Свая зямля — вось што аснова…

Общество

Наш раён займае тэрыторыю ў 191678 гектараў. Амаль палова, а іменна 92243 гектары, знаходзіцца ў сельскагаспадарчым абароце. І прыкладна 2,5 працэнта ад гэтай колькасці выдзелена пад сялянска-фермерскія гаспадаркі.

На пачатак жніўня на Валожыншчыне зарэгістраваны 46 прыватнікаў у сферы “малога” бізнесу на зямлі. Найбольш прыцягальнай для фермераў стала Ракаўская зона. Тут “прыпісалася” 14 юрыдычных асоб, якія распачалі ўласную сельскагаспадарчую справу. Накірункі дзейнасці – самыя разнастайныя. Але перавага аддаецца раслінаводчай галіне, на якой спецыялізуюцца 22 фермеры. Яны вырошчваюць агародніну, зерневыя, кветкі, займаюцца садаводствам. Не менш шырока прадстаўлена і жывёлаводчая сфера. Дзве гаспадаркі спецыялізуюцца на рыбалоўстве, ёсць і тыя, хто разводзіць коней, авечак, птушак, пчол. Праўда, на рынак са сваёй прадукцыяй прыходзяць не ўсе. Некаторыя пладамі сваіх рук забяспечваюць толькі ўласную сям’ю.

“Магнатаў”, якія могуць адыгрываць значную ролю ў эканоміцы раёна, набярэцца хіба што з дзясятак. У ліку самых паспяховых сялянска-фермерскіх гаспадарак – “Монькі”, “Гардынава”, “Коні-поні”, “Тры кані”, “Дворышча”, “Дзіўны сад”, “Сілін”, “Экафлора”, гаспадаркі І. І. Нехвядовіча, Б. Э. Менцюка, В. В. Дудчанкі.

Цікава, што колькасць атрыманай фермерам у арэнду зямлі не з’яўляецца паказчыкам паспяховасці. Напрыклад, В. А. Ашуркевіч апрацоўвае ўсяго 54,4 гектара, але яго “Дзіўны сад” стабільна і прыбыткова развіваецца. У сельгасабароце аднаго з “піянераў” фермерства ў раёне М. В. Сіліна зараз 421,5 гектара зямлі. І. І. Нехвядовіч клапоціцца і мае добрую аддачу з плошчаў у 886,2 гектара. Магчыма, што іх сакрэт у тым, што яны даўно не навічкі ў справе. Але вопыт, як вядома, назапасіць можна, асабліва калі жаданне ёсць.

Мяркуючы па назвах, якія фермеры раёна даюць сваім гаспадаркам, здагадваешся, як яны іх любяць: “Воблачка”, “Ляскоўская Заманіха”, “Выганічанка”, “Ракаўскі арэшнік”, “Над Іслаччу”, “Шчодрая крыніца”, “Дзеці сонца”, “Жывадар”, “Мядовая каралева”, “Пятроўская старонка”, “Фазаныч”, “Ура”.

Гледзячы на шыкоўныя дамы ў сельскай мясцовасці, добраўпарадкаваныя двары і дарогі, прыпомнілася, што ў пачатку ХХ стагоддзя сімвалам цяжкага жыцця беларускага селяніна была драма Янкі Купалы “Раскіданае гняздо”. Зараз на нашай зямлі “радавыя гнёзды” закладваюцца. І хочацца спадзявацца, што гэта з’ява будзе набіраць папулярнасць.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий