Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Падчас штогадовай дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы – школе” прафкам райспажыўтаварыства прыняў рашэнне выдзеліць сёлета на аднаго школьніка з мнагадзетных, няпоўных і малазабяспечаных сем’яў сваіх работнікаў па 150 тысяч рублёў.

Такую падмогу атрымаюць 32 сям’і, дзе выхоўваюцца 65 дзяцей.

 

Напярэдадні новага навучальнага года чарговы аўтобус “ПАЗ-32053” на 22 месцы набыў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Гэты аўтобус трынаццаты па ліку ў аўтапарку аддзела. Надпіс на ім будзе “Дзеці”, а не “Школьны”, як раней.

Новы аўтобус аранжавага колеру з праблісковымі маячкамі, устаноўленымі на даху, будзе дастаўляць дзяцей у Яршэвіцкі вучэбна-педагагічны комплекс.

 

У райспажыўтаварыстве новы начальнік гандлёвага аддзела. Іна Іванаўна Цімаховіч пераведзена з пасады начальніка ўчастка арганізацыі рознічнага гандлю. У гэтым калектыве І. І. Цімаховіч не навічок. Пачынала працаваць 17 гадоў таму прадаўцом у адным з магазінаў, затым была касірам, бухгалтарам, таваразнаўцам.

У штаце раённага спажывецкага таварыства адноўлена пасада вядучага інжынера па якасці. З трэцяга жніўня да работы прыступіла выпускніца Магілёўскага ўніверсітэта харчавання Сняжана Мухляда. У абавязкі маладога спецыяліста ўваходзіць здзяйсненне кантролю за захаваннем санітарных норм і правіл на аб’ектах гандлю, грамадскага харчавання і вытворчасці.

 

 У мінулую нядзелю ў 20.33 у РАНС паступіла паведамленне пра пажар у вёсцы Сакаўшчына. Калі пажарнае аддзяленне прыбыло на месца здарэння, то адкрытым агнём ужо гарэў дах неэксплуатуемай (высветлілася пазней) драўлянай прыбудовы да зернясклада.

Агонь пашкодзіў сцены, дзвярное палатно і драўляныя канструкцыі даху, знішчыў 20 квадратных метраў шыфернага пакрыцця. Сам будынак зернясклада, пабудаваны ў 1960 годзе, не пацярпеў. Мяркуемая прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём. Праводзяцца праверкі.

 

 За час летніх канікулаў запланавана было аздаравіць 1435 школьнікаў раёна: 800 хлопчыкаў і дзяўчынак у лагерах з дзённым знаходжаннем і 595 – у кругласутачных летніках. Мяркуецца, што гэта ўмоўная лічба будзе перакрыта за кошт пуцёвак, прадастаўленых бацькам па месцы іх работы.

У жніўні працуюць тры лагеры з дзённым знаходжаннем на базе Пугачоўскай, Ракаўскай і Івянецкай сярэдніх школ, дзе аздараўліваюцца 72 школьнікі. Днямі вярнуліся са стацыянарных лагераў “Дружба” ў Дзяржынскім раёне і “Лясная казка” ў Вілейскім 45 дзяцей. А 20 вучняў з Івянецкай, Ракаўскай, Багданаўскай СШ, валожынскіх гімназіі і СШ № 2 20 жніўня паехалі на адпачынак у лагер “Крыніца” на базе дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Надзея” на Вілейшчыне.

 

 Паціху назапашваюцца экспанаты для будучага музея Фердынанда Рушчыца, які плануецца адкрыць у пасёлку Багданаў. Яму выдзелены пакой у былым будынку Багданаўскага сельвыканкама, перададзенага на баланс аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Выраблены модульны стэнд з шасці частак, на якім адлюстравана гісторыя населенага пункта і багданаўскі перыяд жыцця і творчасці знакамітага мастака. Аплаціла яго выраб, а таксама 5 рэпрадукцый карцін мастака з калекцыі Літоўскага мастацкага музея ў Вільнюсе Пасольства Польшчы ў нашай рэспубліцы.

 

 Валожынскі сельскагаспадарчы прафесіянальны ліцэй, як і ўсе навучальныя ўстановы раёна, падрыхтаваны да прыёму навучэнцаў. За лета тут зроблены значны рамонт у інтэрнаце, часткова набыты новая маёмасць і абсталяванне.

Рамонт спальных блокаў пачаўся летась. Тады па дагаворы-падрадзе былі адрамантаваны 5 блокаў. Гэтым летам – яшчэ столькі ж. Адпаведна, значна палепшыліся ўмовы пражывання іншагародніх навучэнцаў. За летнія месяцы таксама зроблены рамонт кухні. Адрамантаваны дзве газавыя пліты на чатыры канфоркі, заменены ракавіны. Будуць устаноўлены новыя апрацоўчыя сталы. 19 жніўня рабочыя маладзечанскай фірмы, якая выйграла тэндар, прыступілі да ўстаноўкі шафаў-купэ ў спальных пакоях. Новы выгляд набыла таксама вучэбная цырульня, якая знаходзіцца ў інтэрнаце. А ў дадзены момант рамонтныя работы вядуцца ў класе, дзе праводзіцца навучанне Правілам дарожнага руху.



Добавить комментарий