Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

Тэл. 55679                             Velcom 3933728

  

Даступнасць, хуткасць і якасць работы Інтэрнэту забяспечыць у кожнай кватэры сучасны оптавалаконны кабель. На працягу 2015-2017 гадоў ён будзе падведзены літаральна ва ўсе дамы па вуліцах Партызанскай і мікрараёна Папоўка. Пра гэта расказаў начальнік вузла электрасувязі В. У. Барадака.

У Валожыне ўжо падключаны 168 абанентаў кааператыўных домоў №№ 126, 128, 130 па вуліцы Савецкай. Сувязісты плануюць сёлета ў кастрычніку падключыць яшчэ 672 кватэры. Оптавалаконны кабель будзе пракладзены ў дамы па вуліцы Партызанскай, пачынаючы з 36 і па 10, а таксама ў дом № 51 па вуліцы Савецкай. На гэта выдаткуюць прыкладна 3,5 мільярда ўласных сродкаў. На чарзе – мікрараён Сельгастэхніка.

Кіраўнік мяркуе, што да 2020 года ва ўсе дамы райцэнтра пракладуць пасіўныя аптычныя сеткі па тэхналогіі XPON.

 

На працягу ліпеня-жніўня рамонтныя работы вядуцца ў будынку Адамоўскага фельчарска-акушэрскага пункта.

Гаспадарчым спосабам у гэтай медыцынскай установе мяняюць драўляную падлогу. На гэтыя мэты выдаткаваны 21 мільён рублёў.

 

Замену звычайных электралямпачак у месцах агульнага карыстання, якімі з’яўляюцца лесвічныя клеткі ў пад’ездах жылых дамоў, тамбуры і нават калідоры падвалаў, на святлодыёдныя свяцільні здзяйсняюць электрыкі РУП “Валожынскі жылкамунгас”. Магутнасць іх усяго 7 Вт, што робіць такія свяцільні надзвычай эканамічна выгаднымі. Вытворца гарантуе пры спрыяльных умовах тэрмін эксплуатацыі 8 тысяч гадзін ці прыкладна 4 гады.

У гэтыя летнія месяцы ўстаноўлена ўжо 125 святлодыёдных свяцільняў: у двух пад’ездах дома № 4 па вуліцы Партызанскай, у дамах №№ 6А і 36 па гэтай жа вуліцы, у доме № 29 па вуліцы Чапаева. Кошт адной лямпачкі новага пакалення 142 тысячы 800 рублёў. Галоўны энергетык РУП “Валожынскі жылкамунгас” Алена Рыгораўна Саевіч дадала, што запланавана сёлета адпрацаваць замену свяцільняў у дамах №№ 8 і 16 па вуліцы Партызанскай, №№ 29А і 37 па вуліцы Чапаева, у некаторых жылых дамах па вуліцы Міру.

 

 600 кілаграмаў яблыкаў і 100 кілаграмаў груш закупілі валожынскія кааператары для рэалізацыі ў фермерскай гаспадарцы “Дзіўны сад”. Гэта першыя “ластаўкі” мясцовай садавіны. Сёлетні год у нашым раёне надзвычай неўраджайны на яблыкі. У садах на дрэвах практычна пуста. А вось “Дзіўны сад” аказаўся багаты такой вітаміннай прадукцыяй.

У аддзеле нарыхтовак раённага спажывецкага таварыства расказалі, што нарыхтоўка садавіны і агародніны ідзе паспяхова. У 2,5 раза больш, чым летась, нарыхтавалі і адправілі на перапрацоўку і рэалізацыю чарніц. Стаўку робяць на закуп прадукцыі ад насельніцтва. На 20 жніўня закупілі 11,3 тоны бульбы, 42 тоны агуркоў, 30 тон капусты, 22,1 тоны таматаў, 2,5 тоны морквы і 2,1 – буракоў, 7,3 тоны цыбулі і 160 кілаграмаў часнаку. Дарэчы, кааператары паспяхова вытрымліваюць цэнавую канкурэнцыю з рыначнымі прадаўцамі і прыватнымі крамамі, што не можа не радаваць пакупнікоў.

Закладка прадукцыі на зіму ў стабілізацыйны фонд пачнецца крыху пазней. На дадзены момант не даведзены яшчэ нават планавыя заданні. А вось агароднінасховішча ўжо рыхтуюць да закладкі садавіны і агародніны. Памяшканне пабелена, вядзецца касметычны рамонт.

 

У пачатку жніўня ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” раённага цэнтра культуры былі запрошаны на свята вёскі Міхайлоўшчына Ашмянскага раёна. Гэта невялікая вёсачка дала жыццё кіраўніку літаб’яднання Валянціне Гіруць-Русакевіч, адтуль яе вытокі.

В. Гіруць-Русакевіч чытала свае вершы, гучалі песні, напісаныя на яе вершы. Іх аўтар – член “Руні” Людміла Краснадубская, якая выконвала і іншыя песні. Не толькі ўласныя песні дарыў гаспадарам свята і Станіслаў Пупко. У той дзень адбылася прэм’ера песні “Восень” на словы Ганны Канановіч. Таксама ў жніўні В. Ф. Гіруць-Русакевіч пабывала на сустрэчы з чытачамі Гальшанскай сельскай бібліятэкі Ашмянскага раёна. У цёплай камернай абстаноўцы яна пазнаёміла гальшанцаў са сваёй творчасцю, сваімі кнігамі, адказвала на шматлікія пытанні.



Добавить комментарий