Лясныя дары – на кантроль

Закон и порядок

За 2014 год было даследавана 187 проб грыбоў, з іх з перавышэннем дапушчальнага ўзроўню цэзію-137 – 36 проб. Пробы грыбоў былі сабраны каля вёсак Дайнава, Скрундзеўшчына, Сівіца, Рудня, пас. Першамайскі. Пры норме 370 Бк/кг перавышэнне ў сярэднім склала ў 2-17 разоў.

Таксама даследавана 87 проб ягад, з іх з перавышэннем дапушчальнага ўзроўню – 10 проб. Яны былі сабраны каля вёсак Сівіца, Рудня. Пры норме 185 Бк/кг перавышэнне склала ў 1,5-3 разы.

Па здольнасці назапашваць цэзій-137 грыбы ўмоўна можна падзяліць на чатыры групы:

  1. Акумулятары: гаркуха, каўпак кольчаты (курачка), грыб польскі, масляк, махавікі. У пладовых целах гэтых грыбоў нават пры забруджванні глебы, блізкім да фонавага значэння (0,1-0,2 Кu/км2), утрыманне цэзію-137 можа перавышаць дапушчальны ўзровень (370 Бк/кг). Таму збіраць грыбы гэтай групы не рэкамендуецца.
  2. Моцнаназапашвальныя: грузды, ваўнянкі, зялёнка, рашэтнік, сыраежкі. Збіраць грыбы гэтай групы дапускаецца пры шчыльнасці забруджвання глебы да 1 Кu/км2 з абавязковым радыёметрычным кантролем.
  3. Сярэдненазапашвальныя: лісічка сапраўдная, радоўка шэрая, баравік, падбярозавік, падасінавік, смаржок, рыжык.
  4. Слабаназапашвальныя: апенькі, грыб-парасонік, порхаўкі, шампіньёны.

Нарыхтоўку грыбоў, якія адносяцца да сярэдне- і слабаназапашвальных радыяцэзій груп, рэкамендуецца праводзіць у лясах са шчыльнасцю забруджвання глебы да 2 Кu/км2 з абавязковым радыёметрычным кантролем.

Зменшыць утрыманне цэзію-137 у грыбах можна выкарыстоўваючы розныя спосабы кулінарнай апрацоўкі. Найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца: адварванне, вымочванне свежых грыбоў, вымочванне і наступнае адварванне сушаных грыбоў.

Па інтэнсіўнасці зніжэння ўтрымання цэзію-137 пры адварванні грыбы можна згрупаваць наступным чынам: група 1 – падасінавік, падбярозавік, баравік; група 2 – махавік, рашэтнік, польскі грыб; група 3 – зялёнка, падзялёнка, грузды. Час кіпячэння, неабходны для зніжэння ўтрымання цэзію-137 у два разы, складае: для групы 1 – 30 хвілін; для групы 2 – 6-8 хвілін; для групы 3 – 4-5 хвілін. Для зніжэння актыўнасці ў грыбах у 8 разоў іх варта адварыць 3 разы са зменай вады пасля кожнай варкі, пры гэтым працягласць кожнага кіпячэння павінна адпавядаць указанаму часу.

Выкарыстанне солі, сталовага воцату ці лімоннай кіслаты на выхад радыенуклідаў з грыбоў не ўплывае, затое грыбы лепш захоўваюць таварны выгляд і харчовую каштоўнасць. Папярэдняе замарожванне грыбоў не ўплывае на зніжэнне ўтрымання цэзію-137 пры адварванні.

Пры вымочванні пласціністых грыбоў (зялёнка, грузды, радоўкі і інш.) на працягу 12 гадзін дасягаецца зніжэнне ўтрымання цэзію-137 у 1,5-2 разы. Вымочваннем на працягу 2-3-х сутак са зменай вады праз кожныя 12 гадзін можна дасягнуць зніжэння ўтрымання цэзію-137 у 4-6 разоў.

Пры вымочванні сушаных грыбоў час, неабходны для зніжэння ўтрымання цэзію-137 у 2 разы, складае 6-12 гадзін. Наступнае адварванне вымачаных грыбоў праводзяць з той жа працягласцю, што і для свежых грыбоў дадзенага віду. Двухразовае вымочванне і наступнае двухразовае адварванне сушаных грыбоў змяншае ўтрыманне цэзію-137 у 8-10 разоў. Максімальнага зніжэння ўтрымання цэзію-137 у сушаных грыбах можна дамагчыся шляхам іх 2- ці 3-разовага вымочвання і наступнага 2- ці 3-разовага вымочвання і наступнага 2- ці 3-разовага адварвання.

Вялікая просьба! Правярайце ўсе сабраныя дарункі лесу на тэрыторыі нашага лясгаса, нават калі яны сабраны ў зоне, якая не падвержана радыеактыўнаму забруджванню. Неабходную інфармацыю вы можаце атрымаць на сайце лясгаса і па тэлефоне 55093.

Людміла ЧЭРНІК,

інжынер-радыёлаг ДЛГУ “Валожынскі лясгас”



Добавить комментарий