Адценнi iх шчасця

Культура

Класік сусветнай літаратуры Леў Талстой сцвярджаў, што ўсе шчаслівыя сем’і падобныя адна да адной і толькі нешчаслівыя – нешчаслівая кожная па-свойму. Няўдзячны занятак – спрачацца з вялікім пісьменнікам, але што рабіць, калі мой жыццёвы вопыт не дазваляе падзяляць яго думку. Упэўнена, адмоўныя эмоцыі тых, хто перажывае непрыемнасці, афарбаваны ў аднолькава змрочныя колеры. Як кажуць, бяда – яна і ў Афрыцы бяда. А вось шчасце мае тысячы адценняў, і для кожнага чалавека, для кожнай сям’і зіхаціць мноствам рознакаляровых вясёлак.

Алена Іванаўна і Сяргей Анатольевіч Бражаловічы  яшчэ маладыя людзі. Колькі ўсяго наперадзе ў гэтай пары! Але ж і сёння ім ёсць чым ганарыцца. Пабудавалі дом, працуюць над стварэннем сада. “А сыночка ці нарадзілі?” – запытаеце вы. А як жа! Ды не аднаго – траіх!

Разам Алена і Сяргей з самых юных гадоў. Аднойчы дзяўчаты, выхаванкі школы № 2, завіталі на дыскатэку ў гімназію. Там жа вырашылі правесці вечар і навучэнцы ліцэя. Адной з дзяўчат спадабаўся хлопец, які прыйшоў з Сяргеем. Алену, як самую камунікабельную, накіравалі на перамовы. Дзве кампаніі аб’ядналіся, зацікаўленых пазнаёмілі. Хлопцы правялі дзяўчат дадому, але чамусьці знаёмства не прадоўжылася, хоць Сяргею спадабалася прыгожая і, як ён лічыў, бойкая дзяўчына. Малады чалавек і не здагадваўся, што смеласць тая была прадыктавана шчырым жаданнем дапамагчы сяброўцы. На самай справе Леначка Турская выхоўвалася ў строгасці. Бавіць час па-за домам ёй дазвалялі даволі рэдка. Той памятны вечар амаль і быў першым выхадам у свет.

Праз нейкі час агульныя знаёмыя зноў звялі іх на вечарынцы. З той пары іх жыццёвыя дарогі зліліся ў адну. Зразумела, тады аб шлюбе і гаворкі не было, надта ж юны быў узрост закаханых. Чатыры гады яны чакалі ўрачыстага дня, калі сталі мужам і жонкай. За гэты час набылі адукацыю. Алена, скончыўшы школу, паступіла ў Навапольскі тэхнікум, стала юрыстам, як і яе муж. Тую ж навучальную ўстанову ён скончыў раней, але цэлы год ім пашчасціла вучыцца разам, толькі на розных курсах. Пазней яны прынялі рашэнне – Сяргей павінен вучыцца далей. Сёння ён – юрыст з вышэйшай адукацыяй, займае пасаду дырэктара прадстаўніцтва дзяржстраху па Валожынскім раёне. А маладая жонка да дэкрэтнага адпачынку працавала ў банку. У яе бліжэйшых планах пункт “працягваць вучобу” пакуль адсутнічае. “Хіба трошкі пазней”, – разважае Лена. Сёння такой магчымасці ў яе проста няма, нашчадкам Бражаловічаў – 12, 6 і 1,5 года. Яны і толькі яны займаюць думкі і час маладой маці, а маладога бацьку стымулююць добраўпарадкоўваць жыллё, асвойваючы адзін за адным розныя карысныя навыкі.

Галава сям’і, што і казаць, мужчына “рукасты”. На будаўніцтве дома наёмных работнікаў працавала няшмат, у асноўным усё рабілі самі. Пашанцавала з раднёй. Сем’і Бражаловічаў і Турскіх дружныя, пра такіх гавораць “адзін за аднаго”. Вось так і ствараецца дабрабыт гэтай сям’і: што самі, што бацькі, сёстры, швагры. Сяргей у сям’і адзіны сын, але стрыечная сястра яму як родная. А сёстры Турскія з дзяцінства – вадой не разальеш.

Аб тым, што дзетак павінна быць не менш за двое, Бражаловічы вырашылі кожны для сябе паасобку і вельмі ўзрадаваліся, калі даведаліся аб меркаваннях адзін аднаго. Жонка і маці прызнаецца, што марыць аб дачцэ, а старэйшы мужчына ў сям’і жартуе, што, згодна са статыстычнымі данымі, пятае дзіця ў сям’і часцей за ўсё – дзяўчынка. А колькі там ужо да пятага засталося!

Міхаіл, Павел і Дзмітрый – так назвалі сыночкаў любячыя бацькі. Кожны з іх мае адметны характар, звычкі і ўяўленне аб сваім месцы ў сям’і і ў свеце.

Міша – удумлівы малады чалавек з павышаным пачуццём адказнасці. Хоць і быў амаль шэсць гадоў адзіным, эгаістычных рысаў пазбаўлены ўвогуле. Даглядае братоў, дапамагае маці ў доме, бацьку ў гаражы, на падворку. Прызнаецца, што гэта не самыя любімыя заняткі, але дадае: “Калі не я, то хто?” З будучай прафесіяй пакуль не вызначыўся, але плануе заняцца чым-небудзь сур’ёзным і абавязкова карысным. Размова з такім субяседнікам дысцыплінуе. Ён слухае ўважліва, коратка адказвае на пытанне, у доўгія разважанні не ўдаецца, здаецца, такой жа канкрэтнасці чакае і ад суразмоўцы. Паша – прыгожы летуценнік, заклапочаны падзеяй, якая павінна хутка адбыцца ў яго жыцці, – ён стаў дастаткова дарослым, каб набыць статус школьніка. Хлопчык трошкі маўчун ад прыроды, і яму патрэбен час, каб прывыкнуць да новых абставін і людзей. Але, асвоіўшыся, ён з ахвотай расказвае аб захапленні веласіпедам, аб гульнях з сябрамі і аб тым, якая гэта адказнасць – глядзець “малога”.

Дзіма – без сумнення, сувязнае звяно ў гэтай дружнай сям’і. Ён прыйшоў у яе апошнім і вельмі добра ўсведамляе, наколькі яго тут не хапала. З непасрэднасцю палутарагадавалага дзіцяці ён чакае ад кожнага члена сям’і ўвагі і пяшчоты. Хлапчук упэўнены, што ён і ёсць для ўсіх іх і радасць, і адпачынак, і задавальненне.

Бражаловічы сціплыя людзі, аб сабе расказваць, а тым больш хваліцца не любяць. Раскрываюцца не адразу. Але падчас гутаркі я даведалася, што Алена майстрыха выпякаць тарты, умее іх упрыгожваць, вырабляе сувеніры. Сяргей, у адрозненне ад большасці мужчын, не “гуляе” ў футбол, лежачы на канапе. “Спорт для таго, каб ім займацца, а не з боку назіраць”. Старэйшы сын думку таты падзяляе, ён увогуле стараецца пераймаць усе бацькавы ўменні, а ў мамы “на ўсякі выпадак” паціху вучыцца гатаваць. Сярэдні Бражаловіч прызнаўся, што трошкі перажывае за будучую вучобу, а малодшы ў сваю чаргу прадэманстраваў уменне вадзіць асабісты “аўтамабіль”.

Я запытала ў Алены і Сяргея аб самых запамінальных падзеях іх сумеснага жыцця, на што яны адказалі: “Дні нараджэння нашай моладзі!” А яшчэ ўзгадалі дзень шлюбу. “Калі выходзілі з царквы, пайшоў дождж, мы засмуціліся, але раптам пачулі словы святара: “Гэта пара абавязкова будзе шчаслівай!” Словы запомніліся і, відаць, сталі для гэтых людзей сімвалічнымі. Цяпер, калі дзеці хварэюць ці прыходзіцца нейкія матэрыяльныя цяжкасці адольваць, яны абавязкова кажуць адзін аднаму: “Мы з табой якія? Правільна, шчаслівыя!” Праверана не аднойчы – устаноўка працуе!

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий