ўборкі ўраджаю па стане на 24 жніўня першае месца сярод гаспадарак займае калгас імя Леніна, дзе сярэдняя ўраджайнасць з гектара склала 28 цэнтнераў, убрана зерневых – 66,7%. На другім месцы – калгас імя М. Горкага: сярэдняя ўраджайнасць з гектара – 23,8 ц, убрана зерневых – 79%. На трэцім месцы – калгас “1 Мая”: сярэдняя ўраджайнасць з гектара – 20,1 ц, убрана зерневых – 59,3%.

Сярод саўгасаў лідзіруе “Падбярэззе”: сярэдняя ўраджайнасць з гектара – 20,7 ц, убрана зерневых – 69,9%. На другім месцы – саўгас “Ракаўскі”: сярэдняя ўраджайнасць з гектара – 20 ц, убрана зерневых – 59,4%. На трэцім месцы – саўгас “Багданаўскі”: сярэдняя ўраджайнасць з гектара – 16,4 ц, убрана зерневых – 61,5%.

 

Калгас “Чырвоны партызан” адным з першых у раёне рапартаваў аб завяршэнні ўборкі збожжавых культур. Першынство на жніве заваяваў камбайнер У. В. Кушаль, які намалаціў 160 тон зерня. Цяпер механізатары аказваюць дапамогу суседзям – калгасу “17 верасня”.

 Званне “Прадавец высокай культуры абслугоўвання пакупнікоў” прысвоена загадчыцы кнігарні Аляксандры Мікалаеўне Філіповіч, загадчыцы магазіна Пяршайскага сельпо Аліме Сямёнаўне Паташ, загадчыцы прадмага ў вёсцы Ракаў Яніне Антонаўне Папкоўскай, прадаўцу аддзела штучных тавараў універмага Валожынскага гарпо Ніне Піліпаўне Мандрык.

 Вясёлыя песні, гарачыя прамовы гучалі за святочным сталом у доме калгаснага вартаўніка Іосіфа Васільевіча Сенькі і яго жонкі Хрысціны Іосіфаўны. Не толькі са свайго раёна, але з Мінска і нават з Ташкента прыехалі ў Брылькі сваякі, каб ушанаваць тых, хто сумесна пражыў пяцьдзясят гадоў і зараз спраўляе залатое вяселле.

 У раённым Доме культуры адбудзецца вечар паэзіі, песні, музыкі і танца з удзелам артыстаў з Ленінграда.

 

 Гонар першым пачаць сяўбу азімых культур выпаў старэйшаму механізатару калгаса “1 Мая” Аляксею Дзмітрыевічу Міцкевічу. Звыш пяцісот гектараў адведзена сёлета ў калгасе пад ураджай будучага года.

 Рабочыя паляводчых брыгад саўгаса “Багданаўскі” адправілі ў магазіны горада Мінска 30 тон хуткаспелай бульбы. Ураджай клубняў на кожным гектары складае звыш 130 цэнтнераў.

 Калектыў Валожынскага масласырзавода з радасцю ўспрыняў вестку аб заканчэнні рэспубліканскага агляду-конкурсу якасці масла, які праходзіў у Баранавічах. Прадукцыя прадпрыемства атрымала высокую адзнаку. Аб гэтым сведчыць Ганаровая грамата Міністэрства мяса-малочнай прамысловасці БССР.

 Перад жнівом кожны камбайнер калгаса “Краіна Саветаў” атрымаў пасведчанні, у якіх ужо з’явіліся першыя лаканічныя запісы аб выпрацоўцы за пяцідзёнку. Асабліва вызначыўся камбайнер Раман Алейчык. Ён апярэдзіў сваіх таварышаў па працы, намалаціў 39 тон зерня. На яго камбайне палымнее чырвоны сцяжок. Перадавік вытворчасці атрымаў таксама першую грашовую прэмію. На другім месцы камбайнер Вячаслаў Сергіевіч, які намалаціў 38 тон збожжа.

 Зацверджаны план пасадкі лесу ў калгасах і саўгасах раёна. За пяцігоддзе тут будзе пасаджана 632 гектары лясоў, у тым ліку на пясках і іншых невыкарыстоўваемых землях – 550 гектараў. Намечана аблясенне яраў на плошчы 62 і стварэнне лесаахоўных палос на 20 гектарах. Па стане на мінулы год у калгасах і саўгасах мелася 572 гектары садоў, з іх пладаносных толькі 210 гектараў. Нізкай з’яўляецца прадукцыйнасць садоў. Летась з аднаго гектара іх сабралі ўсяго па 1,1 цэнтнера пладоў.

 

 Работнікі перасоўнай механізаванай калоны № 64 у парадку дапамогі калгасам “17 верасня” і імя Суворава будуюць сянажныя траншэі ёмістасцю ў пяцьсот тон кожная. Сярод лепшых будаўнікоў ПМК № 64, сапраўдных майстроў сваёй справы Іван Міхайлавіч Журкевіч, Юльян Сцяпанавіч Садоўскі, Іван Сямёнавіч Рубан, Іван Іванавіч Філістовіч, Сцяпан Канстанцінавіч Маліцкі.

 Будаўніцтва водаправода пачалося ў гарадскім пасёлку Івянец. У першую чаргу водаразборныя калонкі будуць устаноўлены на самых вялікіх вуліцах: Савецкай, Камсамольскай і імя Леніна.

 У раёне 656 падпісчыкаў на 54 выданні. Попытам карыстаюцца “Успаміны аб У. І. Леніне”, “Вялікая Савецкая энцыклапедыя”, “Беларуская Савецкая энцыклапедыя”. Больш за дзве тысячы рублёў паступіла райспажыўсаюзу ад продажу літаратуры кніганошамі. Работнікі Валожынскага кніжнага магазіна надзвычай удзячны пенсіянерцы М. Е. Міхальчанцы, якая з’яўляецца іх добраахвотным памочнікам. Са стосікам кніг яна наведвае прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы, выязджае ў калгасы і сельскія школы. Яна прадала літаратуры больш як на тысячу рублёў. А. А. Станкевіч, працуючы ў ларку па продажы насення, вядзе прапаганду літаратуры па садаводстве, пчалярстве і іншых галінах сельскагаспадарчай вытворчасці.

 

ПОСПЕХ БРЫГАДЫ

Брыгада Івана Пятровіча Більдзюка Івянецкага міжкалгасбуда змагаецца за права называцца брыгадай камуністычнай працы. Будаўнікі рашылі: будзем здаваць аб’екты ў тэрмін і толькі з добрай адзнакай.

Зараз працуюць на тэрыторыі базы сваёй арганізацыі. Збудавалі склад гаруча-змазачных матэрыялаў, закончылі першы паверх васямнаццацікватэрнага жылога дома.

У брыгадзе І. Більдзюка нямала вопытных спецыялістаў, якімі ганарыцца ўвесь калектыў. Сярод іх муляры Антон Нікадзімавіч Княжэвіч, Леанід Францавіч Княжэвіч, Тадэвуш Паўлавіч Мазалеўскі. Нормы выпрацоўкі, як правіла, яны перавыконваюць. Люба паглядзець на работу гэтых людзей. Майстэрству кладкі перадавікі вытворчасці навучылі многіх рабочых.

 

СТАРЭЙШЫНА ПIЛЬНЫХ

У гарадскім пасёлку Івянец Г. Ш. Лысага ведае амаль кожны.

Не сядзіцца дома 70-гадоваму ветэрану працы, чалавеку, усё сваё свядомае жыццё аддаўшаму людзям. Ён заўсёды сярод іх, выконвае грамадскія даручэнні, даручэнні партыйнай арганізацыі. Як непрымірымага да недахопаў, прынцыповага, патрабавальнага да сябе і іншых ведаюць Гіршу Шлёмавіча Лысага тыя, хто разам з ім працаваў і цяпер жыве ў адным пасёлку.

З першых дзён утварэння органаў народнага кантролю гэты чалавек прымае актыўны ўдзел у іх дзейнасці, з’яўляецца няштатным інспектарам. Ён вызначаецца добрасумленнасцю, аказвае практычную дапамогу групам народных дазорных у іх рабоце. У свае 70 гадоў Гірш Шлёмавіч, з прысутнай яму энергіяй, сумленна выконвае даручаную справу.

 

НАСУСТРАЧ

СПАРТАКIЯДЗЕ

Калектыў фізічнай культуры райаб’яднання “Сельгастэхнікі” ўключыўся ў падрыхтоўку да пятай Спартакіяды народаў СССР.

 Савет фізкультуры, які створаны на прадпрыемстве, распрацаваў умовы цэхавых спаборніцтваў па многіх відах спорту.

Першымі выйшлі на старт велагоншчыкі. Яны спаборнічалі на дыстанцыі ў пяць кіламетраў. Найлепшы вынік паказаў рабочы ліцейнага цэха І. Рагель. Яму прысуджана першае месца. На другім – слесар рамонтнага цэха Ф. Новік і на трэцім – электрык лінейна-мантажнага ўчастка В. Кашкоўскі.

Памераліся сіламі аматары шашак і шахматаў. Першынство заваяваў інжынер М. Фіялка.

Адбыліся спаборніцтвы па настольным тэнісе, у якіх першае месца заняў токар Ю. Ермашкевіч.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars