Не пакiнуць сам-насам з бядой

Закон и порядок

Праблема насілля ў сем’ях хвалюе псіхолагаў, з ёй змагаюцца супрацоўнікі міліцыі, сутыкаюцца медыкі. Не застаецца ўбаку і пракуратура. Аб тым, якая работа па выкараненні злачыннасці на сямейна-бытавой глебе вядзецца, мы папрасілі расказаць намесніка пракурора раёна С. А. ГАБРУКОВІЧА.

– Сяргей Анатольевіч, напачатку гутаркі ахарактарызуйце агульны стан злачыннасці ў раёне.

– Пракуратурай падведзены вынікі за паўгоддзе гэтага года. Трэба адзначыць станоўчую дынаміку зніжэння колькасці злачынстваў, расце працэнт раскрыцця, а паказчык узроўню рэцыдыву – адзін з самых нізкіх у вобласці. Між тым, назіраецца “скачок” злачынстваў, які ўчыняюцца ў стане алкагольнага ап’янення.

– Вось мы і падышлі да галоўнай праблемы некаторых сем’яў – п’янства. Барацьба з гэтым сацыяльным злом нагадвае будаўніцтва камунізму – поспехі ёсць, а канчатковай мэты дасягнуць немагчыма. У чым прычына?

– На жаль, сацыяльныя заганы суправаджалі і будуць суправаджаць чалавецтва заўсёды, але гэта не азначае, што з імі трэба мірыцца. Па выніках праверкі прадпрыемстваў АПК устаноўлена, што дзе-нідзе дапускаюцца факты паяўлення работнікаў на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Калі начальства глядзіць на п’яніц скрозь пальцы, то хіба можна гаварыць аб сур’ёзнай барацьбе? Пракуратурай вынесена 5 прадпісанняў у адносінах да адказных службовых асоб за неналежнае выкананне сваіх абавязкаў. Алкагалізм – праблема не толькі сацыяльная, але і медыцынская. Год у нашай раённай бальніцы пасада ўрача-нарколага і ўрача-псіхіятра заставалася вакантнай, што не дазваляла ў поўнай меры рэалізоўваць прафілактычныя мерапрыемствы. Але з 10 жніўня гэтага года патрэбны спецыяліст у раёне з’явіўся.

– Уявім сітуацыю: алкаголік тэрарызуе жонку, дзяцей. Ці можна з такой праблемай звяртацца ў пракуратуру?

– Звяртацца ў пракуратуру нікому не забараняецца. Але ў падобным выпадку лепш патурбаваць участковага і паставіць пытанне аб накіраванні на лячэнне і перавыхаванне ў ЛПП. Калі ж справа даходзіць да пабояў, здзекаў, пагроз жыццю, то можна звярнуцца ў праваахоўныя органы з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы.

Звычайна людзі распачынаюць іх у тым выпадку, калі ўжо няма сілы цярпець або калі існуе рэальная пагроза жыццю ці здароўю. Праўдзівасць звестак абавязкова правяраецца, а заведамае скажэнне фактаў і нагавор караецца па законе.

– Хто найчасцей становіцца ахвярай хатняга садыста?

– Звычайна жанчыны, і часта, як не балюча гэта гаварыць, насіллю падвяргаецца самы дарагі і блізкі чалавек для кожнага – маці. Нядаўна ў адной з вёсак сын так збіў матулю, што зламаў ёй руку. Пры высвятленні абставін злачынства было ўстаноўлена, што жанчына часам ушчувала сына за тое, што ён злоўжывае алкаголем, нідзе не працуе, вымагае ў яе грошы. Крытыка выклікала ў сына злосць і агрэсію. У судзе сістэматычнасць пабояў і нанясенне цялесных пашкоджанняў былі даказаны, мужчына пакараны арыштам на тры месяцы.

Ад рук сына пацярпела і жанчына 1938 года нараджэння. Мужчына неаднаразова трапляў у поле зроку праваахоўнікаў, прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Усе факты сведчылі аб тым, што ён сістэматычна здзекуецца з маці. Узбуджана крымінальная справа.

– Пракуратура як орган, які стаіць на ахове інтарэсаў грамадзян, можа ўмяшацца ў сямейны скандал?

– Нядаўна пракуратурай узбуджана крымінальная справа супраць мужчыны, які абліў сваю сужыцельку кіпнем. Яна з цяжкімі апёкамі толькі на наступны дзень была дастаўлена ў бальніцу. Пацярпелая не збіралася падаваць на свайго крыўдзіцеля ў суд, паколькі цалкам ад яго залежыць: не мае ўласнага жылля, сваякоў, з’яўляецца інвалідам. Аднак зло павінна карацца, і мужчына панясе адказнасць. Да таго ж з ім будзе праведзена і пэўная выхаваўчая работа.

– Выходзіць, што некаторыя злачынствы на сямейна-бытавой глебе можна папярэдзіць?

– Калі ўчастковы інспектар міліцыі добра ведае людзей, кантралюе тых, хто схільны да антыграмадскіх паводзін, то вынік адчуваецца. Ахвярам дамашніх тыранаў не трэба баяцца расказваць пра свае праблемы. Магчыма, так вы папярэдзіце вялікую трагедыю. Крымінальная адказнасць прадугледжана і для тых, хто выказвае пагрозы аб расправе ў адрас іншага чалавека, асабліва калі такія дзеянні суправаджаюцца дэманстрацыяй нажа ці зброі. Памятайце, што дэбашыр “геройствуе” толькі перад слабым праціўнікам. Супрацьпастаўце яму закон і грамадскасць. А пракуратура заўсёды падтрымае таго, хто трапіў у бяду.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий