Смела крочыць уперад

Культура

«Судьба играет человеком, а человек играет на трубе…» Менавіта гэты выраз усплыў з глыбінь памяці падчас сустрэчы з вядомым у Валожынскім раёне і далёка за яго межамі бізнесменам, гаспадаром сядзібы “Ганка”, што ў вёсцы Эпімахі Ракаўскага сельсавета. Анатолій Мікалаевіч ГАНЕЦ, дарэчы, і на трубе іграе, і акардэон у яго руках ажывае і гучыць дзівоснай музыкай.

– Анатолій Мікалаевіч, Вам напэўна вядома, што Валожынская зямля нарадзіла ці ў свой час давала прытулак значнай колькасці неардынарных асоб, стаўшых вядомымі і ў Беларусі, і ў іншых краінах свету. Магчыма гэты факт натхняе Вас на дасягненне поспеху ў той справе, якой сталі займацца, пасяліўшыся ў нашым раёне?

– А чаму не? Зямля, якую ва ўсім свеце звязваюць з такімі імёнамі, як Сымон Будны, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Фердынанд Рушчыц, Шымон Перэс, сапраўды аказвае магічнае ўздзеянне на тых, хто яе палюбіць. Яна наталяе здольных і працавітых людзей магутнай сілай, дазваляе праз працу, рызыку, уменне валодаць сабой дабівацца здзяйснення задуманага. Я ўдзячны Валожыншчыне, асабліва яе чароўнаму кутку – Ракаву і яго наваколлю, за тое, што ў даволі сталым узросце, пасля многіх вандровак і выпрабаванняў займеў тое месца, якое з упэўненасцю называю – мой дом.

 

– Як адбылося, што гарадскі чалавек, які нарадзіўся і вырас у сталіцы, меў прыбытковы, перспектыўны бізнес у сферы медыцынскіх тэхналогій, раптам набыў надзел зямлі і стаў сельскім жыхаром?

– Па-першае, бізнес нікуды не дзеўся, ён дзейнічае, развіваецца, толькі займаюцца ім адпаведныя людзі, мая ж функцыя як гаспадара – кантроль. Па-другое, што тычыцца гарадскога і вясковага жыцця… Нарадзіўся я і доўгі час жыў у Мінску. Але ж мае бацькі былі родам з вёскі, бацька – з Барысаўшчыны, маці – з Уздзеншчыны. З самых ранніх гадоў я наведваўся да бабуль і дзядуляў, з задавальненнем праводзіў у еднасці з прыродай канікулы. Працы вясковай не цураўся. Рана навучыўся палоць, касіць, калоць дровы. З мясцовымі хлапчукамі збіраў грыбы, ягады. Нават першы бізнес, дарэчы медыцынскі, зрабіў у дзяцінстве. Мы збіралі, сушылі і здавалі ў аптэку лекавыя расліны – васількі, рамонкі…

 

– Успаміны дзяцінства вярэдзяць душу?

– А як жа! Добра памятаю, як аднавяскоўцы маіх дзядулі і бабулі з боку маці збіраліся на бяседу. Кругом прыгажосць – справа лес, злева Бярэзіна. Гутарка пажылых людзей, простых, але цікавых была добра зразумелай нам, дзецям. Асабліва краналі аповеды франтавікоў, былых партызан. Яшчэ адзін успамін з дзяцінства – як адвячоркам вясковы статак у суправаджэнні стомленых, але шчаслівых пастухоў вяртаецца дадому… З якой ласкай сустракалі сваіх карміцелек сем’і! Мне, малому, здавалася, што жывёлы разумеюць сваю значнасць і трошкі важнічаюць перад гаспадарамі. У гэтых успамінах адчуванне сапраўднага жыцця без падману і штучнасці.

 

– Тады ў дзяцінстве не ўзнікалі думкі аб тым, каб заняцца сельскай гаспадаркай?

– У той час мая душа разрывалася паміж спортам і музыкай. Я ўсур’ёз займаўся лёгкай атлетыкай, веласпортам. Нават стаў кандыдатам у майстры спорту. Але ж ігра на любімым інструменце захапляла больш. Скончыў музычную школу па класе акардэона, пазней стаў займацца вакалам. У старэйшых класах мы з хлопцамі стварылі свой ВІА і мелі значны поспех, асабліва ў дзяўчат, калі выходзілі на сцэну падчас школьных вечароў. Далей была вучоба ў кансерваторыі, служба ў якасці дырыжора ў ваенным аркестры.

 

– Але ж Анатолій Мікалаевіч Ганец – дыпламаваны інжынер!

– Нягледзячы на цягу да музыкі, я сябраваў і з матэматыкай, і з фізікай. У тым заслуга бацькоў, яны стараліся развіваць мяне і братоў усебакова. У цяжкі час перабудовы тыя веды спатрэбіліся. Я быў ужо жанаты і ў першую чаргу імкнуўся забяспечыць сям’ю. Прафесія інжынера ў сэнсе перспектыў і даходаў выглядала больш прывабнай, і я паступіў у Растоўскі інжынерна-тэхнічны інстытут. Пазней зацікавіўся інавацыйнымі тэхналогіямі ў сферы медыцыны, прымаў удзел у стварэнні новых прыбораў і апаратаў. Калі некалькі маіх распрацовак атрымалі станоўчыя адзнакі пасля клінічных выпрабаванняў, задумаўся аб уласнай фірме. На доўгія гады медыцынскі бізнес авалодаў маімі думкамі і памкненнямі. Мне здавалася, што шлях, па якім я крочу, самы аптымальны для мяне. Не думаў, што лёс падкіне перамены.

 

– Калі я ўпершыню пачула аб такім накірунку прадпрымальніцкай дзейнасці, як агратурызм, не магла ўявіць, што валожынскія краявіды і мясцовы побытавы каларыт стануць прывабліваць гасцей з розных куткоў свету. Як Вам удалося прадбачыць перспектыўнасць гэтай справы і заняць у ёй сваю нішу?

– Мы ў свой час здорава рызыкнулі. Толькі адбылося ўсё не адразу. Я купіў старэнькую хатку ў вёсцы Эпімахі па просьбе сваіх пажылых бацькоў. Планавалася дача, на якую можна было б прыехаць выхаднымі, трошкі адпачыць, падыхаць паветрам. Але мая цешча, якая нарадзілася і жыла на Каўказе ў курортным горадзе, першай выказала ідэю стварэння сядзібы і прапанавала прымаць гасцей. Гэта разумная і празорлівая жанчына ўжо тады разважала крэатыўна: чаму б не заняцца справай, якая мабілізуе ўсе здольнасці кожнага з нас і стане не проста забавай, а сур’ёзнай справай.

 

– І сёння гэта Ваш сямейны бізнес?

– Нішто так не збліжае людзей, як агульны занятак. У нас дружная каманда блізкіх і па крыві, і па інтарэсах людзей. Гэта мы з жонкай, нашы дзеці з сем’ямі, сваты. Кожны робіць тое, што больш умее, да чаго ляжыць душа. Прыняць людзей, да таго ж іншаземцаў, якія аб’ехалі ўвесь свет і маюць жаданне праз нас пазнаёміцца з Беларуссю, – вялікая адказнасць. У вачах еўрапейцаў плюс, калі справу арганізуе сям’я.

 

– Зараз Ваша сядзіба працуе і развіваецца ў накірунку падзеевага турызму. Што гэта такое?

– Так, зараз наша “Ганка” – гэта не лазня, і “не шашлычок пад каньячок”. Гэта мноства цікавых мерапрыемстваў: вечары камернай музыкі, джазавыя канцэрты, спартыўныя і інтэлектуальныя спаборніцтвы, камандастваральныя трэнінгі, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў многіх фірм. Маюць поспех тэматычныя мерапрыемствы з выкарыстаннем тэатралізацыі, абрадавых дзеянняў. Мы стварылі сваю “батлейку”, у нас дзейнічае рэтра-бэнд “Вясёлы настрой”.

 

– Адзін у полі не воін… Як лічыце, наколькі гэта прымаўка справядлівая?

– На сто працэнтаў! Гэта тычыцца і асабістага жыцця, і прафесійнай дзейнасці. Чаму, напрыклад, гаспадары аграсядзіб Валожыншчыны занялі лідзіруючыя пазіцыі сярод сваіх калег з іншых раёнаў? Таму што ў свой час аб’ядналіся, стварылі так званы кластар і сталі дапамагаць адзін аднаму. Разышоўшыся па паслугах, якія прапаноўваем гасцям, мы пазбавіліся непатрэбнай канкурэнцыі. Калі коратка гаварыць, то навошта здзіўляць адным і тым жа, калі таленты і магчымасці маем розныя? Адзін спецыялізуецца на кулінарыі, другі пазнаёміць з дзівосамі жывёльнага свету, трэці прапануе нейкі экстрым, а чацвёрты арганізуе сустрэчу з цікавымі людзьмі і г. д.

 

– Звычайна людзі больш любяць гаварыць пра тое, што атрымалася, але ж спіс няздзейсненага мае кожны. Напэўна, і ў Вашым жыцці былі не толькі ўзлёты?

– Канечне, былі падзенні. Як без іх? Але я лічу так: упаў, падняўся, а ў руках ужо штосці маеш, і ў галаве новы, яшчэ больш каштоўны вопыт пацясніў папярэдні. Пастаяў, апрытомеў – і ўперад, за работу над памылкамі.

 

– Што дапамагае перажываць моманты няўдач?

– На шчасце, я не страціў здольнасці смяяцца. Ды і ўся мая сям’я – гумарысты і гарэзы. Любім розыгрышы, так званыя “падколкі”, добрыя анекдоты. Смех, асабліва ў кампаніі аднадумцаў, здымае напружанне, збліжае, дорыць сапраўдны рэлакс. Усім раю адкідаць футляры паказной саліднасці і непатрэбнай важнасці, пасмяяцца над сабой і, стаўшы маладзейшымі і душой, і целам, смела крочыць уперад да любімай справы, якую сапраўды ўмееце рабіць, да людзей, якія вам цікавыя.

 

– Пры такой занятасці ці маеце час на хобі? Што цікавіць, захапляе, на што можаце патраціць час, грошы?

– Любоў да блізкіх не перашкаджае мне даражыць тымі даволі рэдкімі момантамі, калі магу пабыць у адзіноце, проста пахадзіць па сцяжынках “Ганкі”, пачытаць… Мяне цікавяць рэчы з гісторыяй. Валодаю некалькімі рарытэтамі і вельмі даражу імі. Гэта, у першую чаргу, наш фамільны самавар, які нават у партызанах пабываў. У інтэр’ер дома добра ўпісалася камода, якая калісьці належала самому Фёдару Іванавічу Шаляпіну.

 

– Я ведаю пра Ваша захапленне паэзіяй.

– Цаню трапны, таленавіты вершаваны радок. І сам, як кажуць, трошкі “прыхварэўшы”. Раней пісаў толькі для сябе, а зараз уменне спраўляцца з рыфмамі выкарыстоўваю пры стварэнні сцэнаряў нашых мерапрыемстваў. Гэта шчасце, калі ёсць магчымасць рэалізоўваць свае здольнасці.

 

– Дарослы мужчына, які піша вершы, проста не можа не быць рамантыкам. Вашы адносіны да такіх пачуццяў, як каханне, дружба?

– Я сапраўды рамантык. Але ў маім разуменні рамантыка – не летуценні на галодны страўнік, а праца дзеля стварэння дабрабыту і прыгажосці, якія абавязкова знойдуць водклік у сэрцы таго, аб кім усе думкі, мары. Не разумею тых, хто сцвярджае, што не верыць у каханне. Думаю, гэта халодныя і чэрствыя людзі. Любіць кагосьці цяжка, лягчэй карыстацца. Але гэта шлях да адзіноты. А я не хачу быць пакінутым і пакрыўджаным на ўвесь свет. Здаецца, мая жонка Ларыса падзяляе гэтыя погляды, таму разам мы ўжо 35 гадоў! Веру і ў дружбу. Маю сапраўдных сяброў. Іх няшмат. У нармальным жыцці часцей так і бывае. А вось тысяча першы сябар у “аднакласніках” можа каго і парадуе, толькі я ў такія гульні не гуляю. Мне сурагат не патрэбен.

 

– Ваш асноўны жыццёвы прынцып?

– Мужчына сказаў, мужчына зрабіў. І гэта, ні ў якім разе, не два розныя мужчыны!

 

– Што можаце пажадаць жыхарам Валожыншчыны, якія прачытаюць гэту старонку?

– Верце ў сябе, цаніце тых, хто вас любіць, прыслухоўвайцеся да парад мудрых і своечасова рабіце вывады.

 

– Анатолій Мікалаевіч, шчыра дзякую за тое, што знайшлі час для сустрэчы! Спадзяюся, нашы чытачы яе ацэняць.

Гутарыла

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *