С. У. АРЦЮКЕВІЧУ на працягу года тры разы даводзіцца мяняць род сваіх заняткаў

Общество

Пастаяннае месца працы Сяргея Уладзіміравіча – ААТ “Агра-Дубінское”. Зімой руплівец працуе качагарам на малочна-таварным комплексе “Дубіна Вяршыцкая”. З вясны да позняй восені ў яго абавязках – выпас малочнага статка ў 200 галоў. Аднак з гэтай справай Сяргей Уладзіміравіч расстаецца, калі пачынаецца ўборачная кампанія.

Падчас жніва С. У. Арцюкевіч становіцца аператарам комплексу “Лідарай” КЗСВ-30 Г. Сучасная ўстаноўка чысціць і прасушвае каласавыя, зернебабовыя культуры, кукурузу і рапс. У дзень хлебаробы гаспадаркі прывозяць сюды ў сярэднім 180 тон зерня.

Каб вызначыць працягласць прасушкі, Сяргей Уладзіміравіч для пачатку вылічвае вільготнасць новага ўраджаю, насыпаючы жменю зярнят у міні-вільгацямер “Pfeuffer” нямецкай вытворчасці. Гэта разумная электронная прылада мае адпаведную праграму для кожнага віду раслін.

Зернеачышчальна-сушыльны комплекс працуе на газавым паліве. Таму аператарам тут можа быць толькі вельмі адказны і ўважлівы чалавек. Да таго ж падтрымліваць ідэальны стан новага абсталявання Сяргею Уладзіміравічу дапамагае яго спецыяльнасць газаэлектразваршчыка, калісьці атрыманая ў адным з мінскіх вучылішч.

Старанны С. У. Арцюкевіч з поспехам асвоіў сучасны комплекс КЗСВ-30 Г. Працуе сумленна, без нараканняў. У літаральным сэнсе ён на нагах – цэлыя суткі. Праца пазменная, па 24 гадзіны з 8 раніцы да 8 раніцы. Вытрымаць такі графік можа толькі фізічна моцны мужчына, які дбае не толькі пра ўласнае, але шчыра перажывае і клапоціцца пра агульную справу.

Загарэлага пад пякучым сонцам да цёмна-карычневага адцення, зморанага мужа і тату з нецярпеннем чакае з працы дружная сям’я. Жонка Валянціна Станіславаўна – аператар машыннага даення на ферме “Дубіна Юрздыцкая” – заўсёды сытна накорміць і прыгалубіць. Парадуюць сваімі поспехамі дзеці. Сяргей Уладзіміравіч – шчаслівы бацька 4 дачок.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий