Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Общество

Тэл. 55679      Velcom 3933728

 У адпаведнасці з распараджэннем аблвыканкама «Аб правядзенні ў Мінскай вобласці спецыялізаваных кірмашоў да пачатку новага 2015/2016 вучэбнага года» 22 жніўня ў Маладзечне адбудзецца кірмаш з удзелам арганізацый гандлю Вілейскага, Валожынскага, Лагойскага, Маладзечанскага і Мядзельскага раёнаў.

 За сем месяцаў бягучага года ў раёне ўведзена ў строй 14250 метраў квадратных жылля.

У канцы ліпеня здадзены пад ключ 60-кватэрны кааператыўны жылы дом у вёсцы Паморшчына Ракаўскага сельсавета, дзе палепшылі свае жыллёвыя ўмовы многія сем’і жыхароў сельсавета. Таксама работнікі сельгаспрадпрыемства “Сакаўшчына-агра” атрымалі ключы ад пяці аднакватэрных жылых дамоў.

Працягваецца будаўніцтва 12-кватэрнага жылога дома для працаўнікоў ААТ “Суднікаўскі”. Па Прэзідэнцкай праграме пачата будаўніцтва 5 жылых дамоў у аграгарадку Пяршаі для работнікаў аднайменнага сельгаспрадпрыемства. Пашыраецца мікрараён забудовы ў канцы вуліцы Савецкай у Валожыне. Тут з’явілася новая будаўнічая пляцоўка 60-кватэрнага дома для членаў жыллёвага будаўніча-вытворчага кааператыва “Мара”.

 

Пасля ліпеньскага ўрагану прыбавілася незапланаванай работы работнікам лясгаса. Больш за ўсё пацярпелі лясныя масівы ў Пяршайскім лясніцтве. Дзясяткі гектараў патрэбна ачысціць ад буралому. Калі месячная нарыхтоўка драўніны складае 10 тысяч метраў кубічных, то літаральна за некалькі хвілін ветравал “дапамог” нарыхтаваць 5,5 тысячы кубаметраў.

Можна сказаць, што натуральна “злажыла” 14 гектараў лесу ля вёскі Баравікоўшчына. Яшчэ вядуцца работы па ачыстцы 120 гектараў лесу ад смецця і на 98-і гектарах праводзяцца санітарныя высечкі.

 

 

З 5 па 9 жніўня Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт “Гасцінец” з Ракава прымаў удзел у ХХIV Міжнародным фестывалі фальклору ў польскім горадзе Шчэгам. Арганізатары фестывалю папрасілі падрыхтаваць чатыры розныя праграмы, з якімі нашы землякі выступалі на канцэртных пляцоўках горада.

Разам з ракаўчанамі ў фестывалі прымалі ўдзел гурты з Перу, Егіпта, Новай Зеландыі і два польскія калектывы. У адзін з дзён “Гасцінец” паспеў выступіць на свяце фарэлі ў іншым польскім гарадку. Асноўныя расходы па камандзіраванню дваццаці чалавек на фестываль у Польшчу ўзяў на сябе райвыканкам.

 

Народны гурт народнага гумару “Дубінскія фанабэры” пад кіраўніцтвам Валерыя Мазуры ў мінулыя выхадныя зрываў заслужаныя апладысменты на свяце з нагоды 60-годдзя пасёлка Чысць у Маладзечанскім раёне. Артысты-аматары з нашага раёна выступалі ў канцэртнай праграме разам з Беларускім дзяржаўным ансамблем народнай песні “Свята” Белдзяржфілармоніі.

З пачатку жніўня культработнікі раёна далі 14 канцэртаў на жніве. Выступалі яны прама ў полі ў кароткі час абеду перад хлебаробамі ААТ “Лоск”, вытворчага ўчастка “Дорскі” ТАА “Тарасава”, ААТ “Агра-Дубінское” і ААТ “Багданаўскае”.

 

З 10 па 20 жніўня пераможцы V Рэгіянальнага конкурсу-пленэру “Зямля і неба Фердынанда”, які ладзіцца ў нашым раёне, знаходзяцца ў Польшчы, куды атрымалі запрашэнне да ўдзелу ў Міжнародным семінары юных мастакоў.

Разам са сваімі равеснікамі з Расіі, Украіны, Літвы і Польшчы Кацярына Навіцкая, Яна Кірвасы, Кацярына Буйлава і Уладзіслаў Іваноўскі, выхаванцы Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў, будуць развіваць мастацкія здольнасці пры дапамозе выкладчыкаў Варшаўскай акадэміі мастацтваў. Удзел у семінары для юных мастакоў стаў магчымы пры падтрымцы раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Польска Мацеж Школьна”.



Добавить комментарий